У Мінску ў межах Рэспубліканскай канферэнцыі Scratch Conference Belarus — 2020 для педагогаў, якія вучаць школьнікаў праграмаванню, адбыўся фінал адкрытага конкурсу “Мая Scratch-гісторыя” і прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Адкрыты конкурс для педагогаў “Мая Scratch-гісторыя” праводзіцца штогод з мэтай абагульнення і папулярызацыі лепшых практык арганізацыі вучэбнага працэсу па навучанні праграмаванню ў асяроддзі Scratch у рамках адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”. Арганізатарамі гэтых спаборніцтваў выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі і адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій.
Сёлета конкурс праходзіў з 11 лістапада 2019 года па 31 студзеня 2020 года ў два этапы па трох намінацыях: “Scratch-гісторыя: мой дэбют” (для педагогаў, якія першы год вучаць школьнікаў праграмаванню ў асяроддзі Scratch), “Scratch-гісторыя: вопыт майстра” (для педагогаў, якія маюць вопыт выкладання праграмавання ў асяроддзі Scratch, большы за тры гады) і “Міжнародны дзень Scratch” (для педагогаў, якія выкладаюць Scratch- праграмаванне ад года да трох гадоў).
Усяго на конкурс паступіла 136 заявак, прычым 44 з іх — ад прадстаўнікоў устаноў адукацыі Міншчыны. Па выніках разгляду работ журы для ўдзелу ў заключным этапе былі адабраны па 5 фіналістаў у кожнай намінацыі. Фіналісты прадставілі свае работы ў форме публічнай абароны, прадэманстраваўшы і сваю педагагічную апантанасць, і аратарскае майстэрства, і ўменне трымацца на публіцы, і гумар. Дарэчы, выступленні канкурсантаў выклікалі вялікую цікавасць у прысутных.
— Вельмі рады, што ў Беларусі знайшліся смелыя энтузіясты, якія змаглі дасведчана ўпісаць вывучэнне Scratch у школьную праграму і пазнаёміць школьнікаў з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі праз стварэнне ўласных гульняў і мульцікаў. Спадзяюся, што гэты пазітыўны вопыт развіцця школьнай адукацыі змогуць пераняць педагогі суседніх краін і кантынентаў, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў спаборніцтваў, старшыня журы конкурсу, вядомы расійскі Scratch-евангеліст, аўтар кніг і заснавальнік платформы з анлайн-курсамі па дзіцячым праграмаванні на Scratch Дзяніс Голікаў.
У выніку па рашэнні журы спаборніцтваў у намінацыі “Мой дэбют” перамагла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Наталля Віктараўна Гарчычка, 2-е месца — у настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага Людмілы Леанідаўны Хаміцэвіч і 3-е месца — у настаўніцы інфарматыкі і матэматыкі Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна Алены Янаўны Моўчыкавай.
У намінацыі “Вопыт майстра” 1-е месца заняла настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 34 Гродна Таццяна Уладзіміраўна Худзік, 2-е месца — настаўніца інфарматыкі і матэматыкі сярэдняй школы № 12 Оршы Наталля Рыгораўна Снытко і 3-е месца — настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Бабруйска Вадзім Аляксандравіч Фурс.
У намінацыі “Міжнародны Scratch-дзень” перамогу святкавалі настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Азярэчанскай сярэдняй школы Клецкага раёна Таццяна Пятроўна Папко (1-е месца), настаўніца інфарматыкі гімназіі Драгічына Ірына Лявонцьеўна Шаляговіч (2-е месца) і настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Возерскай сярэдняй школы Уздзенскага раёна Людміла Канстанцінаўна Гвоздзева (3-е месца).
— Уразіў не маштаб конкурсу, хоць ён грандыёзны, а мэта — прыцягнуць да дзіцячага праграмавання як мага больш педагогаў. Нашых дзяцей трэба вучыць праграмаваць з дзяцінства, бо наперадзе — лічбавая будучыня. Так мы падрыхтуем платформу для развіцця ўласнай краіны. Гэтую задачу дакладна разумее Парк высокіх тэхналогій і з дапамогай сваёй падтрымкі ў выглядзе бясплатных вучэбных курсаў, распрацоўкі праграм і факультатываў для школ накіроўвае нашу адукацыю ў рэчышча лічбавізацыі. А Scratch як найбольш даступнае праграмаванне, на мой погляд, павінна прыйсці ў кожную школу. Scratch развівае логіку і алгарытмічнае мысленне ў дзяцей, ствараючы выдатную базу для вывучэння ў старшых класах іншых моў праграмавання, — падзялілася сваімі ўражаннямі пераможца конкурсу настаўніца Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Наталля Віктараўна Гарчычка.
З віншавальнымі словамі да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч і ўручыў начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяне Валянцінаўне Апраніч “Scratch-падзяку” за натхненне педагогаў Міншчыны займацца ўнікальнымі праектамі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Марыі АРЭХ.