У рэжыме падрыхтоўкі да новага навучальнага года

Літаральна праз месяц ва ўсіх установах адукацыі празвініць першы школьны званок новага навучальнага года. Традыцыйна напярэдадні гэтай падзеі ў рэгіёнах падводзяць вынікі зробленага за год і ставяць задачы, якія будуць спрыяць далейшаму ўдасканаленню якасці работы ўстаноў адукацыі. Сёння падводзім вынікі і ставім задачы з начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людмілай Васільеўнай МАРОЗ.

— Пачнём з некаторых вынікаў навучальнага года.

— З 1 кастрычніка 2018 года ў мікрараёне інтэнсіўнай жыллёвай забудовы ўведзены ў эксплуатацыю сучасны дзіцячы сад на 190 месцаў. Да паслуг юных наведвальнікаў — прасторныя і зручныя гульнявыя пакоі, утульныя спальні, музычная і трэнажорная залы, камп’ютарны гульнявы пакой, басейн, для прафілактыкі прастудных захворванняў абсталяваны фізіятэрапеўтычны кабінет, ёсць кабінет масажу.

Плёнам работы педагогаў раёна і трэнераў школы “Алімпіёнік” у 2018/2019 навучальным годзе стала 13 дыпломаў па выніках алімпіяд абласнога ўзроўню і дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, які заваяваў навучэнец 11 класа гімназіі № 1 Навагрудка Канстанцін Арабчык. Павялічылася коль­касць пераможцаў па выніках абласных конкурсаў даследчых работ і навукова-практычных канферэнцый — з 14 да 18 дыпломаў. 10 з іх былі атрыманы наАбласной края­знаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

Па выніках выпускной кампаніі 40 адзінаццацікласнікаў (19,05%)  узнагароджаны залатымі медалямі, 37 дзевяцікласнікаў (9,1%) атрымалі пасведчанні з адзнакай. Ёсць вынікі і ў спартыўным жыцці. Мы ганарымся 1-м месцам у Рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”, 2-м — у штогадовай абласной спартакіядзе школьнікаў. Усяго нашы школьнікі заваявалі больш за 50 прызавых месцаў у абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах. Выніковым стаў удзел педагогаў раёна ў XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі — 2 дыпломы на рэспубліканскім этапе.

— Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: якія напрамкі рэалізоўваеце? Як плануеце арганізаваць дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— Дзякуючы сістэме, якая склалася ў раёне, мы забяспечваем адукацыйныя запыты навучэнцаў з улікам іх інтарэсаў і індывідуальных здольнасцей. У 2018/2019 навучальным го­дзе на базе 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі функцыянавала 20 класаў з ахопам 250 чалавек (61,7% ад колькасці навучэнцаў на ІІІ ступені навучання і выхавання) з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Прыярытэтнымі па выбары вучэбных прадметаў былі матэматыка і замежная мова.

На базе гімназіі № 1, сярэдніх школ №№ 4, 5 Навагрудка функцыянавалі 4 педагагічныя групы (27 вучняў), у сярэдняй школе № 3 — 2 прававыя класы, у сярэдняй школе № 7 — 7 кадэцкіх класаў, у сярэдніх школах №№ 4 і 7 — 7 спецыялізаваных па спорце класаў, упершыню арганізавана работа групы аграрнай накіраванасці ў Гарадзечанскім  дзіцячым садзе — сярэдняй школе.

Важным новаўвядзеннем 2018/2019 навучальнага года была арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі па рабочых прафесіях навучэнцаў 10-х класаў. Такую падрыхтоўку ў раёне атрымлівалі 73 дзесяцікласнікі на базе Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя па спецыяльнасцях “Афіцыянт” і “Тынкоўшчык”, на базе Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага кале­джа — па спецыяльнасці “Аператар ЭВМ”, на базе сярэдняй школы № 5 і Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — па спецыяльнасцях “Агент па турызме” і “Садоўнік”. У новым навучальным годзе працягнем супрацоўніцтва з установамі сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, плануем пашырыць спектр факультатыўных заняткаў і гурткоў прафесійнай накіраванасці для навучэнцаў 8—9 класаў.

— Што цікавага прапануеце сваім дзецям на летніх канікулах?

— Лета — гэта своеасаблівая пятая чвэрць, у ходзе якой арганізоўваецца адпачынак, аздараўленне і працоўная занятасць дзяцей. Наша задача — прапанаваць у гэты час дзіцяці самыя розныя варыянты правядзення вольнага часу, зацікавіць яго, даць магчымасць праявіць сябе. На працягу ўсяго лета працуе Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які штодня прапануе дзецям майстар-класы, конкурсна-гульнявыя і забаўляльныя праграмы, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, работу імі­джавых аб’ектаў — экакласа “У прыроды няма дрэннага надвор’я” і вучэбнага цэнтра “Тры колеры бяспекі”. Кожнае дзіця тут можа знайсці сабе занятак па душы. Дарэчы, акрамя юных навагрудчан, цэнтр наведвалі навучэнцы з Карэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў.

На базе сельскіх устаноў адукацыі право­дзяцца дні сельскага школьніка. У кожнай уста­нове адукацыі створаны ўмовы для заняткаў спортам. Спартыўныя аб’екты адкрыты летам як для дзяцей, так і для дарослых. Сталі традыцыйнымі ў летні перыяд футбольныя турніры паміж навучэнцамі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікамі сілавых структур, удзел у абласной турыстычна-экскурсійнай акцыі “Да суседзяў”, флэшмобы “Куточак Беларусі — маленькая радзіма”.

Задаволены ўсе запыты законных прадстаўнікоў на аздараўленне сваіх дзяцей. На працягу лета ў 25 кругласутачных лагерах, 33 лагерах з дзённым знаходжаннем аздараўленне пройдуць 2503 непаўналетнія, што складае 60% ад агульнай колькасці навучэнцаў 6—17 гадоў, 245 падлеткаў задзейнічаны ў другаснай працоўнай занятасці.

— Цяпер час падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Як ідзе работа ў вашым раёне?

— У рамках падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да навучальнага года выдаткавана 322,2 тысячы рублёў. Варта адзначыць, што на падрыхтоўку да навучальнага года пайшлі сродкі, якія ўстановы адукацыі і зарабілі самі, а таксама грашовыя сродкі, выдзеленыя папячыцельскімі саветамі і спонсарамі. За кошт гэтых сродкаў удалося адраманта­ваць дахі ў 11 уста­новах адукацыі, часткова замяніць дзверы і вокны ў 15 школах і садках, правесці капітальны рамонт 76 вучэбных кабінетаў, групавых памяшканняў, холаў, калідораў, 5 спартыўных залаў, набыць камп’ютарную тэхніку, тэхналагічнае абсталяванне, спартыўны інвентар, замяніць вучнёўскую мэблю, абнавіць харчаблокі, правесці работы па добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі.

— Нягледзячы на зробленае, што больш за ўсё хвалюе начальніка ўпраўлення адукацыі сёння?

— Кола пытанняў даволі шырокае. На цяперашнім этапе хвалююць пытанні  далейшай падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі, школьных стадыёнаў і спартыўных пляцовак да новага навучальнага года, стварэнне бяспечных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Рыхтуемся да святкавання дзвюх дат — 75-годдзя ўтварэння Гродзен­скай вобласці і 975-годдзя першай летапіснай згадкі пра Навагрудак. Актыўна працуем з грамадскімі аб’яднаннямі, арганізацыямі, прадпрыемствамі па рэалізацыі рэспубліканскай акцыі “Збяром дзяцей у школу”, каб аказаць пасільную дапамогу дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама падарыць ім з пачаткам новага навучальнага года светлы святочны настрой, радасць сустрэчы са школай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.