У руках моладзі

- 10:45Актуально, Апошнія запісы

У моладзі Беларусі з’явілася яшчэ адна выдатная магчымасць быць пачутымі. Пры міністры адукацыі Рэспублікі Беларусь створаны Рэспубліканскі маладзёжны савет. Гэты дарадчы і кансультатыўны орган не трэба блытаць з Грамадскім рэспубліканскім студэнцкім саветам, які працуе пры міністры адукацыі. Кола пытанняў, якія ён будзе разглядаць, значна шырэйшае ў параўнанні з папярэднікам. Закранае яно ўсе сферы маладзёжнай палітыкі.

“Практычна год мы ішлі да таго, каб стварыць калегіяльны грамадскі ор ган, які будзе абмяркоўваць актуальныя пытанні ў галіне маладзёжнай палітыкі і выпрацоўваць пэўныя рашэнні”, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі краіны, падчас першай сустрэчы з удзельнікамі савета, куды ўвайшлі прадстаўнікі самых розных дзяржаўных структур.
Так, у складзе савета, напрыклад, можна ўбачыць прадстаўнікоў маладзёжных грамадскіх арганізацый, членаў саветаў маладых вучоных універсітэтаў, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікаў абласных выканаўчых камітэтаў, якія займаюцца пытаннямі маладзёжнай палітыкі, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі. Узначальвае савет Інеса Кляшчук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве.
Дарэчы, не выключана, што Рэспубліканскі маладзёжны савет будзе выходзіць з заканадаўчымі ініцыятывамі. Плануецца, што яго прадстаўнікі возьмуць удзел у абмеркаванні праекта закона аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”. Аднак сваю работу ён пачне з іншых спраў, а менавіта з удзелу ў выбары маладзёжнай сталіцы Беларусі. Прадумаць трэба будзе і сцэнарый правядзення мерапрыемства ў гонар гэтага свята. Актыўным арганізатарам, як плануецца, выступіць савет і на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзе маладзёжнай палітыцы будзе прысвечана цэлая секцыя.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.