У рэжыме развіцця

- 15:53Планёрка ў рэгіёне

Сістэма адукацыі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці заўсёды ў рэжыме развіцця, пра што сведчаць пастаянныя перамогі педагогаў і настаўнікаў. Пра тое, як не спыняцца на дасягнутым, расказвае начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля БЕЛАВУС.

— Наталля Сяргееўна, з якімі дасягненнямі завяршылі навучальны год?

— У 2018/2019 навучальным годзе нашы дзеці парадавалі поспехамі на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Навучэнцы гімназіі № 1 Дзятлава Насстасся Лаўнік стала лепшай на алімпіядзе па біялогіі, а Ілья Угрын па выніках заключнага этапу алімпіяды па матэматыцы ўзнагароджаны дыпломам II ступені, акрамя таго, яго ўключылі ў каманду па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды. Два дыпломы заваявана на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная альфа”. Паспяховай з’яўляецца даследчая дзейнасць школьнікаў і педагогаў Гезгалаўскага ясляў-сада, Новаяльнянскай сярэдняй школы. Навучэнец Новаяльнянскай сярэдняй школы Ягор Сокал перамог у XXX Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, XXIII Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў у секцыі “Біялогія”, у Рэспубліканскім водным конкурсе даследчых праектаў — 2019. Запланаваны ўдзе­л Ягора ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Стакгольме. Выніковым стала выступленне Яўгена Анушкевіча на IX Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнтаў малодшых курсаў вышэйшых навучальных уста­ноў “Ад альфы да амегі…”. Дыпломам I ступені ўзнагароджаны дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Дзятлава Таццяна Пятроўна Ваніслаўчык па выніках XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой радзімы. За свае заслугі двое навучэнцаў (Ілья Угрын і Ягор Сокал) і два педагогі (Ганна Станіславаўна Урба­новіч і Алена Вільгельмаўна Баковіч) удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У гэтым годзе атэстаты асобага ўзору з уручэннем залатога медаля атрымалі 14 выпускнікоў.

— Што цікавага прапануеце на летніх канікулах?

— На летніх канікулах мы рэалізоўваем мерапрыемствы праекта “Лета-2019: час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асобаснага самаўдасканалення”, рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. Па ініцыятыве Цэнтра турызму і краязнаў­ства дзяцей і моладзі рэалізоўваюцца праекты “Музей будучыні”, “Турызм без меж”, распрацоўваюцца новыя экскурсійныя маршруты. Запланавана правядзенне маштабнай валанцёрскай акцыі “Філасофія дабрачыннасці”, піяр-акцый “Моладзь Дзятлаўшчыны — малой радзіме!”, “Малой радзіме прысвячаецца” і інш. Арганізавана праца аздараўленчых лагераў. Запланавана ахапіць аздараўленнем 60,5% навучэнцаў. Увайшло ў практыку адкрыццё профільных кругласутачных лагераў на базе школ аграгарадкоў, размешчаных у маляўнічых месцах. Будуць працягваць сваю дзейнасць лагер з кругласутачным знахо­джаннем краязнаўчага профілю “Археолаг”, які арганізоўваецца на базе гімназіі № 1 Дзятлава сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі, і 18-дзённы лагер з кругласутачным знаходжаннем на базе санаторнай школы “Баравічок”.

— Тут жа хочацца спытаць пра акцэнты ў арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Што ў прыярытэце ва ўстановах адукацыі ў вашым раёне?

— У арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй увага акцэнтавана на педагагічнай асвеце па актуальных пытаннях павышэння педагагічнай і прававой культуры бацькоў. Право­дзяцца інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне статусу і прэстыжу сям’і ў грамадстве. Трансліруецца вопыт сямейнага выхавання як на базе ўстаноў адукацыі, так і праз удзел у фестывалях, конкурсах. Да Дня сям’і ў раёне праведзены фестываль “Сям’я ХХІ стагоддзя!”, прэзентаваны станоўчы вопыт сямейнага выхавання 15 сем’яў. Вопыт сям’і Макарчык быў прадэманстраваны на ўзроўні вобласці ў конкурсе “Сям’я года — 2019”. Стала добрай традыцыяй правядзенне на ўзроўні раёна маштабнага “Зецельскага фэсту”, дзе сем’і дэманструюць сваё майстэрства ў розных відах дзейнасці.

— Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РУМК і якія метадычныя мерапрыемствы былі самымі яркімі ў навучальным годзе?

— Асноўнай задачай Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета з’яўляецца стварэнне аптымальнай мадэлі для павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. Метадычная сетка прадстаўлена школамі кіравання, удасканалення педагагічнага майстэрства, маладых педагагічных работнікаў, праблемнымі семінарамі, метадычнымі аб’яднаннямі, творчай групай, інструктыўна-метадычнымі нарадамі, кансультацыйнымі пунктамі, віртуальным метадычным кабінетам. Створаны ўмовы для эфектыўнага ўключэння педагогаў у інавацыйны рэжым развіцця праз удзел у рэалізацыі 8 інавацыйных (эксперыментальных) праектаў, рэсурсных цэнтраў абласнога і 6 раённага ўзроўню. Найбольш перспектыўнымі і ўдалымі формамі, якія даюць вынік у рабоце з маладымі спецыялістамі, з’яўляюцца метадычныя тыдні “Вопытныя педагогі — маладым”, “Маладыя — маладым”, канферэнцыя “Педагагічны дэбют”, дні маладога спецыялі­ста, конкурс “Малады спе­цыяліст — 2019”. Тры педагогі раёна занесены ў абласную віртуальную Кнігу пашаны маладых спецыялістаў. Адным з яркіх мерапрыемстваў навучальнага года было правядзенне фестывалю педагагічнага майстэрства “Ад ідэі — да творчасці”, дзе свой вопыт трансліравалі педагогі раёна. Педагогі-пераможцы, прызёры конкурсаў прафесійнага майстэрства, настаўнікі-метадысты раёна праводзілі майстар-класы і ўрокі для дарослых.

— Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— Профільнае навучанне ў нашым раёне арганізавана ва ўсіх гарадскіх і сельскіх сярэдніх школах. У гэтым годзе 68,2% вучняў 10-х класаў і 26% вучняў 11-х класаў вывучалі на павышаным узроўні 9 вучэбных прадметаў. Функцыянавалі 3 профільныя групы педагагічнай накіраванасці. З верасня 2018 гада ў дзвюх установах адукацыі раёна адкрыты профільныя групы аграрнай накіраванасці. Вельмі добра, што 7 навучэнцаў профільных груп педагагічнай і аграрнай накіраванасці пройдуць аздараўленне на базе профільнага лагера “ПрафСТАРТ”, арганізаванага Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Дапрофільная падрыхтоўка ажыццяўляецца праз арганізацыю факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці і вывучэнне з 8 класа асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.

Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Найбольш хвалюючыя пытанні звязаны з дзецьмі, іх дабрабытам. За бягучы перыяд 2019 года пяцёра дзяцей засталіся без апекі бацькоў па прычыне пазбаўлення бацькоўскіх правоў, трое дзяцей набылі статус дзяцей-сірот з прычыны смерці бацькоў. Такое становішча спраў патрабуе ад нас правядзення работы па ўладкаванні дзяцей у замяшчальныя сем’і, пошуку і ўкараненні новых падыходаў у прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. Таксама хвалюе праблема аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі ў сувязі са скарачэннем колькасці навучэнцаў у раёне. Да 1 верасня 2019 года трэба будзе закрыць адзін дзіцячы сад, рэарганізаваць адну ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Але я ўпэўнена, што разам мы справімся з гэтымі праблемамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.