У руках — мяч і перамога

Спартыўнае свята “Дзень гандбола” сабрала ў чацвер у спартыўнай зале Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і гульні ў ручны мяч. Ва ўрачыстай атмасферы студэнты, выкладчыкі, рэктарат, славутыя спартсмены, прадстаўнікі Беларускай федэрацыі гандбола ганаравалі жаночую зборную БДПУ, якая стала чэмпіёнам Рэспубліканскай універсіяды — 2017 у гэтым папулярным гульнявым відзе спорту.

Сучасны педагог павінен любіць спорт і перадаваць гэтую любоў сваім выхаванцам. Менавіта такіх педагогаў і рыхтуюць у галоўнай педагагічнай альма-матар краіны.

— Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка з’яўляецца не толькі ўстановай, дзе рыхтуюць педагагічныя кадры, але і тэрыторыяй спорту і здароўя. Мы прыкладаем максімум намаганняў для развіцця студэнцкага спорту і, канечне ж, ганарымся спартыўнымі дасягненнямі нашых навучэнцаў, і асабліва ў гульнявых, якія традыцыйна выклікаюць цікавасць балельшчыкаў. Гандбол дазваляе спартсмену прадэманстраваць лепшыя гульнявыя якасці: не толькі волю да перамогі, згуртаванасць, але і ўменне працаваць і гуляць у камандзе, што вельмі важна для будучых педагогаў. Менавіта гэтыя якасці прынеслі перамогу нашай жаночай зборнай і ўзнялі яе на п’едэстал пашаны. Мы вельмі рады, што сёння пры падтрымцы Беларускай федэрацыі гандбола будзем ганараваць чэмпіёна ўніверсіяды-2017 па гандболе. Упэўнены, такія спартыўныя святы стануць добрай традыцыяй ва ўніверсітэце, бо ў нас ёсць кім ганарыцца, ёсць жаданне перамагаць і ёсць для гэтага ўсе магчымасці, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Для падобных перамог і развіцця спорту ва ўніверсітэце пры асабістай падтрымцы Аляксандра Іванавіча робіцца многае. Спартыўны комплекс БДПУ складаецца з басейна, залы сухога плавання, гульнявой, трэнажорнай залы, залы сілавых адзінаборстваў, фітнесу і аэробікі. Асабліва важным спартыўным аб’ектам з’яўляецца стадыён, рэканструяваны ў верасні 2016 года. Сучасная база ўніверсітэта дазваляе студэнтам паказваць высокія вынікі на спартыўных спаборніцтвах. Так, па выніках Рэспубліканскай універсіяды — 2017 БДПУ заняў 4-е агульнакаманднае месца, а зборныя ўніверсітэта сталі прызёрамі і пераможцамі ў шэрагу відаў спорту. Акрамя гандбола, перамога была здабыта ў Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лізе сярод жаночых каманд, Рэспубліканскай універсіядзе па дзюдо сярод мужчын і Адкрытым кубку па міні-футболе на прызы Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту сярод жаночых каманд. Універсітэт не толькі ўдзельнічае ў спаборніцтвах, але і прымае спаборніцтвы высокага ўзроўню. Так, у маі мінулага года на ўніверсітэцкім стадыёне прайшла “Беларусіяда” (захапляльныя спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях) сярод каманд з усіх раёнаў сталіцы.

Гандбол з’яўляецца адным з самых відовішчных і папулярных відаў спорту не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Нацыянальная і маладзёжная зборныя Беларусі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі чэмпіянатаў Еўропы і свету. У БДПУ таксама актыўна развіваецца гандбол. 18 студэнтаў і выпускнікоў універсітэта ўваходзяць і ў розныя часы ўваходзілі ў склад мужчынскіх і жаночых нацыянальных зборных Рэспублікі Беларусь. Студэнты прадстаўлены ў тытулаваных клубах. Сведчаннем універсітэцкіх гандбольных традыцый можна лічыць дасягненні ў Рэспубліканскай універсіядзе. Мужчынская зборная за апошнія 10 гадоў сем разоў станавілася чэмпіёнам універсіяды, жаночая зборная ў 2015 і 2016 гадах займала 2-е месца, а ў 2017 стала чэмпіёнам. У фінале спартсменкі праявілі волю да перамогі і абыгралі каманду БНТУ, якая на працягу апошніх гадоў была бяззменным лідарам па гандболе сярод студэнцкіх каманд.

Па словах трэнера каманды старшага выкладчыка кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін Сяргея Аркадзьевіча Траско, сакрэты перамог даволі простыя: трэнеру трэба “дастукацца” да сэрцаў спартсменаў, стварыць станоўчую атмасферу на трэніроўках, зрабіць так, каб дзяўчаты ўклалі ў гульню сваё сэрца і душу, адчулі адказнасць і праявілі характар, майстэрства і волю.

— Вельмі прыемна прысутнічаць на такім спартыўным свяце, асабліва ва ўстанове адукацыі, дзе настолькі любяць спорт, і пры гэтым установа не з’яўляецца профільнай па спорце. Знамянальна, што гэтае свята адбываецца ў дні Алімпійскіх гульняў. Як старшыня федэрацыі гандбола хачу сказаць, што мы паставілі для сябе мэту, каб наша мужчынская зборная па гандболе трапіла на Алімпіяду ў Японію ў 2020 годзе. Для гэтага дзяржава і федэрацыя робяць усё магчымае. Па адукацыі я таксама настаўнік, і мне асабліва прыемна з вамі сустракацца. Будзе цудоўна, калі на базе вашага ўніверсітэта створыцца прафесійная каманда не толькі па міні-футболе, але і жаночая каманда па гандболе, — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў.

Спартыўная федэрацыя зрабіла і свой уклад у развіццё гандбола ва ўніверсітэце, падараваўшы гандбольныя вароты, мячы і два камплекты спартыўнай формы для жаночай зборнай БДПУ. Завяршыў урачыстасць таварыскі матч паміж камандай студэнтаў БДПУ і камандай выхаванцаў Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву РДВАР-БНТУ-2. Спартыўнае свята “Дзень гандбола” паклала добры пачатак ганаравання зборных БДПУ — пераможцаў Рэспубліканскай універсіяды па розных відах спорту. Няхай гэтых перамог і падобных свят будзе як мага больш!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *