У рэчышчы сістэмнага і канструктыўнага дыялогу

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі І.В.Карпенка наведаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе азнаёміўся з дзейнасцю ўніверсітэцкай залы судовых пасяджэнняў і Інстытута Канфуцыя, а таксама сустрэўся са студэнцкім актывам у фармаце адкрытага дыялогу.

У 2014 годзе на юрыдычным факультэце пры падтрымцы эканамічнага суда Брэсц­кай вобласці была адкрыта зала судовых пасяджэнняў, на базе якой праводзяцца выязныя судовыя пасяджэнні з удзелам студэнтаў, семінарскія і практычныя заняткі ў форме гульнявых пасяджэнняў, дыстанцыйныя конкурсы кшталту мут­-корту (гульнявога судовага працэсу). Гэта дазваляе лепш падрыхтавацца і адаптавацца да будучай прафесійнай дзейнасці.

Інстытут Канфуцыя быў адкрыты ў БрДУ імя А.С.Пушкіна мінулай восенню. Яго партнёрам з кітайскага боку выступае Аньхойскі ўніверсітэт, выкладчыкі якога вядуць моўныя курсы для розных катэгорый слухачоў. Матэрыяльна-­тэхнічная і вучэбная база Інстытута Канфуцыя дазваляе паспяхова вырашаць і задавальняць многія адука­цыйныя задачы і запыты. Інстытуцкая бібліятэка налічвае каля трох тысяч кніг.

“Веданне замежных моў збліжае народы ў розных сферах, — адзначыў І.В.Карпенка. — Мы ўсяляк падтрымліваем моўную разнастайнасць у адукацыйным працэсе. Нашы партнёры адказваюць узаемнасцю. Так, у Кітаі дзейні­чаюць 11 цэнтраў па вывучэнні беларускай культуры. У сваю чаргу айчынныя спецыялісты стварылі лінейку падручнікаў па вывучэнні кітайскай мовы. У Беларусі складваецца нацыянальная метадычная школа выкладання гэтай мовы”.

У пачатку адкрытага дыялогу міністр адзначыў, што ў сістэ­ме вышэйшай школы выбудаваны сістэм­ны і канструктыўны дыялог са студэнтамі. “Ужо другі раз сустракаюся са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, — расказаў І.В.Кар­пенка. — І заўсёды ініцыятыва зыходзіць непасрэдна ад іх. Мы ўсяляк падтрымліваем развіццё студэнцкага самакіравання, паколькі студэнты — актыўныя суб’екты адукацыйнага працэсу, якія ўдзельнічаюць у жыцці ўніверсітэта, пачынаючы ад яго савета і заканчваючы пазавучэбнымі мерапрыемствамі, арганізаванымі праз клубы, спартыўныя секцыі, творчыя калектывы, навуковыя таварыствы”.

Міністр адзначыў, што ў Беларусі завяршаецца работа над канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. На думку І.В.Карпенкі, меркаванні студэнтаў могуць унесці пэўны ўклад у павышэнне якасці гэтага дакумента, па якім будзе працаваць і развівацца сістэма адукацыі ў найбліжэйшай будучыні. Акрамя таго, сёння рыхтуецца дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва. Міністэрства адукацыі — адзін з яе распрацоўшчыкаў.

“На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці дзейнічае Маладзёжны пат­рыятычны цэнтр, які ў перспектыве можа набыць статус рэспубліканскага, — паведаміў міністр. — Назапашаны пэўны вопыт у галіне дапрызыўнай падрыхтоўкі, правя­дзенні патрыятычных мерапрыемстваў, дзейнасці патрыятычных класаў і кадэцкіх вучылішчаў. Сістэ­ма адукацыі не павінна стая ць на месцы. Мы пастаянна шукаем новыя практыкі, падыходы і методыкі, якія дазваляюць эфектыўна праца­ваць у патрыятычным (і не толькі) выхаванні моладзі. Вельмі важна, каб малады чалавек пас­ля школы выйшаў у самастойнае жыццё ў трох галоўных якасцях: грамадзя­ніна, сем’яніна і прафесіянала”.

І.В.Карпенка засяродзіў увагу таксама на навацыях, звязаных са зменамі ў Кодэксе аб адукацыі. “Выпускнікі школы павінны адчуваць патрэбу ў пастаянным самаўдасканаленні, фарміраванні і развіцці кампетэнцый, неабходных для паспяховай сацыялізацыі і працоўнай дзейнасці, — заўважыў міністр. — Вялікая ўвага ўдзя­ляецца мадэрнізацыі адукацыі, у прыватнасці, яе лічбавізацыі, пашырэнню дыстанцыйных форм атрымання адукацыі. Але пры гэтым варта памятаць, што дыстанцыйнае навучанне ніколі не заменіць класна-­ўрочную сістэму, паколькі школа выконвае сацыяльную і выхаваўчую функцыю”.

Адказваючы на пытанне, звязанае з адукацыйнай міграцыяй моладзі, І.В.Карпенка сказаў, што не бачыць у гэтым асаблівай праблемы. “Калі адукацыйная міграцыя прыводзіць да паляпшэння якасці ведаў і наступнага вяртання на радзіму, то гэта добра, — лічыць міністр. — Задача дзяржавы — стварыць належныя ўмовы для ранняй прафарыентацыі школьнікаў і замацавання кадраў з улікам запытаў рынку працы”.

І.В.Карпенка расказаў пра вялікую работу па папярэджанні фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паразважаў над вытокамі патрыятызму, кампетэнцыямі сучасных спецыялістаў, мінусамі камп’ютарызацыі… Міністр прызнаўся, што ў вольны час аддае перавагу плаванню, хадзь­бе і веласіпедным прагулкам, і падзяліўся рэцэптам стрэсаўстойлівасці, які заключаецца ў змене відаў дзейнасці і разумнай арганізацыі працоўнага часу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.