Фінал рэспубліканскага конкурсу сярод маладых сем’яў “Я — прафсаюзная сям’я” прайшоў надоечы на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Такі конкурс быў праведзены ўпершыню, яго арганізатарам выступіў Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Праграма знаходжання ўдзельнікаў конкурсу ў Мінску была насычанай: 8 маладых сем’яў сустрэліся са старшынёй галіновага прафсаюза Таццянай Якубовіч, прайшлі інтэнсіўную падрыхтоўку да фіналу, паўдзельнічалі ў майстар-класах.
У дзень фінальных выпрабаванняў у актавай зале Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка было шумна. Маладыя прафсаюзныя сем’і з ліку педагогаў (па адной ад кожнага рэгіёна нашай краіны і адна ад БДУ) прывезлі на конкурс самае дарагое ў жыцці: свае пачуцці, дасягненні і, зразумела, свой працяг — дзетак. Менавіта апошні факт надаў мерапрыемству незвычайную пяшчоту і шчырасць.
— Вы сёння ўсе пераможцы, — вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, зазначыла Таццяна Якубовіч, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. — У нашай краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца сем’ям. Упэўнена, што калі ў нашых сем’ях будзе лад і шчасце, то шчаслівай будзе і ўся краіна.
Па словах намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, сям’я — традыцыйная каштоўнасць нашага народа. Гэта і пацвярджалі маладыя прафсаюзныя сем’і, выходзячы на сцэну. У фінале ўдзельнікі паказалі сябе ў трох этапах выпрабаванняў: візітная картка, “жыццёвыя будні” (кожнай сям’і былі прадстаўлены розныя бытавыя сітуацыі, на якія на працягу хвіліны яны прапаноўвалі сваё рашэнне) і “ART-сям’я” (творчы конкурс).
Брэсцкую вобласць на конкурсе прадставіла сям’я Рэбкавец — Аляксандра і Даніла. Маладая пара паказала, у якой згодзе яны жывуць, як шануюць адно аднаго, як ім дапамагае той факт, што яны члены галіновага прафсаюза. А іх пяшчотны танец проста заваражыў залу. Сям’я Бакуновіч — Ірына, Кірыл і іх сын Арцём — прыехалі на конкурс з Віцебскай вобласці. Маладыя педагогі ўпэўнены: сям’я — гэта значыць разам. Ніякія перашкоды не страшныя, калі побач родны чалавек.
Настаўніца матэматыкі Дзіяна Рафальская і настаўнік фізкультуры і здароўя Максім Рафальскі з Гомельшчыны падзяліліся сваімі захапленнямі, галоўнае з якіх — футбол. А тое, як яны станцавалі франтавы вальс, паказала, што маладыя муж і жонка ўмеюць падтрымаць адно аднаго.
Гродзенскую вобласць на фінале конкурсу прадставіла сям’я Чарапок. Святлана — музычны кіраўнік у дзіцячым садзе, Ягор — настаўнік у трэцім пакаленні. У пары двое дзетак — Варвара і Серафім. Маладыя муж і жонка ўпэўнены, што самае важнае ў сямейным жыцці — быць шчаслівым у сваім доме.
З Мінскай вобласці на конкурс прыехала сям’я Арцюховых — Аліна, Ягор і іх маленькая дачка Ясенія. Муж і жонка працуюць у гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна, відавочна, што гэта вельмі творчыя і таленавітыя педагогі. Яны на фінале конкурсу паказалі невялічкі мюзікл пра гісторыю стварэння сваёй шчаслівай сям’і. Магілёўшчыну прадстаўляла сям’я Турэмскіх — Настасся, Андрэй і іх дачка Ева. Гісторыя іх сям’і цесна звязана з галіновым прафсаюзам, бо пазнаёміліся будучыя муж і жонка на конкурсе “Зорны шлях”, арганізаваным Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі. Іх творчы нумар быў вельмі хвалюючым: у вайсковай гімнасцёрцы Андрэй прачытаў верш “Безыменным героям”, а пасля запрасіў сваю Насцю на вальс Перамогі. Відавочна, што ў гэтай сям’і беражліва захоўваюць памяць пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Наталля і Уладзіслаў Тарасевіч прадставілі на фінале конкурсу сталіцу. Маладая пара запомнілася сваім відэа “Адзін дзень з жыцця сям’і”. Калі муж і жонка — педагогі, то гэта значыць, што іх дзень напоўнены зносінамі з дзецьмі і калегамі. Таму такой важнай з’яўляецца падтрымка роднага чалавека напрыканцы працоўнага дня.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіла сям’я Макарэвіч — Валерыя, Улад і іх дачка Мэрыем. Яны проста пакарылі журы, паказаўшы, якія каштоўнасці захоўваюць у сямейным чамадане: падтрымку і клопат, упэўненасць і абарону, радасць і любоў. Напэўна, гэта і стала тым фактарам, які дапамог ім перамагчы і атрымаць галоўны прыз конкурсу — сертыфікат на 1000 рублёў. Усе астатнія ўдзельнікі фіналу атрымалі дыпломы фіналістаў і сертыфікаты на 500 рублёў. Гэта важкі ўклад у бюджэт маладой педагагічнай сям’і.
Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі праводзіў конкурс з мэтай павышэння прэстыжу інстытута сям’і, умацавання маральных асноў у сямейных адносінах, стварэння ўмоў для паўнацэннага выхавання сацыяльна актыўнага, устойлівага падрастаючага пакалення. У перспектыве гэты конкурс стане штогадовым.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА