У рэжыме няспыннага развіцця

На базе ўстаноў адукацыі Баранавіч прайшоў двухдзённы абласны семінар начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў на тэму “Адукацыя рэгіёна як развіццёвая сістэма ў інтарэсах асобы”. Удзельнікі мерапрыемства і начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі азнаёміліся з эфектыўнымі напрацоўкамі баранавіцкіх педагогаў па павышэнні якасці адукацыі.

— Развіццё з’яўляецца каштоўнаснай асновай і прынцыпам існавання сістэмы адукацыі Баранавіч, — расказала начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.С.Салавей. — Развіццё адукацыйнай галіны залежыць ад шэрага фактараў. Першы — сусветныя тэндэнцыі развіцця адукацыі. Гэты фактар фарміруе свядомасць кіраўнікоў. На працягу апошніх 3 гадоў кіраўнікі ўстаноў адукацыі Баранавіч актыўна вывучалі эфектыўны вопыт работы калег з Германіі, Францыі, Швецыі, Чэхіі, Польшчы, Італіі, Фінляндыі, Украіны і Расіі.

Другі складнік развіцця абумоўлены тэндэнцыямі, патэнцыялам, напрамкамі і стратэгічнымі задачамі, вызначанымі Міністэрствам адукацыі Беларусі. Сёння ў Баранаві-чах апрабуецца пілотны праект нарматыўнага фінансавання. Дзякуючы яму не толькі ўзрос аўтарытэт сістэмы адукацыі горада, але і палепшыўся матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял школ, павысіўся прафесійны ўзровень кіраўнікоў, якія ўмеюць лічыць, прагназаваць і бачыць перспектывы развіцця.

— Вынікам рэалізацыі праекта стала ўмацаванне іміджу настаўнікаў праз павышэнне іх заробку, — адзначыла А.С.Салавей. — Ва ўстановах адукацыі пануе атмасфера канкурэнцыі на ўзроўні прафесійнага супрацоўніцтва. Новая форма карпаратыўнай культуры заснавана на разуменні не толькі адукацыйных, але і сацыяльна значных мэт развіцця.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзмацненню практычнай арыентацыі адукацыі. Сёлета Баранавічы далучыліся да праекта глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Праект — добрая магчымасць убачыць далейшыя перспектывы развіцця работы з дзецьмі ў рамках сусветных тэндэнцый, азнаёміцца з цікавым вопытам іншых краін і прадэманстраваць уласныя дасягненні.

Установы адукацыі Баранавіч актыўна ўдзельнічаюць у розных міжнародных і рэспубліканскіх адукацыйных праектах. Кожны з іх атрымлівае высокую ацэнку, што сведчыць пра актуальнасць выбраных тэм, мэтанакіраваную і сістэмную работу ўсіх педагогаў.

Сёння ва ўстановах адукацыі горада ўкараняецца электронная школа, якая дазволіць карэкціраваць недахопы ў ведах дзяцей, пашырыць межы ўрока і далучыць да адукацыйнага працэсу бацькоў. Адна з задач электроннай школы — адзін камп’ютар на аднаго вучня.

Па словах А.С.Салавей, актуальнай праблемай з’яўляецца занятасць дзяцей, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Асноўныя намаганні накіраваны на стварэнне нефармальнай структуры ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых ведамстваў. Сёння ў Баранавічах рэалізоўваецца гарадская комплексная праграма летняга аздараўлення “Дзіця ў зорнай сістэме канікул”, якая прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з соцыумам і ўключае разнапланавую дзейнасць, аб’ядноўвае розныя віды аздараўлення, адпачынку, працы, падарожжаў, спорту і турызму: школьныя аздараўленчыя летнікі дзённага (кругласутачнага) знаходжання, занятасць вучняў у школьных рознаўзроставых атрадах і часовая (аплатная) занятасць з удзелам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, атрады сацыяльнай дапамогі і па добраўпарадкаванні школьных тэрыторый, экалагічныя атрады, школьныя лясніцтвы, зялёныя і блакітныя патрулі, аздараўленне ў летніках на базе спартыўных школ і г.д.

— Важным складнікам развіцця з’яўляецца і стварэнне школы са сваім тварам — з уласнай канцэпцыяй развіцця і ўлікам лакальных праблем, запытаў і патэнцыяльных магчымасцей, — адзначыла А.С.Салавей. — Сёння ў Баранавічах працуюць ліцэй, 5 гімназій і 15 школ. Палова з іх рэалізоўваюць інавацыйныя праекты, 80% устаноў рых-туюць пераможцаў абласнога этапу і 60% — заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. У кожнай установе распрацаваны індывідуальны праект шостага школьнага дня. Установы адукацыі Баранавіч з’яўляюцца лепшымі ў вобласці па выніковай атэстацыі. Добрыя вынікі дэманструюць выпускнікі гарадскіх школ на цэнтралізаваным тэсціраванні. 22 вучні адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Усе дзеці займаюцца пазаўрочнай дзейнасцю на ўзроўні ўстаноў дадатковай адукацыі і школ. Ад 93% да 98% выпускнікоў ліцэя і 5 гімназій паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. За ўсімі дасягнутымі поспехамі стаіць карпатлівая праца 6 тысяч баранавіцкіх педагогаў. Важным паказчыкам даверу да адукацыйнай галіны горада з’яўляецца адсутнасць (за апошнія 2 гады) скаргаў з боку бацькоў па пытаннях арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і міжасобасных зносін паміж настаўнікамі і дзецьмі. Работа ўстаноў адукацыі выклікае давер і павагу ў прадпрыемстваў і арганізацый Баранавіч, якія аказваюць ім істотную фінансавую падтрымку.

Намеснік начальніка гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму С.С.Сідаровіч падзялілася вопытам работы ўстаноў адукацыі Баранавіч па падрыхтоўцы адораных вучняў да прадметных алімпіяд. Дзейнасць у гэтым напрамку пабудавана з улікам асаблівасцей айчыннай педагогікі і напрацаваных традыцый, інавацыйных падыходаў і прынцыпаў.

С.С.Сідаровіч прызналася, што раней структура падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд уяўляла сабой схему “адораны настаўнік — адораны вучань”. Сёння працэс вырошчвання адораных школьнікаў рэалізоўваецца ў спаборніцкай і развіццёвай дзейнасці. Так, працуе вочна-завочная школа алімпіяднага рэзерву па вучэбных прадметах. Яе задача заключаецца ў тым, каб на аснове банка даных вучняў — пераможцаў лакальных алімпіяд і пераможцаў розных этапаў мінулагодняй рэспубліканскай алімпіяды стварыць умовы для мэтанакіраванай падрыхтоўкі да спаборніцтваў другога, трэцяга і заключнага этапаў намаганнямі лепшых настаўнікаў-прадметнікаў алімпіяднага руху. Акрамя таго, да работы вочна-завочнай школы прыцягваюцца выкладчыкі з вышэйшай школы і педагогі-дублёры, якія прымуць эстафету ў падрыхтоўцы вучняў праз некалькі гадоў.

Змянілася псіхалагічная ўстаноўка педагогаў. Пашырылася разуменне таго, што настаўнік працуе не толькі з пэўным вучнем. Былі створаны ўмовы для выкарыстання прафесійнага патэнцыялу педагогаў у рамках работы з гарадской камандай.

Вызначаны рэсурсныя цэнтры як базы падрыхтоўкі да прадметных алімпіяд па розных напрамках. Так, гімназія № 1 з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па фізіцы, матэматыцы і астраноміі, гімназія № 2 — па беларускай мове, біялогіі і хіміі, гімназія № 3 — па рускай мове і геаграфіі, гімназія № 4 — па гісторыі, грамадазнаўстве і працоўным навучанні, гімназія № 5 — па інфарматыцы і замежных мовах. У ліцэі № 1 акумулюецца дзейнасць усіх рэсурсных цэнтраў па падрыхтоўцы да алімпіяд.

Створаны праект па псіхалагічнай самарэгуляцыі адораных дзяцей. Задача праекта — аказанне ім псіхалагічнай падтрымкі. Праект уключае мерапрыемствы, накіраваныя на работу з вучнямі, іх бацькамі і настаўнікамі, і абапіраецца на сучасныя псіхалагічныя методыкі.

У Баранавічах дакладна выбудавана сістэма лакальных гарадскіх алімпіяд, якая вылучаецца выверанай сэнсавай цыклаграмай і з’яўляецца асновай фарміравання ў вучняў у будучыні спецыяльных навыкаў і ўменняў па выкананні заданняў рэспубліканскай алімпіяды.

Па словах С.С.Сідаровіч, вынікі такой сістэмы работы відавочныя і прыносяць задавальненне ўсім удзельнікам алімпіяднага руху. Створаны банк даных вучняў з 3 класа, што дазваляе адсочваць і рэгуляваць дасягненні дзяцей як у развіццёвай, так і ў спаборніцкай плоскасцях. Павялічыліся колькасныя і якасныя паказчыкі ўдзелу ў абласных і заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

— Для агульнага поспеху неабходна, каб кожная ўстанова адукацыі мела свой твар і ўласную траекторыю развіцця ў пэўным напрамку, — лічыць С.С.Сідаровіч. — Напрыклад, у сярэдняй школе № 7 работа з адоранымі вучнямі не абмяжоўваецца толькі падрыхтоўкай да алімпіяд. Жаданне пашырыць межы зносін і паказаць дзецям, як можна развівацца творча і інтэлектуальна, прывяло педкалектыў да ўдзелу ў міжнароднай адукацыйнай праграме “Адысея розуму”. Мэта праграмы — развіццё крэатыўнасці шляхам вырашэння нестандартных праблем.

Пад кіраўніцтвам трэнераў каманда на працягу навучальнага года працуе над вырашэннем пэўнай праблемы, а затым дэманструе крэатыўнае рашэнне на спаборніцтвах, прычым па-англійску. Членамі каманды з’яўляюцца вучні з добрым веданнем замежнай мовы і нестандартным мысленнем. Для выступленняў на фестывалях школьнікі заўсёды выбіраюць маральна-этычныя праблемы і задачы гісторыка-гуманітарнай накіраванасці. На працягу 11 гадоў каманда вучняў “7 крокаў да поспеху” ўдзельнічае не толькі ў нацыянальных, але і ў еўрапейскіх спаборніцтвах, дзе заслужана атрымлівае высокія ўзнагароды.

Адным з цікавых напрамкаў дзейнасці гімназіі № 5 з’яўляецца адукацыйная робататэхніка, мэта якой заключаецца ў развіцці пазнавальнай актыўнасці вучняў шляхам стварэння дзеючых мадэлей робатаў, атрымання практычных навыкаў у галіне робататэхнікі, схематэхнікі, радыёэлектронікі і праграмавання мікракантролераў. Па выніках мінулагодняга абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “РобаФэст” каманда баранавіцкіх гімназістаў атрымала дыплом ІІ ступені. На сёлетнім Рэспубліканскім турніры-спаборніцтве па робататэхніцы сярод навучэнскай і студэнцкай моладзі гімназісты былі адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

З 2014/2015 навучальнага года ў гімназіі № 2 рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”. Тэхналогія цьютарскага суправаджэння забяспечвае тэрміновае індывідуальнае псіхалагічнае кансультаванне, якое дазваляе своечасова зняць эмацыянальнае і фізічнае перанапружанне вучняў. Гэта станоўча ўплывае на выніковасць вучэбных дасягненняў, у тым ліку алімпіяднага руху.

У гімназіі № 1 створана канцэпцыя работы з адоранымі дзецьмі, якая ўключае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і сістэму дыстанцыйнага навучання. Вынікам мэтанакіраванай дзейнасці з’яўляюцца высокія дасягненні ў алімпіядным руху.

З году ў год павялічваецца колькасць дыпломаў, атрыманых школьнікамі Баранавіч у заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды: у 2014 годзе — 16, у 2015 го-дзе — 21, у 2016 годзе — 23.
Загадчыца гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета А.А.Новік гаварыла пра інавацыйную дзейнасць ва ўстановах адукацыі Баранавіч:

— Інавацыі абнаўляюць педагагічную дзейнасць і павышаюць якасць адукацыі, забяспечваюць канкурэнтаздольнасць устаноў адукацыі на рынку адукацыйных паслуг, улічваюць дзяржаўны сацыяльны заказ у галіне адукацыі. Гэта надзвычай актуальна ў сучасных умовах развіцця грамадства. Сёння ва ўстановах адукацыі горада распрацоўваюцца і ўкараняюцца педагагічныя і кіраўніцкія новаўвядзенні, накіраваныя на фарміраванне асобы, якая арыентавана на поспех у любой сферы рэалізацыі сваіх магчымасцей.

Асноўнымі напрамкамі інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца новы змест, метады і формы арганізацыі адукацыйнага працэсу, новыя камунікацыйныя структуры ў сістэме адукацыі, сеткавае ўзаемадзеянне адукацыйных устаноў, развіццё сістэмы адраснага суправаджэння і падтрымкі высокаматываваных вучняў, удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, развіццё сацыяльнага партнёрства і эфектыўнага супрацоўніцтва з бацькамі. Так, у гімназіях №№ 1 і 4 укараняецца мадэль фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці; у сярэдняй школе № 7 — мадэль фарміравання моўнай асобы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя; у сярэдняй школе № 20 — мадэль фарміравання і развіцця прадметных кампетэнцый вучняў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах карпаратыўнай педагогікі; у яслях-садах №№ 12 і 23 — мадэль педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дашкольнікаў; у сярэдняй школе № 19 — мадэль сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае грамадзянскаму і прафесійнаму самавызначэнню вучняў; у ліцэі № 1, сярэдніх школах №№ 7 і 18 — мадэль забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа — ліцэй” як сродак прафесійнага самавызначэння вучняў; у гімназіі № 5 — мадэль сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі і мадэль метадычнага сеткавага цэнтра прымянення інавацыйных практык як фактару павышэння якасці адукацыі; у гімназіі № 2 — тэхналогія цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі; у ліцэі № 1, сярэдніх школах №№ 12 і 18 — мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна; у яслях-садзе № 69 і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 — каштоўнасна-нарматыўная мадэль прафесійнай дзейнасці выхавальніка дашкольнай установы; у гімназіях №№ 2 і 3 — мадэль арганізацыйна-кіраўніцкіх умоў для прафесійнага развіцця педагогаў ва ўстанове адукацыі; у гімназіях №№ 1 і 4 — мадэль развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці законных прадстаўнікоў вучняў.

А.А.Новік заўважыла, што інавацыі не ўзнікаюць самі па сабе, а з’яўляюцца вынікам навуковых пошукаў і перадавога педагагічнага вопыту асобных настаўнікаў і цэлых калектываў. Першымі да пошукавай і інавацыйнай дзейнасці далучыліся ліцэй і гімназіі. Іх кіраўніцтва і педкалектывы вылучаюцца высокім узроўнем псіхолага-педагагічнай культуры, гатоўнасцю да педагагічных даследаванняў, творчым пошукам. З году ў год колькасць устаноў адукацыі, якія працуюць у інавацыйным рэжыме, павялічваецца (сёння іх 10).

— Зразумела, укараненне інавацый — складаная задача, якая патрабуе кансультацыйнага суправаджэння, — адзначыла А.А.Новік. — Гарадскі ВМК фарміруе банк інавацыйнага вопыту Баранавіч, выяўляе педагагічныя ініцыятывы, якія ў далейшым могуць прэтэндаваць на статус інавацыйных праектаў, ажыццяўляе метадычную падтрымку інавацыйных працэсаў ва ўстановах адукацыі, арганізоўвае вучэбныя семінары па інавацыях і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на распаўсюджванне вынікаў інавацыйнай дзейнасці ў сістэме адукацыі горада. Дзякуючы мэтанакіраванасці, павышаецца эфектыўнасць работы і педагогаў, і вучняў.

Удзельнікі семінара пабывалі ў ліцэі № 1, сярэдніх школах №№ 13 і 14, гімназіі № 5, яслях-садзе № 8 і Палацы дзіцячай творчасці, дзе азнаёміліся з эфектыўным вопытам работы па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.