У Радуні дзецям радасць

- 10:49Людзі адукацыі

Асаблівасць жыцця ў невялікім населеным пункце ў тым, што тут кожны адно аднаго ведае.

А калі ты з’яўляешся загадчыкам дашкольнай установы адукацыі, дык цябе, як кажуць, ведае і стары і малы. Алена Іванаўна Учкуроніс — загадчык не проста дашкольнай установы, а Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў гарадскім пасёлку Радунь. Дарэчы, адзінай такой установы ў Воранаўскім раёне.

І яшчэ адна акалічнасць — ва ўзросце 25 гадоў яе прызначылі кіраўніком тады яшчэ дзіцячага садка. І такі давер Алена Іванаўна апраўдала.

— Упершыню ў раёне створана ўстанова новага тыпу, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама Алена Ганевіч. — Дзякуючы нястомнай энергіі загадчыцы, яе вялікай зацікаўленасці ў рабоце, пастаяннаму пошуку новага, быў створаны калектыў аднадумцаў, які пастаянна дасягае высокіх вынікаў — неаднаразова быў пераможцам раённага конкурсу на лепшую ўстанову дашкольнай адукацыі.

На базе ДЦРД створаны два рэсурсныя цэнтры — па інфарматызацыі і “Папярэджанне і пераадоленне маўленчых парушэнняў у дзяцей”. У iнфармацыйна-метадычным цэнтры для выхавальнікаў створаны рабочыя месцы, абсталяваныя камп’ютарамi, якія аб’яднаны ў лакальную сетку, у старшых групах выкарыстоўваюць інтэрактыўную дошку, ёсць два мультымедыйныя праектары. Але гэтыя тэхнічныя новаўвядзенні, калі яны не напоўнены жаданнем педагогаў працаваць па сучасных метадах, застануцца проста наборам тэхнічных сродкаў. Галоўнае, каб імкненне працаваць па-новаму было ў людзей. Напрыклад, тут стварылі свае электронныя дэманстрацыйныя комплексы па навучанні пісьменнасці. Зараз задумаліся аб стварэнні комплексаў па музыцы “А музыка гучыць”. Палічылі, што ў гэтым ёсць вялікая патрэба.

— Алена Іванаўна сама такі прыклад усяго новага, цікавага, сучаснага, што побач з ёй немагчыма застацца раўнадушным, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Вольга Пуйша. — Яна пастаяна штосьці прапаноўвае, ну а калі загадчыца штосьці задумала, то і ўвесь калектыў не адступіць. Нашай Алене Іванаўне адмовіць немагчыма. Яна да кожнага падбярэ свой ключык.

Бацькі ў невялікай Радуні не менш патрабавальныя, чым у вялікім горадзе, і нашы дзеці заслугоўваюць не менш, чым дзеці ў вялікіх гарадах, — такі прынцып работы калектыву ДЦРД. Вялікую ўвагу ўдзяляюць тут і рабоце з бацькамі, папячыцельскі савет актыўны. На сайце ДЦРД можна ўбачыць шмат падзяк бацькам выхаванцаў за дапамогу па добраўпарадкаванні, за ўдзел у мерапрыемствах. А традыцыйны дзень адкрытых дзвярэй пераўтварыўся ў тыдзень, таму што аднаго дня, каб паказаць усю работу цэнтра, не хапае. Тут лічаць, што бацькі павінны ведаць і бачыць усё, быць удзельнікамі выхаваўчага i адукацыйнага працэсу.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Радуні з’яўляецца першапраходцам многіх пачынанняў. “Матчына школа” працуе тут з 2009 года, і яе паслугі вельмі запатрабаваныя. Зусім нядаўна, як тут кажуць, для асцярожных бацькоў, з’явілася гувернёрская паслуга, калі выхавальнікі прыходзяць дадому да дзіцяці і знаёмства адбываецца ў прывычных для яго ўмовах. Практыкуюць і магчымасць азнаямляльнага перыяду, калі дзіця можа прыйсці ў групу на дзве гадзіны. Яшчэ адно новаўвядзенне — святкаванне дня нараджэння сярод сяброў. Супрацоўнікі цэнтра арганізоўваюць свята ці ў цэнтры, ці дома ў выхаванца. Відэасправаздача з мерапрыемстваў, з заняткаў абавязкова застаецца на памяць бацькам, а выконвае яе супрацоўніца цэнтра. І робіцца гэта бясплатна. Для развіцця маўлення практыкуюць эйдатэхніку. А яшчэ з гэтага года дзеткі пачалі займацца англійскай мовай. Вядзе заняткі настаўнік з Радунскай сярэдняй школы.

Лёс звязаў А.І.Учкуроніс з педагагічнай прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве: мама яе ўсё жыццё працавала настаўніцай, прадаўжае педагагічную дзейнасць і зараз, нягледзячы на пенсійны ўзрост. У дзяцінстве Алена вельмі любіла слухаць маміны апавяданні пра тое, як яна пачынала працаваць настаўніцай у сельскай школе, як віталі яе на вуліцы: “Добры дзень, настаўніца!” Такія ж словы пачула і сама Алена Іванаўна, калі пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Лідскага педагагічнага вучылішча папрасілася не ў гарадскую школу, а ў вясковую — Доцішкаўскую базавую школу ў сваім родным Воранаўскім раёне. І гэты час лічыць часам станаўлення сябе як педагога, часам, калі яна вучылася і вельмі адказнаму мастацтву адносін з калегамі, вучнямi і іх бацькамі. У Доцішках Алена пазнаёмілася і са сваім мужам, разам яны выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшая дачка ўжо студэнтка БДЭУ, сярэдняя вучыцца ў Радунскай сярэдняй школе, а пяцігадовы Глеб — мамін выхаванец у прамым і пераносным сэнсе — наведвае дашкольны цэнтр.

— З чаго пачынаецца рабочы дзень загадчыцы?

— З люстэрка, — усміхаецца Алена Іванаўна. — Я заўсёды гавару сваім калегам, што дзетак і бацькоў трэба сустракаць прыгожымі, акуратна апранутымі і ў добрым настроі. А калі сур’ёзна, з абходу кожнай групы, гутаркі з супрацоўнікамі, вырашэння штодзённых пытанняў, пытання “Як справы, як настрой?”.

На працягу дня ў групы Алена Іванаўна зазірне некалькі разоў.

Марыя Верамейчык, якая аддала педагагічнай справе больш за 40 гадоў, успамінае, як пачынала дзейнасць загадчыцай А.І.Учкуроніс. Малады кіраўнік падкупіла і жаданнем працаваць, і сваёй адукаванасцю, і жаданнем пераймаць вопыт старэйшых калег і прыслухоўвацца да іх, пастаянна вучыцца, і сваім паважлівым стаўленнем да кожнага члена калектыву.

— Яна кіраўнік строгі, але справядлівы, уважлівы да іншых, — гаворыць Марыя Віктараўна. — З ёй хочацца працаваць.

Калектыў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці хоча не проста працаваць, а працаваць з перспектывай, творча. У планах — добраўпарадкаванне і далейшае азеляненне тэрыторыі, якое з дапамогай бацькоў вядуць на працягу некалькіх гадоў. Адна з апошніх задумак — развіццё логікі і матэматычных здольнасцей дзяцей сродкамi набору Лега. Дзеткі з Радуні будуць вучыцца і развівацца так, як патрабуе час, бо іх выхавальнікі на чале з А.І.Учкуроніс лічаць свой цэнтр другой сям’ёй, а сваіх выхаванцаў — самымі лепшымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.