“У роднай мовы колер васількоў”

- 10:45Партфоліа, Суразмоўца

У кожным дзіцяці ёсць сонца — толькі дайце яму свяціць!” — упэўнена Наталля Цвірко, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Скрыбаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна.

Няма кутка зямлі мілей!

Вялікую ўвагу педагог удзяляе развіццю літаратурна-творчых здольнасцей вучняў. Дапамагаюць ёй у гэтым не толькі творы класікаў, але і ўласная паэзія.

“Сцяжынкамі малой радзімы” — назва аднаго з вершаў Наталлі Цвірко. Пра свае родныя Скрыбаўцы паэтэса піша так: “…Тут хлеб смачней і дзень яснейшы, // І неба тут заўжды вышэй. // Тут крок зрабіў ты самы першы. // Няма кутка зямлі мілей!” Гэтыя радкі настаўніца зачытвае і вучням, асабліва калі абмяркоўвае напісанне сачыненняапісання вёскі (горада, мікрараёна).

Пэўны час Наталля Лявонаўна жыла і працавала ў Мінску і на Гродзеншчыне. Але дзе б ні была, з усіх дарог яе цягнула дадому. Тут і вершы з большым натхненнем пішуцца. А сучасныя тэхналогіі дазваляюць падтрымліваць зносіны з сябрамі і калегамі па пяру з усяго свету, дасылаць свае творы на конкурсы.

— Жывеш ты ў цэнтры Парыжа або ў Скрыбаўцах, важна не гэта, а што і як ты робіш, які ты чалавек, ці адчуваеш шчасце, — сцвярджае педагог. — Нават калі дзесьці далёка ёсць нешта лепшае, больш прыгожае, твайму сэрцу будзе дорага сваё, роднае, тое, што побач. Мая запаветная мара, каб наша вёска жыла, каб сюды вярталіся людзі, каб у нашай школе заўсёды звінелі дзіцячыя галасы. 

Наталля Цвірко — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможца многіх літаратурных конкурсаў, узнагароджана медалём Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў “Ганароваму настаўніку творчай моладзі”.

Турысты з розных краін частыя госці ў гэтых мясцінах. У вёсцы Мураванка, за 500 метраў ад Скрыбаўцаў, знаходзіцца ўнікальны помнік — храм-крэпасць XVI стагоддзя. У народзе яго называюць Мураванка. Ёсць у царквы яшчэ адна назва — Маламажэйкаўская. Гэта помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю. Падобны храм у Беларусі знаходзіцца яшчэ ў Сынкавічах на Гродзеншчыне. А ў свеце іх няшмат.

— Людзі едуць здалёк паглядзець на нашу царкву, а мы з вучнямі бачым яе кожны дзень па дарозе ў школу, — заўважае Наталля Лявонаўна. — Жыву я за два кіламетры ад роднай Скрыбаўскай школы ў іншым канцы вёскі. Сёння ва ўстанове займаецца больш за 80 дзяцей, а разам з выхаванцамі дзіцячага сада — 110. Многія сённяшнія мае калегі ў мінулым мае настаўнікі. Калісьці яны сталі для мяне настаўнікамі з вялікай літары, бо вучылі не толькі прадмету, але і жыццю. Так і я сёння імкнуся стаць для вучняў чалавекам, якога яны будуць паважаць і памятаць усё жыццё, які даў ім нешта большае, чым проста веды.

Педагагічная і літаратурная дарога

Вершы Наталля Цвірко пачала пісаць яшчэ ў школе, але нікому іх не паказвала. Як паэт яна заявіла пра сябе на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы. Дапамаглі практычныя заняткі па літаратуразнаўстве, дзе студэнтам давалі заданні па напісанні вершаў. Наталля далучылася да літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы”, а ў 2000 годзе ўпершыню апублікавала свае вершы. “Крылы забытых мар” — кніга паэтычных твораў Наталлі Цвірко. Шмат вершаў яна змясціла ў калектыўных беларускіх і расійскіх зборніках. Друкуецца ў рэспубліканскім перыядычным друку. Вельмі любіць пісаць для дзяцей. Ёсць у яе і празаічныя творы. Напрыклад, фантастычнае апавяданне з хвалюючым сюжэтам “Паспець дакрануцца”. Дарэчы, у вядомы мюзікл “Соф’я Гальшанская”, пастаўлены на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ў Мінску, увайшла песня “Гордая птушка”, напісаная на словы Наталлі Цвірко. У яе творчых планах — працягнуць супрацоўніцтва з беларускімі кампазітарамі.

Паэтэса неаднойчы ўдзельнічала ў міжнародным маладзёжным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”, у тым ліку ў якасці эксперта і настаўніка. І ў выніку ў 2020 годзе атрымала медаль “Ганароваму настаўніку творчай моладзі”. У 2018 годзе заняла 1-е месца за пераклад на беларускую мову верша Канстанціна Сіманава “Дом сяброў” падчас VIII Міжнароднага літаратурнага конкурсу, прысвечанага памяці К.М.Сіманава і Году малой радзімы ў Беларусі. У 2019 годзе таксама была ў ліку пераможцаў конкурсу, што ладзіцца ў рамках міжнародных “Сіманаўскіх чытанняў” у Магілёве, на якія збіраюцца пісьменнікі, паэты, публіцысты з Расіі і Беларусі.

Любіць тое, чаму вучыш, і тых, каго вучыш

— У наш час для таго, каб быць запатрабаваным і паспяховым, неабходна быць крэатыўным і неардынарным. А для гэтага дзейнасць чалавека павінна мець творчы характар, — гаворыць Наталля Лявонаўна. — Людзі, якія свабодна і ўмела валодаюць словам, умеюць выказваць і абараняць свае погляды і меркаванні, творча ўключаюцца ў працэс зносін, асабліва запатрабаваны ў сучасным грамадстве. Развіццю літаратурна-творчых здольнасцей вучняў я ўдзяляю максімум увагі. Да ўрокаў і факультатываў падбіраю цікавыя творчыя заданні. З дзецьмі мы пішам вершы і апавяданні, складаем сінквейны, рыхтуемся да алімпіяд і конкурсаў. Люблю міжпрадметныя сувязі з музыкай, мастацтвам і гісторыяй. На ўроках беларускай літаратуры праводзім з вучнямі аналіз праблемных маральных сітуацый, што ўзнікаюць у творы, які вывучаем, сувязь гэтых сітуацый з сучасным жыццём. Робім інсцэніроўкі ўрыўкаў з твораў, аналізуем з этычнага пункту гледжання змест прыказак, афарызмаў, выказванняў, супрацьлеглых выказванняў і думак. 

На прыкладзе праграмных твораў можна размаўляць з дзецьмі аб адвечных ісцінах. Так, тэма ўзаемаадносін паміж падлеткамі ў аповесці Кузьмы Чорнага “Насцечка”, напісаная ў 1940 годзе, не стараціла актуальнасці і сёння. Вучні разважаюць над тым, як складзецца далейшы лёс галоўных герояў, ці зразумее Серж свае памылкі. Або твор “Сябры” Алены Васілевіч пра здраду і цану дружбы. І тут дарэчы мой верш “Беражыце сяброў”, дзе ёсць радкі: “Беражыце сваіх сяброў, // Тых, хто побач заўсёды з вамі. // Не кідайце бяздумна слоў, // Тых, што душу і сэрца раняць”. Верш я зачытваю ў 7 класе пры вывучэнні тэмы “Паглыбленне паняцця пра разважанне як тып маўлення. Удзел у дыспуце на тэму “Каго можна назваць сапраўдным сябрам?”. Важна, каб у нашым свеце бясконцых камп’ютарных тэхналогій, дзе людзі не маюць часу нават на тое, каб паспачуваць адно аднаму, дзеці не раслі абыякавымі. Іх галоўная задача — быць не проста добрымі вучнямі, а па жыцці ісці з любоўю і дабром.

Упэўнена, што кожнае дзіця здольна зразумець і адчуць непаўторнасць і прыгажосць роднага слова, яго адметнасць і ўнікальнасць, яго чароўнасць і багацце. Я дапамагаю дзецям выказваць свае думкі прыгожа па-беларуску. Нават на ўроках мовы шмат увагі ўдзяляю развіццю іх маўлення. Не трэба саромецца сваёй мовы, яе варта любіць, паважаць і берагчы. І тут мая задача як педагога паказаць прыклад, што і для мяне няма нічога даражэйшага за сваё, роднае, што я ўсім сэрцам люблю свой прадмет, тое, чаму вучу, і тых, каго вучу.

У Наталлі Цвірко ёсць верш “Родная мова”. У ім гаворыцца аб непаўторнасці, адметнасці і прыгажосці роднага слова, яго значэнні для кожнага з нас. Пачынаецца ён са слоў: “У роднай мовы водар верасовы, // У роднай мовы колер васількоў. // Тулю да сэрца родныя я словы, // Спрабую смак чароўных гэтых слоў”. Такія радкі дарэчы прывесці ў 6 класе па тэме “Беларуская мова як адлюстраванне нацыянальнага бачання свету. Літаратурная мова і народныя гаворкі”. 

Упэўнена, што кожнае дзіця здольна зразумець і адчуць непаўторнасць і прыгажосць роднага слова, яго адметнасць і ўнікальнасць, яго чароўнасць і багацце.

На прыкладзе ўласнай творчасці

Паэтычныя хвілінкі падчас урокаў дапамагаюць Наталлі Цвірко стварыць адпаведны псіхалагічны настрой. Многія радкі педагог прысвяціла вядомым мастакам слова. Так, падчас вывучэння верша Максіма Багдановіча “Зімой” у 5 класе Наталля Лявонаўна зачытвае радкі свайго верша “Зіма”. Пры знаёмстве з урыўкам з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” “На рэчцы” дзеліцца сваім вершам “Коласава слова”, у якім расказвае пра асноўныя падзеі і моманты славутай паэмы, спрабуе зацікавіць вучняў цудоўнейшым творам. Верш Наталлі Цвірко “Восень-чараўніца” сугучны з творам Уладзіміра Караткевіча “Лісце”.

— Стараюся навучыць дзяцей бачыць у людзях станоўчае і светлае і несці іншым дабро, пазітыў і душэўную цеплыню, — адзначае педагог. — Пры вывучэнні раздзела “Прыгоды і падарожжы” радкамі свайго верша “Вандроўка” нагадваю, што ў свеце добрага і цікавага куды больш, чым дрэннага і непрывабнага. А тое, якім будзе наш уласны свет пачуццяў, у многім залежыць ад нас самых.

Пры знаёмстве ў 6 класе з творам А.Пісьмянкова “Продкі” зачытваю аўтарскія радкі верша “Родныя вытокі”, дзе заклікаю шанаваць свой род, свае вытокі, традыцыі. Любоў і пяшчоту да роднай зямлі, захапленне яе прыгажосцю і непаўторнасцю пры вывучэнні твора А.Бачылы “Радзіма мая дарагая” даношу да вучняў праз радкі свайго верша “Мая зямля”. Стварыць настрой на работу пры знаёмстве з творам У.Бутрамеева “Славутая дачка Полацкай зямлі” дапамагае мой верш “Спатканне з Полацкам”, пры разглядзе твора З.Бядулі “На Каляды к сыну” ў 7 класе зноў зачытваю свае радкі. 

— Гэта далёка не поўны пералік маіх твораў, якія дапамагаюць абудзіць у вучняў любоў да роднага слова, да беларускай літаратуры і імкненне выказаць думкі і пачуцці ва ўласнай творчасці, — адзначае Наталля Лявонаўна. — Так, некаторыя дзеці спрабуюць пісаць вершы, удзельнічаюць у творчых конкурсах. Я дапамагаю ім у гэтым, прапаную паглыбленыя звесткі пра паэзію як мастацтва слова і вершаскладанне. Два гады запар мы з вучнямі былі заняты ў анлайн-праекце “Чытаем вершы сучасных паэтаў Гродзеншчыны”. 

Асабліва радуюць Наталлю Цвірко першыя творчыя работы сына Ромы. На працягу двух апошніх гадоў хлопчык атрымаў перамогі на раённым узроўні падчас рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Казка”, рэспубліканскага конкурсу літаратурных работ “Азбука пачуццяў”, конкурсу буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, і ў адкрытым дыстанцыйным конкурсе дзіцячай творчасці “Роднаму краю часцінку душы прысвячаю”.

Надзея ЦЕРАХАВА.