У руху наперад

У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі са студэнтамі. У сустрэчы прыняў удзел рэктар акадэміі Г.У.Пальчык.

Выступаючы перад студэнцкай моладдзю, Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што пазіцыя Міністэрства адукацыі сёння — не праводзіць рэвалюцыйных пераўтварэнняў у сі-стэме адукацыі нашай краіны, а паступова, эвалюцыйнымі метадамі, улічваючы парады прафесіяналаў, педагагічнай грамадскасці і тыя змяненні, якія адбываюцца на сусветнай адукацыйнай прасторы, пастаянна рухаць сістэму адукацыі наперад.

— У сённяшняй імклівай рэчаіснасці любая галіна відазмяняецца пад уплывам знешніх і ўнутраных фактараў, — адзначыў І.В.Карпенка. — Так і адукацыйная галіна не можа заставацца нерухомай, інакш яна не будзе запатрабавана нашай эканомікай і нашым грамадствам. Таму трэба весці актыўную работу па развіцці айчыннай адукацыйнай галіны.

З гэтай мэтай у жніўні мінулага года быў праведзены Рэспубліканскі педагагічны савет, дзе былі вызначаны канцэптуальныя падыходы ў развіцці сістэмы адукацыі на перспектыву.

— Такім чынам, мы зрабілі сабе адукацыйны план, дзе акрэслілі тыя неабходныя змяненні, якія тычацца заканадаўчай, нарматыўнай базы сферы адукацыі, зместавага напаўнення адукацыйнага працэсу, падрыхтоўкі педагагічных кадраў і шэрага іншых.

Ігар Васільевіч спыніўся больш падрабязна на вышэйшай адукацыі.

— Як вядома, наша краіна ў 2015 годзе далучылася да Балонскага працэсу, сёння Беларусь — 48-я краіна ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. За гэты час мы паступова рухаліся наперад у рэалізацыі тых канцэптуальных пазіцый, якія закладзены Балонскай дэкларацыяй.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што сёння не трэба ізалявацца ад іншых краін, ад тых палітычных, эканамічных і адукацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў глабальным свеце. Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі — гэта яшчэ адна пляцоўка, дзе можна пазіцыянаваць Беларусь, якая мае дасканалую сучасную сістэму адукацыі і можа быць надзейным партнёрам з іншымі краінамі ў падрыхтоўцы кадраў. Безумоўна, такі падыход дазволіць павялічыць экспарт адукацыйных паслуг, далучыць новых студэнтаў з замежжа да навучання ў нашых установах вышэйшай адукацыі.

— Уваход у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі дае нам магчымасць абменьвацца інфармацыяй, набываць міжнародны вопыт, удзельнічаць у сумесных праектах і такім чынам прадстаўляць праз сферу адукацыі нашу краіну на міжнароднай арэне, — заявіў І.В.Карпенка. — Наша сістэма адукацыі ў сваім развіцці ўлічвае міжнародныя тэндэнцыі і сёння ў многім супадае з адукацыяй іншых краін. Як для іх, так і для нас прыярытэтам з’яўляецца практыкаарыентаванасць адукацыі, што дазваляе адпавядаць запатрабаванням эканомікі.

Міністр адукацыі спыніўся на значнасці размеркавання выпускнікоў.

— Размеркаванне — гэта аптымальны спосаб сацыяльна падтрымаць выпускніка, — лічыць Ігар Васільевіч. — Разам з атрыманнем першага рабочага месца нашы выпускнікі атрымліваюць статус маладога спецыяліста, а значыць і адпаведныя сацыяльныя гарантыі, якія прадастаўляе ім дзяржава. Што тычыцца тых выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю на платнай аснове, то, па словах міністра адукацыі, платная вышэйшая адукацыя таксама з’яўляецца формай сацыяльнай абароны студэнта.

— Выйсці на рынак працы пасля школы і канкурыраваць там з іншымі значна складаней, чым пасля ўніверсітэта, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — І гэта станоўчы момант. Акрамя таго, сёння платная адукацыя не пакрывае ў поўным аб’ёме ўсе выдаткі, якія патрабуюцца для падрыхтоўкі спецыяліста, і гэта, па сутнасці, можна лічыць частковай аплатай адукацыі. Таксама пры аплаце за вучобу можна выкарыстоўваць сістэму льготнага крэдытавання пад адукацыю, якую прадастаўляе дзяржава нашым студэнтам. Плюс да гэтага любы платнік можа спыніць вучобу, пайсці папрацаваць, перавесціся на завочнае навучанне — паспрабаваць сумяшчаць вучобу і работу. І сёння існуюць механізмы, якія дазваляюць гэта зрабіць.

Як паведаміў Ігар Васільевіч, у гэтым годзе больш за тысячу чалавек, якія вучыліся ва УВА на платнай аснове, звярнуліся да камісій з просьбай іх размеркаваць, нават пры тым, што сёння на платнікаў статус маладога спецыяліста не распаўсюджваецца. Выпускнікі хочуць мець канкрэтнае рабочае месца, нават без сацыяльных гарантый. Міністр заўважыў, што ў праекце Кодэкса аб адукацыі закладзена пазіцыя, што пры жаданні выпускніка, які вучыўся на платнай аснове, атрымаць размеркаванне яму будзе прадастаўляцца статус маладога спецыяліста і ўсе тыя сацыяльныя гарантыі, якія прадугледжаны да гэтага статусу.

Важным пытаннем, па словах кіраўніка галіновага міністэрства, з’яўляецца фарміраванне структуры эканомікі і аператыўнае рэагаванне на запыты сістэмы адукацыі праз падрыхтоўку адпаведных кадраў.

— Адукацыйная галіна не існуе сама па сабе, яна завязана на эканамічных працэсах, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Таму павінна рыхтаваць менавіта тыя кадры, якія нам заказваюць.

Якія кадры патрэбны сёння — гэтае пытанне павінны вырашаць заказчыкі кадраў. Але пакуль цеснага ўзаемадзеяння з імі сістэме адукацыі наладзіць не ўдавалася.

Ёсць спадзяванне, што на гэта станоўча паўплывае новая сістэма прагназавання і заказу кадраў. Міністэрства эканомікі будзе вызначаць змяненні ў структуры эканомікі і звязаныя з гэтым патрабаванні ў падрыхтоўцы кадраў. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе вывучаць рынак працы, попыт і прапанову, аналізаваць дэмаграфію, з улікам чаго можна будзе сфарміраваць прыём у навучальныя ўстановы. Многія змяненні ў гэтым напрамку ўжо адбываюцца. Напрыклад, аптымізаваны пералік спецыяльнасцей, па якіх у нашых УВА вядзецца падрыхтоўка. Тыя спецыяльнасці, на якія няма попыту на рынку працы, скарочаны. Уведзены новыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны ў нашай эканоміцы.

Выказаў міністр адукацыі і свае меркаванні наконт ролі выкладчыка ў адукацыйным працэсе.

— Проста прачытаць лекцыю, згадзіцеся, сёння недастаткова, — заявіў Ігар Васільевіч. — Пры існуючым магутным інфармацыйным полі знайсці неабходную інфармацыю студэнт і сам зможа. На педагога ўскладваецца задача дапамагаць яму ў гэтым. Сёння, на жаль, мяняецца роля студэнцкай бібліятэкі. Колькасць яе наведвальнікаў змяншаецца. Відавочна, бібліятэка ў тым выглядзе, у якім яна існуе, страчвае сваё значэнне. І гэта сур’ёзная метадычная праблема, вырашэнне якой неабходна тэрмінова шукаць. Акрамя таго, неабходна перабудаваць зместава сістэму заняткаў, каб педагог не толькі выконваў функцыю носьбіта інфармацыі, а выбудоўваў вучэбны працэс такім чынам, каб веды студэнта сталі сістэмнымі, практыка-накіраванымі. Педагог павінен быць больш мабільным і ў той прадмет, які ён выкладае, аператыўна ўносіць змяненні і дапаўненні, якія прадыктаваны часам і непасрэдна эканомікай. З улікам гэтага ў сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі павінны пастаянна ўносіцца карэктывы.

Сустрэча міністра адукацыі са студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшла ў форме дыялогу. Студэнтаў цікавіла, якія перавагі маюць магістратура і бакалаўрыят, як будуць развівацца ўніверсітэты 3.0, студэнцкая навука, якія новыя напрамкі прадугледжвае маладзёжная палітыка.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.