У рэдакцыйна-выдавецкай установе “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” новы дырэктар

- 17:25Актуально, Апошнія запісы

На гэтым тыдні кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Кацярыны Эдуардаўны Дубінскай на пасаду дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. Прадстаўляючы новага кіраўніка калектыву, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што Кацярына Эдуардаўна — прафесійны журналіст і паспяховы кіраўнік.

Разам з тым міністр выказаў па­дзяку былому дырэктару Вадзіму Аляксандравічу Кнышаву, які кіраваў выдавецкім домам апошнія 12 гадоў і нямала зрабіў для яго развіцця.

К.Э.Дубінская скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Першай практыкай студэнткі журфака была работа ў дзіцячай газеце “Зорька”, першым працоўным месцам — маладзёжная газета “Знамя юности”. Кацярына Эдуардаўна вяла аўтарскую рубрыку ў выданні “Советская Белоруссия”, была галоўным рэдактарам у статысячнай сталічнай газеце “Метро. Масква — Мінск”.

Прыдумала і выпускала часопіс для таленавітых дзяцей і падлеткаў “Качели”. Узначальвала інфармацыйны гарадскі партал “Агенцтва “Мінск-навіны”. Была галоўным рэдактарам газеты “Вячэрні Мінск”. Выбіралася дэпутатам Мінгарвыканкама, з’яўляецца членам “Беларускага саюза жанчын”. У 2019 годзе атрымала ўзнагароду “Залатая літара” ў намінацыі “За ўклад у журналістыку”, мае ганаровае званне “Заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь”.

У размове з калектывам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” міністр адукацыі адзначыў, што час патрабуе руху наперад. “Сёння запа­трабавана кароткая інфармацыя, таму вам трэба звярнуць увагу на развіццё свайго Telegram-канала і пашырыць яго аўдыторыю. “Настаўніцкая газета” павінна стаць асноўнай дыялогавай пляцоўкай, дзе педагогі маглі б абмяркоўваць надзённыя праблемы, дзяліцца прафесійнымі дасягненнямі”, — заўважыў Ігар Карпенка.

Міністр падкрэсліў важнасць работы карэспандэнцкіх пунктаў “Настаўніцкай газеты”, якія працуюць у кожным рэгіёне, бо яны даюць магчымасць быць максімальна блізкімі да чытача.

Сёння Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” — гэта шэсць выданняў (“Настаўніцкая газета”, газеты “Переходный возраст”, “Домой”, часопісы “Народная асвета”, “Спорт time”, “Партал педагагічнай прэсы”). Мы ёсць у сацыяльных сетках: у Facebook, Telegram, “УКантакце”, Instagram. І, канечне, мы гатовы рухацца наперад, быць сучаснымі і адпавядаць усім запытам нашых чытачоў.

У сваім звароце да калег Кацярына Эдуардаўна адзначыла, што перад “Педагагічнай прэсай” стаіць важная задача — дапамагаць педагогам у навучанні і выхаванні маладога пакалення, якое будзе далей развіваць нашу дзяржаву. “Мы павінны аб’яднаць усе намаганні дзеля будучыні краіны”, — сказала К.Э.Дубінская.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.