У рэчышчы сучасных тэндэнцый

- 10:41Планёрка ў рэгіёне, Рознае

“На працягу пяці гадоў колькасць устаноў адукацыі Мядзельскага раёна скарацілася на 23%, вучняў, зразумела, таксама стала менш — на 213. Закрыліся некаторыя малакамплектныя школы, на сёння ў раёне няма ўстаноў адукацыі з напаўняльнасцю да 25 навучэнцаў. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 14 чалавек. Эканамічны эфект ад праведзеных у 2015 годзе мерапрыемстваў па аптымізацыі ўстаноў адукацыі склаў 458,7 млн рублёў”, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама Таццяна Генадзьеўна Яфімава.

—У 2015/2016 навучальным годзе ў раёне функцыянавала 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаліся 2669 школьнікаў, — адзначыла Таццяна Генадзьеўна, — а таксама 9 устаноў дашкольнай адукацыі і 6 вучэбна-педагагічных комплексаў, дзе рэалізоўваюцца праграмы дашкольнай адукацыі (іх наведваюць 787 дзяцей), 1 установа спецыяльнай адукацыі і 1 установа дадатковай адукацыі.

— Якія вы можаце назваць пазітыўныя тэндэнцыі ў сістэме дашкольнай адукацыі раёна?

— Ахоп навучаннем дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў склаў на Мядзельшчыне 79,2% пры сярэднім паказчыку па вобласці 66,4%. Дзеці пяцігадовага ўзросту поўнасцю ахоплены падрыхтоўкай да навучання ў школе. Функцыянуе 18 новых форм дашкольнай адукацыі для 133 дзяцей, у тым ліку 4 адаптацыйныя групы, 4 мацярынскія школы, 6 прагулачных груп, 3 групы ранішняга знаходжання, 1 сезонная пляцоўка. Вынікам мэтанакіраванай работы па аздараўленні і фізічным развіцці дашкольнікаў стала зніжэнне іх захваральнасці (сярэдні паказчык пропуску ўстановы адным дзіцем за 2015 год склаў 1,4 дня). Пастаянна вядзецца работа па павелічэнні забяспечанасці ўстаноў дашкольнай адукацыі сродкамі выхавання, навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. На пачатак 2015—2016 года гэты паказчык склаў 78,01%.

— Раскажыце, калі ласка, пра мерапрыемствы па развіцці профільнага навучання ў школах раёна.

— З 2014 года пачалі адраджацца профільныя (педагагічныя) класы і групы педагагічнай накіраванасці. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама, гімназіяй-інтэрнатам Мядзела, мядзельскай сярэдняй школай № 1 імя У.М.Дубоўкі, Мядзельскім яслямі-садам — сярэдняй школай заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. У 2015/2016 навучальным годзе адкрыты 4 профільныя педагагічныя групы (для 26 вучняў 10 класа і для 7 вучняў 11 класа) на базе гэтых устаноў.

Умацоўваецца і матэрыяльна-тэхнічная база школ. За апошнія пяць гадоў пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі пастаўлена сучаснае абсталяванне для кабінетаў фізікі ў чатыры ўстановы адукацыі раёна. За сродкі мясцовага бюджэту ў гімназію-інтэрнат Мядзела набыты камплекты для LEGO-канструявання. На базе гэтай установы створаны кабінет па робататэхніцы.

— Таццяна Генадзьеўна, якімі дасягненнямі школьнікаў ганарацца сёння ў раёне?

— У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, фізіцы, беларускай мове і беларускай літаратуры, інфарматыцы прынялі ўдзел чатыры нашы навучэнцы, якія адзначаны дыпломамі ІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Гэта вучні гімназіі-інтэрната Кірыл Жалезны, Уладзімір Кавяка, Дзіяна Атарава і вучань мядзельскай сярэдняй школы № 1 імя У.М.Дубоўкі Ігар Балюк.

На XXVII Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела Алена Грыгалёнак і Таццяна Кавалёнак заваявалі дыплом I ступені, а Дзяніс Марач — дыплом II ступені. Ён атрымаў таксама дыплом I ступені на нацыянальным этапе Міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу і дыплом II ступені на XX Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў у секцыі “Біялогія”.

Выбудоўваецца сістэма навучання школьнікаў асновам эканамічных ведаў, ва ўстановах праводзяцца адпаведныя факультатыўныя заняткі, дзейнічаюць бізнес-кампаніі. У абласным этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці вучань 11 класа нарацкай сярэдняй школы № 2 Уладзіслаў Шалкоўскі атрымаў дыплом ІІІ ступені, а затым і на рэспубліканскім этапе — таксама дыплом ІІІ ступені.

У снежні 2015 года Андрэй Маліноўскі, Вадзім Валасевіч з 6 класа гімназіі-інтэрната Мядзела з работай “Робат-пыласос” сталі пераможцамі І Абласнога конкурсу па робататэхніцы “Дарога ў будучыню”, які праходзіў на базе факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. На заключным этапе Рэспубліканскага турніру-спаборніцтваў па робататэхніцы сярод навучэнскай і студэнцкай моладзі гэтыя ж гімназісты былі ўдастоены дыплома IІІ ступені. Дыпломамі I і IІІ ступені ўзнагароджаны чацвёра навучэнцаў гімназіі ў заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Belarus.

Настаўнікі фізічнай культуры Занарацкай сярэдняй школы і Сырмежскага дзіцячага сада — сярэдняй школы падрыхтавалі вучняў да ўдзелу ў складзе зборнай каманды Мінскай вобласці ў дзіцячым лёгкаатлетычным свяце, якое стала заключным этапам рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для каралевы”, якое наведаў кіраўнік дзяржавы. У выніку каманда Мінскай вобласці заняла 1-е месца, яе ўдзельнікі па выніках спаборніцтваў былі ўзнагароджаны сертыфікатамі, медалямі і дыпломамі І ступені. Кожны ўдзельнік свята атрымаў падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — ролікавыя канькі.

Павышаецца якасць работы СДЮШАР. У 2015 годзе імі падрыхтаваны 1 кандыдат у майстры спорту, 11 пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, у найвышэйшае звяно падрыхтоўкі вылучаны 5 навучэнцаў спартыўных школ.

У 2014/2015 навучальным годзе вучні нарацкай сярэдняй школы № 2 прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Планета без адходаў” і сабралі каля 30 тон макулатуры, апынуўшыся на 1-м месцы.

На Абласным конкурсе выяўленчай творчасці “Бяспечная праца — мая шчаслівая будучыня” дыпломам I ступені ўзнагароджана Вікторыя Кузьміч з Занарацкай сярэдняй школы, а Ангеліна Лапата са Свірскай сярэдняй школы разам са сваім кіраўніком Валянцінай Валянцінаўнай Вярбіцкай на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” атрымала дыплом IІІ ступені.

Надзея ЦЕРАХАВА.