Мінскі абласны ЦКРНіР на працягу 20 гадоў каардынуе работу ўстаноў адукацыі вобласці па самых розных аспектах адукацыі і выхавання дзяцей з АПФР, у тым ліку па пытаннях развіцця інтэграванага навучання і выхавання і інклюзіўнай адукацыі. Узначальвае ўстанову з дня яе адкрыцця Ніна Канстанцінаўна Віктароўская, якая заўсёды была пераканана ў тым, што дзіця з АПФР павінна максімальна ўключацца ў асяроддзе сваіх равеснікаў, якія нармальна развіваюцца. Аб дасягненнях і праблемах, якія даводзіцца вырашаць на гэтым шляху, наша размова з дырэктарам цэнтра.
— Ніна Канстанцінаўна, якія асноўныя тэндэнцыі ў сістэме спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці вы можаце адзначыць?
— У Мінскай вобласці налічваецца зараз 22 788 дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Абсалютная большасць з іх (99,7 працэнта) ахоплена той ці іншай формай карэкцыйна-педагагічнай і спецыяльнай дапамогі ў розных установах адукацыі. У вобласці вялікі працэнт ахопу дзяцей з АПФР інтэграваным навучаннем і выхаваннем (у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны), ён складае каля 85 працэнтаў. Створаны 73 апорныя ўстановы адукацыі па арганізацыі інтэграцыі. У школах працуе 1396 класаў інтэграванага навучання і выхавання і 148 інтэграваных груп у дашкольных установах.
У сувязі з развіццём інтэграваных форм навучання скарачаецца колькасць дапаможных школ-інтэрнатаў. Так, у вобласці за 10 гадоў былі закрыты 5 такіх устаноў. Сёння іх увогуле чатыры, і кожная выбрала свой шлях развіцця. Засталася таксама толькі адна спецыяльная ўстанова дашкольнай адукацыі (для дзяцей з ЦПМ). На Міншчыне поўнасцю былі ліквідаваны інтэрнатныя ўстановы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні (раней — з дыягназам “ЗПР”). Ужо сёмы год дзеці з такімі праблемамі вучацца ў Вілейскай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Такое рашэнне было прынята таму, што тэрміны навучання дзяцей у гэтых школах супадалі. Да таго ж займаліся яны па аднолькавых вучэбных дапаможніках, у іх былі падобныя парушэнні маўлення. Маладзечанская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку адзіная ў краіне мае эфектыўны вопыт навучання і выхавання невідушчага і адначасова глухога дзіцяці ў межах дзейнасці рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі. У штаце Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху шмат моцных спецыялістаў, якія прымаюць удзел у стварэнні вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў. Нядаўна калектыў установы ініцыіраваў навучанне дзяцей пасля кахлеарнай імплантацыі.
— Чым кіруюцца спецыялісты вашага цэнтра і вы як старшыня абласной экспертнай псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, калі даяце заключэнні аб наяўнасці пэўных парушэнняў у дзяцей, прымаеце рашэнні аб тым, па якіх праграмах яны будуць займацца і ў якіх умовах — інтэграваных класах (групах) або ва ўстановах спецыяльнай адукацыі?
— Да спецыялістаў нашага цэнтра бацькі часта звяртаюцца як да апошняй інстанцыі, каб удакладніць дыягназ, пастаўлены іх дзецям у раённых ЦКРНіР. Звяртаюцца не таму, што не давяраюць спецыялістам на месцах, а таму, што жадаюць пачуць больш меркаванняў наконт парушэнняў у іх дзіцяці, а таксама ў складаных выпадках. Гаворка ідзе аб парушэннях, якія адразу вельмі складана вызначаць і адрозніваць (напрыклад, разумовую адсталасць ад маторнай і сенсаматорнай алаліі або разумовую адсталасць ад аўтызму, які можа мець розныя ступені зніжэння інтэлекту, а можа мець на ўвазе і норму).
Мы не даём парад і рэкамендацый, у якой установе і па якой праграме лепш за ўсё вучыцца дзіцяці, пакуль дакладна не высветлім, якое ў яго парушэнне, у якой мясцовасці яно пражывае, у якой сям’і, ці ёсць у яго доступ да кваліфікаваных спецыялістаў. Можа быць сітуацыя, калі дзіця з тымі ці іншымі парушэннямі (слыху, зроку, цяжкімі парушэннямі маўлення) пражывае ў аддаленай вёсцы, дзе няма адпаведных спецыялістаў (сурдапедагога, тыфлапедагога, лагапеда), і арганізаваць для яго інтэграванае навучанне па месцы жыхарства проста немагчыма. Лепшым выйсцем стане навучанне ў спецыяльнай школе-інтэрнаце, дзе дзіця зможа атрымліваць якасную карэкцыйную дапамогу. Калі ж, напрыклад, у раёне з’явіцца спецыяліст, патрэбны дзіцяці, яно пакіне спецыяльную школу і будзе вучыцца па месцы жыхарства ў інтэграваным класе. Важна, што час не быў патрачаны марна, што навучанне дзіцяці вялося, няхай сабе і далёка ад бацькоў.
У інтэрнаты мы накіроўваем перш за ўсё тых дзяцей з АПФР, якія пражываюць у нядобранадзейных сем’ях, паколькі такія бацькі проста не займаюцца іх выхаваннем і адукацыяй. Часцей за ўсё дзеці з такіх сем’яў з’яўляюцца выхаванцамі дапаможных школ-інтэрнатаў (для дзяцей з разумовымі абмежаваннямі). Так, у Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце сёння знаходзяцца толькі дзеці-сіроты. Капыльская школа на 80 працэнтаў складаецца з такіх дзяцей, у Чэхаўшчынскай і Гарадзейскай школах у асноўным вучацца і выхоўваюцца дзеці з нядобранадзейных сем’яў, але ў апошні час у гэтыя ўстановы паступілі і сіроты.
Калі спецыялісты ўпэўняцца, што сям’я ў дзіцяці добрая і клапатлівая, што парушэнні дазваляюць яму знаходзіцца сярод звычайных равеснікаў, а ў мясцовасці, дзе пражывае сям’я, ёсць усе ўмовы для навучання ў інтэграваным класе, мы рэкамендуем менавіта такі клас. У нас ёсць нават адметныя прыклады, калі ў інтэграцыйны працэс добра ўключаліся дзеці, якія раней вучыліся толькі ў спецыяльных установах (напрыклад, дзеці з ІІ аддзялення дапаможнай школы). Так, у Стаўбцоўскім раёне дзіця з сіндромам Даўна вучыцца ў звычайным класе. У Салігорску нядаўна выпускнікамі спецкласа звычайнай школы сталі дзеці з сіндромам Даўна. У Лагойску вучыцца дзіця з парушэннем аўтычнага спектра. І хаця цяжкасці былі на гэтым шляху, але намаганні спецыялістаў нашага і раённага ЦКРНіР, а таксама бацькоў прынеслі плён — дзіця арганічна ўвайшло ў асяроддзе звычайных равеснікаў.
Пасля таго, як дзіця атрымлівае заключэнне ЦКРНіР (раённага або абласнога) і “пуцёўку” ў тую ці іншую ўстанову адукацыі, спецыялісты нашага цэнтра працягваюць кантраляваць яго знаходжанне там. Праз паўгода яны наведваюць установу, каб ацаніць паспяховасць дзіцяці, вызначыць, наколькі яно сацыялізавана, упэўніцца, што яно развіваецца, што яму камфортна. Калі мы бачым, што навучэнцу там не вельмі ўтульна, што ён спыніўся ў сваім развіцці, то высвятляем прычыны гэтага, шукаем выйсце з сітуацыі, магчыма, рэкамендуем для яго іншы адукацыйны маршрут.
— У апошніх пяць гадоў з’явіліся разважанні аб інклюзіўнай адукацыі і нават пэўныя дзеянні ў гэтым кірунку. Якія ўстановы адукацыі вобласці, на ваш погляд, найбольш перспектыўныя ў гэтым плане? Ці гатова наша грамадства да інклюзіўнай адукацыі?
— Мы не можам стапрацэнтна сказаць, што наша грамадства і школы гатовы да інклюзіўнай адукацыі. Мы пачалі рух у гэтым кірунку, але ўзняліся толькі на некалькі прыступак. Хаця некаторыя ўстановы можна ўжо сёння назваць інклюзіўнымі, аб гэтым сведчыць іх амаль 20-гадовы вопыт паспяховай арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання. Педагогі гэтых устаноў душой і сэрцам прынялі інтэграцыю. У першую чаргу я кажу пра нашы апорныя школы — сярэднюю школу № 18 Барысава і сярэднюю школу № 1 Салігорска, якія да таго ж удзельнічаюць у міжнародным праекце “Тэмпус”: “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнага навучання”. У гэтых установах за 20 гадоў практычна вырашылі ўсе праблемы інтэграцыі дзяцей з АПФР, іх калектывы гатовы падзяліцца сваім вопытам з калегамі. Ёсць і іншыя цудоўныя апорныя школы, у якіх цікава і змястоўна вядзецца работа з дзецьмі з АПФР, — у сярэдняй школе № 2 Стоўбцаў, сярэдняй школе № 5 Вілейкі, сярэдняй школе № 13 Слуцка, сярэдняй школе № 4 Нясвіжа, сярэдняй школе № 2 Смалявіч і ў сярэдняй школе № 2 Заслаўя, якая з’яўляецца філіялам БДПУ імя Максіма Танка. У многіх дашкольных установах таксама паспяхова ажыццяўляецца інтэграцыя, і там камфортна адчуваюць сябе дзеці, якія маюць ДЦП, аўтызм, сіндром Даўна. Гэта яслі-сад № 35 Барысава, яслі-сад № 11 Вілейкі, Капыльскі санаторны яслі-сад, яслі-сад № 1 Салігорска. Інтэграцыйныя працэсы выходзяць і за межы ўстаноў. Усё часцей дзеці з абмежаваннямі прымаюць удзел ва ўсіх раённых і абласных мерапрыемствах — святочных канцэртах, выставах, конкурсах, сумесных бацькоўскіх сходах.
Наш цэнтр на працягу ўсіх гадоў існавання таксама актыўна падтрымлівае развіццё інтэграцыі і інклюзіі. Нашы спецыялісты пастаянна арганізуюць і праводзяць для педагогаў і бацькоў семінары і трэнінгі па актуальных тэмах. Цэнтр далучыўся да міжнародных адукацыйных праектаў “Песталоці”: праграмы Савета Еўропы па павышэнні кваліфікацыі і прафесійным абмене для педагогаў, да праграмы “Крок за крокам” па сацыяльнай адаптацыі дзяцей з АПФР. Гэтыя праграмы накіраваны на развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі.
Мне асабіста давялося вывучаць сістэму арганізацыі інклюзіўнай адукацыі ў Галандыі, Германіі, Італіі, Швецыі, Даніі, Латвіі, Літве. Я мела магчымасць наведаць установы адукацыі гэтых краін, паўдзельнічаць у шматлікіх трэнінгах, тыднёвых семінарах, глыбока асэнсаваць блізкія мне праблемы. Многія краіны сёння маюць вельмі сур’ёзныя дасягненні ў развіцці інклюзіўных працэсаў у грамадстве ў цэлым і ў сістэме адукацыі. Наша краіна, на мой погляд, не павінна поўнасцю пераймаць чыюсьці замежную мадэль адукацыі дзяцей з АПФР, мы павінны выбудоўваць сваю. Не павінна быць інтэграцыі для інтэграцыі або інклюзіі для інклюзіі. Не трэба выхваляння гэтым навамодным словам. Для Беларусі пакуль аптымальным з’яўляецца існаванне розных тыпаў і відаў устаноў адукацыі, розных форм навучання дзяцей з АПФР. Павінны быць і ўстановы спецыяльнай адукацыі, і інтэграваныя формы навучання, і навучанне дома, і дыстанцыйнае навучанне. Трэба ісці па шляху інклюзіўнай адукацыі, але пры гэтым актыўна выкарыстоўваць рэсурсы, вопыт і багаты патэнцыял менавіта ўстаноў спецыяльнай адукацыі.
Падтрымка інклюзіўных працэсаў у нас ажыццяўляецца на дзяржаўным узроўні і арганізоўваецца прадумана і паступова з адначасовым стварэннем адпаведнай нарматыўнай прававой базы, як калісьці і пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання. Інтэграваныя класы (групы) ствараюцца толькі ў тым выпадку, калі ва ўстановах ёсць усе неабходныя ўмовы для гэтага: створана належнае мікраасяроддзе класа (групы), у калектыве педагогаў сфарміраваны талерантныя адносіны да дзяцей з АПФР. І самае галоўнае, калі вырашана кадравае пытанне — павінны быць настаўнікі-дэфектолагі і настаўнікі-прадметнікі, якія гатовы да работы з асаблівымі дзецьмі і маюць не толькі адпаведныя веды, але і маральную гатоўнасць да такой дзейнасці.
У гэтай сувязі адзначу вельмі ўдалы вопыт прафарыентацыі старшакласнікаў агульнаадукацыйных школ у Стаўбцоўскім раёне. Каб забяспечыць настаўнікамі раённую сістэму спецыяльнай адукацыі, у інтэграваныя класы і групы, ПКПД, ЦКРНіР у якасці валанцёраў запрашаюць дзяўчат-выпускніц, якія падчас работы пранікаюцца ўсімі праблемамі такога навучання. Пасля паступаюць у педагагічны ўніверсітэт, многія — на факультэт спецыяльнай адукацыі, каб стаць дасведчанымі настаўнікамі і потым вярнуцца на радзіму.
— Для педагога важна не толькі самому прыняць кожнае асаблівае дзіця, але і навучыць гэтаму яго звычайных равеснікаў. З якога ўзросту трэба пачынаць фарміраваць у дзяцей талерантнае стаўленне да іншых людзей?
— У раннім узросце дзеці, як правіла, прымаюць усіх. Але адмоўную “дапамогу” ім могуць аказаць дарослыя. Каб такога не адбывалася, трэба пачынаць фарміраванне інклюзіўнай свядомасці з дашкольнага ўзросту, прычым не толькі да дзяцей з нязначнымі парушэннямі, а ў першую чаргу да дзяцей з цяжкімі парушэннямі. Гэтаму сёння спрыяе тое, што многія раённыя ЦКРНіР знаходзяцца ў адным будынку з установамі дашкольнай адукацыі, што, безумоўна, пашырае магчымасці для ўзаемаадносін дзяцей.
Калі здаровае дзіця прывыкне, што побач з ім у пясочніцы можа гуляць “даўнёнак” або “калясачнік”, прызнае ў ім свайго сябра, толькі са сваёй душой, сэрцам, розумам, са сваімі асаблівымі адносінамі да жыцця; калі педагогі і бацькі па-добраму аднясуцца да такіх зносін і будуць падказваць здароваму дзіцяці: “Дапамагай таму, хто слабейшы. Ён іншы, ён не такі разумны, як ты, але ён добры чалавек”, тады і ў дарослым жыцці такі чалавек не пакрыўдзіць слабейшага, не такога, як ён.
А вось цікавы прыклад, як дзеці з АПФР прымаюць іншых дзяцей з асаблівасцямі. Навучэнцы са Ждановіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху ўдзельнічалі ў аўкцыёне ў межах праекта “Свет за акном”, які праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы, разам з маладымі людзьмі з дома-інтэрната ў Навінках. Усе ўдзельнікі прадстаўлялі свае творчыя нумары, мастацкія работы. Падчас аўкцыёну дзеці з парушэннем слыху дапамагалі маладым людзям з інтэрната, усюды суправаджалі іх — яны поўнасцю прынялі іх і адначасова працавалі над сваёй самаацэнкай. Пасля мерапрыемства навучэнцы са Ждановіч падвялі выснову: у нас парушаны слых — гэта дрэнна, але ж ёсць тыя, каму жывецца яшчэ цяжэй.
Спецыялісты нашага ЦКРНіР наладжвалі відэамост паміж Маладзечанскай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку і Ждановіцкай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннем слыху. Дзеці актыўна кантактавалі, задавалі адно аднаму пытанні, быў пакладзены пачатак сапраўднаму сяброўству.
— Нядаўна завяршыўся V Рэспубліканскі конкурс “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Па агульных выніках конкурсу 1 месца — за ўпраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама. Адметна, што ў конкурсных работах педагогі вобласці вялікую ўвагу ўдзялілі не толькі пытанням фарміравання талерантных адносін да дзяцей з АПФР, супрацоўніцтву з іх сем’ямі, але і пытанням іх жыццёвай перспектывы.
— Бацькам бывае вельмі цяжка змірыцца з псіхафізічнымі парушэннямі свайго дзіцяці, асабліва з дыягназамі, звязанымі з разумовымі абмежаваннямі. Часам даводзіцца доўга і далікатна тлумачыць, што дыягназ — гэта не прыгавор. Ёсць цудоўныя прыклады, калі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць добрую адукацыю, у тым ліку ў вышэйшых навучальных установах, знаходзяць нармальную работу, ствараюць сем’і. Калі гаворка ідзе аб маладых людзях з лёгкай разумовай адсталасцю, то, зразумела, яны не будуць мець вышэйшай адукацыі, але змогуць атрымаць спецыяльнасць ва ўстановах прафтэхадукацыі. У бягучым навучальным годзе 297 навучэнцаў з АПФР атрымліваюць прафесійную адукацыю ў спецыяльных і інтэграваных групах у 11 установах прафтэхадукацыі Мінскай вобласці. Яны стануць будаўнікамі, майстрамі па рамонце тэхнікі, сталярамі, тынкоўшчыкамі, жывёлаводамі, а дзяўчаты — швачкамі. Гэтыя прафесіі сёння запатрабаваны на рынку працы, і маладыя людзі нават змогуць добра зарабляць.
Пытанням жыццеўладкавання маладых людзей з АПФР упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама ўдзяляе вялікую ўвагу. На адной з абласных калегій у мінулым годзе раённыя аддзелы адукацыі і школы-інтэрнаты давалі справаздачы па гэтых пытаннях. Як высветлілася, толькі некаторыя выпускнікі школ-інтэрнатаў былі накіраваны ў дамы-інтэрнаты. Але ж большасць з іх працуе, мае сваё жыллё, атрымлівае заробак. Маладыя людзі стварылі сем’і і ўвогуле задаволены жыццём.