У ролі эксперта і дарадцы

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 3 машынабудавання стаў цэнтрам правядзення вялікага мерапрыемства, арганізаванага Асацыяцыяй “БАМАП” з удзелам сталічнай сістэмы адукацыі. На базе ліцэя прайшоў тэарэтычны тур ужо 11-га па ліку конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў магістральных аўтацягнікоў. У такіх спаборніцтвах не адзін раз удзельнічалі педагогі і навучэнцы навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, у якіх арганізавана падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў. У афіцыйнай частцы мерапрыемства прынялі ўдзел работнікі Асацыяцыі “БАМАП” на чале са старшынёй М.І.Баравым, загадчыца сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама А.І.Чарных, дырэктар ліцэя А.С.Болбас, кіраўнікі іншых устаноў адукацыі, педагогі, навучэнцы.

Маршрут “Дакар-2018” — праз ліцэй

На пляцоўцы перад ліцэем былі выстаўлены магутныя аўтацягнікі самых сучасных мадыфікацый. Сярод іх вылучаўся яркім афармленнем знакаміты МАЗ, на якім беларускі экіпаж пад кіраўніцтвам вадзіцеля вышэйшага класа Сяргея Вязовіча заняў 2-е месца ў агульным заліку міжнароднай гонкі “Дакар-2018”, што стала для беларусаў лепшым вынікам у гісторыі.

Мерапрыемства ў ліцэі не было абмежавана толькі конкурснай праграмай. Для яго ўдзельнікаў быў праведзены семінар па тэме “Прафесійная кампетэнтнасць вадзіцеляў — асноватворны фактар канкурэнтаздольнасці арганізацый міжнароднага аўтатранспарту”, была арганізавана выстава, якая прысвячалася супрацоўніцтву сістэмы прафесійнай адукацыі і Асацыяцыі “БАМАП”, а таксама ўдзельнікі сустрэчы маглі пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай мінскага ліцэя, з калектывам педагогаў і навучэнцаў. Такім чынам, фармат спаборніцтва дазволіў арганізаваць пляцоўку для зносін і абмену прафесійным вопытам і стварыць атмасферу добразычлівасці і спагады паміж сапраўднымі прафесіяналамі і тымі, хто толькі вучыцца імі быць.

Мікалай Іванавіч Баравы ў сваім выступленні адзначыў, што Асацыяцыя “БАМАП” лічыць конкурс адным з элементаў вучэбнага працэсу ў прафесійнай падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў і даволі значнай часткай прафарыентацыйнай работы для маладых людзей, якія стаяць на парозе прафесійнага выбару. Для спаборніцтваў нязменнымі застаюцца такія прыярытэты, як павышэнне прафесійнага майстэрства вадзіцеляў-міжнароднікаў, фарміраванне станоўчага іміджу сферы аўтамабільных перавозак і прыцягненне ўвагі моладзі да гэтай прафесіі.

Задачай конкурсу стала праверка ведаў ключавых палажэнняў айчыннага і міжнароднага заканадаўства, якія маюць прынцыповае значэнне для забеспячэння высакаякаснага ўзроўню міжнародных перавозак. Сярод іх — таварна-транспартная накладная міжнароднага ўзору (CMR), Канвенцыя МДП і мытнага заканадаўства, Пагадненне ЕСТР (рэжым працы і адпачынку вадзіцеляў) і выкарыстанне лічбавага тахографа, арганізацыя і выкананне міжнародных аўтамабільных перавозак (МАП).

Сёння ўсё часцей гучыць меркаванне выкарыстоўваць у сферы перавозак беспілотнікі, якія ўяўляюць сабой аўтаномныя транспартныя сродкі, кіраванне якімі будзе ажыццяўляцца без непасрэднага ўдзелу чалавека. Аднак абысціся без яго ў такой сферы цяжка. Пры гэтым сучасны вадзіцель аўтацягніка павінен мець прынцыпова новы ўзровень ведаў і прафесійных навыкаў з улікам выкарыстання інавацыйных тэхналогій, а значыць, яго прафесійны ўзровень павінен пастаянна павышацца.

Прафесія вадзіцеля — у тройцы самых папулярных

У нашай краіне ўдзяляецца значная ўвага развіццю транспартна-лагістычнага сектара, а прафесія вадзіцеля ўваходзіць у тройку самых запатрабаваных у краіне, што было пацверджана і сёлетняй прыёмнай кампаніяй. Нашы вадзіцелі-міжнароднікі перавозяць у год 14 млн грузаў за кошт амаль мільёна паездак. Гэтую работу забяспечваюць 18 тысяч грузавікоў. Што тычыцца аб’ёму экспарту паслуг, то ён вырас да ўзроўню мінулага года на 23%. Калі браць гэты працэнт у грашовым эквіваленце, то галіна міжнародных перавозак зарабіла ў мінулым годзе больш 1 млрд долараў.

— Дзякуючы ініцыятыве асацыяцыі і падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, наша краіна ў 2011 годзе стала першай у СНД дзяржавай, дзе вадзіцеляў-міжнароднікаў рыхтуюць у сістэме прафтэхадукацыі, — паведаміла адказны сакратар конкурсу прафесійнага майстэрства галоўны спецыяліст асацыяцыі Т.А.Ястраб. — Спецыялізацыя “вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)” спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” унесена ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь. Гэта дазволіла весці падрыхтоўку кадраў па гэтай спецыялізацыі з адначасовым атрыманнем прафесіі слесара па рамонце аўтамабіляў. Падрыхтоўка будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў вядзецца на базе 9 і 11 класаў у 10 навучальных установах прафесійнай адукацыі нашай краіны. У мінулым годзе ў арганізацыі, якія ажыццяўляюць міжнародныя аўтаперавозкі, было працаўладкавана каля 300 выпускнікоў устаноў прафтэхадукацыі, якія прайшлі навучанне па гэтым профілі.

Па словах Таццяны Аркадзьеўны, Асацыяцыя “БАМАП” узяла на сябе ролю каардынатара ў пытаннях удасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў для аўтамабільнай галіны, забяспечваючы баланс удзелу ў гэтай рабоце прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў прафтэхадукацыі і аўтатранспартных арганізацый.

Для забеспячэння высокага ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі асацыяцыя і непасрэдна цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” базавыя аўтатранспартныя арганізацыі (а такіх каля 40) аказваюць навучальным установам істотную дапамогу ў матэрыяльна-тэхнічным аснашчэнні і забяспечваюць іх вучэбна-праграмнай дакументацыяй, метадычнымі і даведачнымі дапаможнікамі ў засваенні прафесіі вадзіцеля-міжнародніка. У цэнтры “БАМАП-ВЕДЫ” праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі, тэматычныя семінары, трэнінгі для выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.

Стала добрай традыцыяй рэалізоўваць сумесныя праекты па ўкараненні ў навучанне перспектыўных метадычных распрацовак. Акрамя таго, вытворчая практыка арганізавана на аўтатранспартных прадпрыемствах, што павышае практыкаарыентаванасць прафесійнай падрыхтоўкі.

Увогуле, узаемадзеянне асацыяцыі і Міністэрства адукацыі ў падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў адбываецца на аснове Плана сумесных мерапрыемстваў на найбліжэйшыя гады.

А.С.Болбас, дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 3 машынабудавання, адзначыў: пры тым, што ва ўстанове не вядзецца падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў, усё ж яна мае прамое дачыненне да машынабудавання і непасрэдна да аўтамабільнай галіны.

— Мы доўгія гады рыхтуем токараў, фрэзероўшчыкаў, электраманцёраў, зваршчыкаў, слесараў па рамонце аўтамабіляў. Па сутнасці з нашых выпускнікоў фарміруюцца рабочыя калектывы Мінскага трактарнага завода, Мінскага завода колавых цягачоў, “Мінсктранса”, якія з’яўляюцца для нас базавымі прадпрыемствамі, — паведаміў Аляксандр Сяргеевіч. — Цяпер мы вядзём падрыхтоўку і перападрыхтоўку вадзіцеляў тралейбуса і трамвая. Хто ведае, можа, калі-небудзь мы таксама ўключымся ў падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў.

А цікавасць да гэтай прафесіі можна было назіраць у час мерапрыемства, калі навучэнцы ліцэя ў перапынку ад заняткаў стоўпіліся ля велікагрузных аўтамабіляў, якія пракалясілі тысячы і тысячы кіламетраў міжнародных аўтабанаў і заехалі ў ліцэй…адпачыць.

Мытня дае дабро

Па сутнасці, супольніцтва вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў, якія прынялі ўдзел у конкурсе, на семінары выступіла ў ролі экспертаў і дарадцаў сумесна з педагогамі ўстаноў прафесійнай адукацыі па вызначэнні самых эфектыўных шляхоў прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.

Уздзенскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй — адзін з першых, хто ўключыўся ў работу па арганізацыі падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў. За гэты час ліцэй умацаваў матэрыяльна-тэхнічную базу, педагогі атрымалі адпаведную падрыхтоўку ў час павышэння кваліфікацыі, была праведзена маштабная прафарыентацыйная работа. Усе гэтыя кірункі рэалізоўваліся з дапамогай Асацыяцыі

“БАМАП”. Напрыклад, вучэбна-дапаможная літаратура, якую прадстаўляе “БАМАП-ВЕДЫ”, заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Яна даступная, змястоўная, можа выкарыстоўвацца навучэнцамі, педагогамі і тымі вадзіцелямі, якія праходзяць на базе ліцэя перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.

Ліцэй кожны год фарміруе адну вучэбную групу па гэтай прафесіі. Анкетаванне сярод навучэнцаў паказвае, што яны выказваюць матываваны намер атрымаць кваліфікацыю па абслугоўванні аўтамабіля, а ў далейшым стаць вадзіцелям. З мінулага навучальнага года ў ліцэй на гэтую прафесію сталі прымаць выпускнікоў 9 класаў. Навучэнцы з першай такой групы сёння вучацца ўжо на трэцім курсе і ўзмоцнена вывучаюць курс, звязаны з міжнароднымі перавозкамі, у прыватнасці такі прадмет, як “Асновы мытнага заканадаўства”, і, мяркуючы па іх настроі, будучая прафесія ім даспадобы. Ліцэй мае статус вядучай навучальнай установы, якая займаецца навукова-метадычным забеспячэннем падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў. З гэтай мэтай быў падрыхтаваны шэраг метадычных распрацовак, якія знайшлі прымяненне ў час навучання. У лік творчых, ініцыятыўных педагогаў ліцэя можна па праве аднесці выкладчыка Таццяну Іванаўну Голуб. Яна з самага пачатку ўвядзення новай спецыяльнасці выкладае спецпрадметы і па кожным з іх распрацавала свае метады выкладання, каб найбольш эфектыўна праводзіць урокі для навучэнцаў, і пастаянна іх удасканальвае. Кожны раз, як толькі Асацыяцыя “БАМАП” праводзіць з педагогамі сумеснае мерапрыемства, Таццяна Іванаўна прадстаўляе новы метадычны прадукт. Так было і на гэтай сустрэчы.

Электронная версія МДП

Таццяна Іванаўна Голуб стварыла электронны сродак навучання “Кніжка па міжнародных дарожных перавозках (МДП) і яе прымяненне”. На борце аўтацягніка можна ўбачыць значок МДП, які азначае, што вадзіцель мае гэтую кніжку і згодна з ёй перавозіць грузы.

Даведка: МДП — гэта міжнародны мытны дакумент, які пацвярджае, што ў адносінах да тых тавараў, якія перавозяцца па працэдуры МДП, існуе міжнародная гарантыя. Іншымі словамі, гэта ўніверсальная транзітная сістэма, якая дазваляе ажыццяўляць транзітную перавозку тавараў з краіны адпраўлення ў краіну прызначэння пад мытнымі пячаткамі і пломбамі.

— У электронным сродку навучання я сістэматызавала матэрыялы аб кніжцы МДП, аб Канвенцыі МДП (дакумент, у якім рэгламентуецца выкарыстанне гэтай кніжкі) і дэталёва прапрацавала запаўненне гэтай кніжкі, — паведаміла Т.І.Голуб. — ЭСН змяшчае электронную мадэль дакумента, куды ўваходзяць вучэбныя тэсты са зваротнай сувяззю, якая дазваляе даведацца, ці правільна дадзены адказ на пастаўленае пытанне. Акрамя таго, у ЭСН ёсць гласарый, дзе сабраны тэрміны і азначэнні, якія ў нарматыўных дакументах рэгламентуюць гэтую дзейнасць, ёсць раздзел, дзе рэкамендавана неабходная літаратура, як яе спіс, так і падрабязны агляд выданняў “БАМАП-ВЕДЫ”. Яшчэ да гэтай мадэлі я распрацавала рабочы сшытак.

Таццяна Іванаўна плануе перанесці гэты сродак у ІТ-тэхналогіі, каб можна было захоўваць ЭСН у мабільнай версіі для зручнасці. Выкладчык лічыць, што яе распрацоўка будзе выкарыстана шырокім колам карыстальнікаў, у ліку якіх будуць навучэнцы, выкладчыкі і непасрэдна вадзіцелі-міжнароднікі. Напрыклад, выкладчыкі могуць выкарыстоўваць ЭСН з дапамогай метадычнай распрацоўкі ўрока, якую таксама зрабіла Таццяна Іванаўна.

К.А.Княжэвіч, выкладчык Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя Дзяржынска, таксама актыўна ўдзельнічае ў стварэнні вучэбна-метадычнага забеспячэння для падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў. Яна выкладае тры спецпрадметы: “Асновы мытнага заканадаўства”, “Эксплуатацыя транспартных сродкаў” і “Арганізацыя міжнародных перавозак”. Выкладчык уключылася ў работу па сістэме дыстанцыйнага навучання, якую выкарыстоўвае пры навучанні ў вучэбнай групе, дзе займаюцца вадзіцелі-прафесіяналы. Прадстаўлены Кацярынай Анатольеўнай дыстанцыйны курс па прадмеце “Арганізацыя міжнародных перавозак” дазваляе навучэнцу незалежна ад часу і месца знаходжання вярнуцца да той ці іншай тэмы навучання, паўтарыць матэрыял, прайсці тэсты, выкарыстаць дадатковы матэрыял.

— Я выкарыстоўваю таксама кантрольныя тэставыя работы на камп’ютары, — расказала К.А.Княжэвіч. — Праграма разбіта па раздзелах, і ў кожным з іх яна дазваляе незалежна ацэньваць работу навучэнцаў. З дапамогай гэтай праграмы я магу праводзіць выніковае тэсціраванне. У выкладанні таксама выкарыстоўваю прэзентацыі, відэаматэрыялы і іншыя сучасныя прыёмы і метады для павышэння якасці навучання.

Што тычыцца самой прафесійнай падрыхтоўкі, то навучэнцы ліцэя за перыяд навучання атрымліваюць сумежную прафесію вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С і слесара па рамонце аўтамабіляў. А ў далейшым яны засвойваюць прафесію вадзіцеля міжнародных перавозак.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.