Учора ў сталічным адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 адкрылася XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Яркім момантам форуму стане IV Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Сёння насамрэч няпроста знайсці ў свеце пляцоўкі, на якіх пісьменнікі розных краін гаварылі б аб праблемах грамадства, а не толькі ўласна літаратуры. Мінск ужо каторы раз становіцца такой удзячнай сцэнай.
Удзельнікам XXV ММКВК і IV Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” сваё прывітанне накіраваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. “Гэты форум па праве лічыцца адной з найбольш яркіх падзей у жыцці Беларусі, — адзначыў прэзідэнт. — За чвэрць стагоддзя ён набыў шырокую вядомасць і за межамі нашай краіны”. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што духоўна-маральнае развіццё грамадства з’яўляецца адной з самых важных задач беларускай дзяржавы і немалаважную ролю ў гэтым, безумоўна, адыгрывае кніга.
“Цяжка пераацаніць значэнне кнігі ў захаванні культурнай спадчыны пакаленняў, фарміраванні асобы і выхаванні патрыятызму, адукацыі і руху да прагрэсу”, — адзначыў прэзідэнт. Паводле яго слоў, выключна важна, каб сумленнае і пранікнёнае слова пісьменніка заклікала да міру, узаемаразумення і гуманізму.
“Юбілейная выстава-кірмаш стала сапраўдным святам кнігі, дзе свае навінкі прадстаўляюць выдаўцы з 32 краін”, — сказаў на цырымоніі адкрыцця XXV ММКВК першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў.
Як падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, у нашай краіне вельмі ўважліва ставяцца да друкаванай кнігі. Той факт, што летась было выдадзена каля 10 тысяч назваў кніжак, красамоўна гаворыць пра гэтую ўвагу. І гэта, па словах міністра, вынік намаганняў як дзяржавы, так і выдаўцоў розных форм уласнасці.
XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш прысвечана тэме Году малой радзімы і міжнароднага супрацоўніцтва беларускіх пісьменнікаў з літаратарамі розных краін. Ганаровым госцем XXV ММКВК выступае Сербія, і сербы прывезлі сваім беларускім сябрам сапраўды цікавую і насычаную праграму. Так, мы зможам убачыць выставу Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі “Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне”. Пройдуць таксама творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, Даянай Лазаравіч — перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча “Вянок”. Запамінальнай абяцае стаць сербска-беларуская літаратурная сустрэча “Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч”.
Акрамя таго, будуць арганізаваны прэзентацыі зборніка сучаснай сербскай паэзіі, кнігі Нэвены Вітошавіч-Чэкліч “Чырвоныя кветкі Косава поля”, кнігі “Беларусы пра Сербію і Югаславію”, перакладу на рускую мову твораў св.Савы Сербскага “Студенички типик” і “Житие св.Сименона”, падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе “Повелья” і сербскіх выпускаў часопісаў “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, газеты “Літаратура і мастацтва”.
Як заўсёды, не абыдзецца ММКВК і без удзелу вялікіх краін, носьбітаў кніжнай культуры — Расіі (беларускія гледачы будуць мець магчымасць наведаць экспазіцыі “Выдавецкія праграмы ўрада Масквы” і “Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон”), Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, КНР. Знакавым мерапрыемствам выставы стане прэзентацыя “Энцыклапедыі Кітая” на беларускай мове. Камітэт па друку і ўзаемадзеянні са СМІ ўрада Санкт-Пецярбурга прадставіць у Мінску музычна-літаратурны вечар, прысвечаны 315-годдзю заснавання горада на Няве і сумесным расійска-беларускім кніжным праектам.
Таксама падчас дзён выставы-кірмашу пройдзе IV Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, у якім возьмуць удзел пісьменнікі больш як з 20 краін.
Ды самае галоўнае, безумоўна, тое, што кнігалюбы Беларусі змогуць некалькі дзён (нядзелю таксама) правесці ў сапраўдным акіяне кніг. Змогуць нагледзець і набыць тую, якую даўно хацелі, але ўсё не здаралася такой магчымасці. Змогуць сустрэцца з любімымі аўтарамі. Змогуць проста пагартаць нейкую кніжку і “забіць” яе ў памяць свайго смартфона.
А некаторыя проста зробяць з кнігай сэлфі: “У руках маіх кніга”. Бо гэта ж як быццам дзіця трымаеш…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.