У рытмах творчасці, сяброўства і натхнення

Дні моладзі расквецілі XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” яркімі фарбамі і значнымі падзеямі.

Cтарт святу юнацтва, натхнення і сяб­роўства, што аб’яднала ініцыятыўных і таленавітых юнакоў і дзяўчат з Беларусі і Расіі, быў дадзены 16 ліпеня на канферэнцыі Расійска-Беларускага саюза моладзі, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні саюзнай інтэграцыі. Увечары на плошчы Перамогі лепшыя ў краіне DJ падарылі публіцы феерычную дыска-праграму. Штораз ўнікальны маладзёжны праект узбага­чаюць новыя творчыя формы, і 2021 год не стаў выключэннем. Сёлетнія Дні моладзі прахо­дзілі ў фармаце фестывалю “Запальвае моладзь” па трох напрамках: “Агні народнага адзінства”, “Агні новых перамог” і “Агні таленавітай моладзі”. Апоўдні 17 ліпеня пачаўся арт-парад “Беларусь Адзіная!”. Велізарную калону, якая рушыла па вуліцы Леніна да Цэнтральнай плошчы горада, узначалілі прадстаўнікі самага маладога рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” ў суправа­джэнні юных прыгажунь з узорнага харэаграфічнага калектыву “Весялушкі” Аршанскага гарадскога цэнтра культуры “Перамога”. Працягнулі грандыёзнае шэсце актывісты БРСМ — каманда цягніка #БеларусьМо­ладзьАдзінства, удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў з усіх рэгіёнаў. Маладыя людзі пранеслі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь памерам 6х12 метраў. Не толькі моладзь, але і прыхільнікі здаровага ладу жыцця ўсіх узростаў з задавальненнем далучыліся да бадзёрай, энергічнай “Народнай зарадкі”, у ролі хэдлайнера якой выступіла “Каралева Вясна Беларусі 2018”, кіраўнік школы бальных танцаў “Паўночная сталіца” Марыя Салаўёва са сваімі юнымі выхаванцамі, і да запальнага флэшмобу.

У рамках патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” моладзь, арганізатары і ганаровыя госці свята аддалі даніну павагі абаронцам Радзімы і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў. Афіцыйная цырымонія адкрыцця Дзён моладзі адбылася з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі, кіраўніцтва Віцебска і Віцебскай вобласці, прадстаўнікоў дэлегацыі Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск” Глеба Лапіцкага, маладзёжных лідараў Беларусі і Расіі.

— Помню, нам гаварылі: “Час праляціць хутка” і “За моладдзю будучыня”— звярнуўся да моладзі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Сёння гэтыя словы мы адрасуем вам. Якая ўсіх нас чакае будучыня, залежыць ад вас. Паглядзіце адзін на аднаго, на сяброў — і вы ўбачыце яе абліччы, а за імі — сваю родную краіну. Моладзь у нас цікавая, дасведчаная, інтэлектуальная. Культура, спорт, алімпіяды, валанцёр­ства — гэта ўсё вы, наша гордасць. Мы спа­дзяёмся — і ў тым ёсць логіка жыцця — што вы прымножыце ўсё лепшае, што вам даверылі продкі.

Ігар Карпенка ў гутарцы з журналістамі назваў славянскае братэрства, і ў першую чаргу адзінства расіян, беларусаў і ўкраінцаў, сімвалам “Славянскага базару ў Віцебску”. Тое, што тут праходзяць Дні моладзі, таксама сімвалічна: ад таго, наколькі старэйшае пакаленне здолее перадаць традыцыі, пэўныя духоўныя і маральныя асновы свайго жыцця падрастаючаму пакаленню, будзе залежаць лёс грамадства і дзяржавы.Толькі захоўваючы пераемнасць, залучаючы моладзь у гушчу цікавых і карысных спраў, можна дасягнуць прарыўнога росту ў найбліжэйшай перспектыве. Маладыя людзі — стратэгічны рэсурс дзяржавы. Гэта не проста словы. Незашоранасць, здольнасць думаць творча, прапаноўваць нестандартныя рашэнні — вось асноўныя перавагі моладзі, якія высока цэняцца ў нашай краіне. У Беларусі дзейнічае сістэма падтрымкі, заахвочвання, стварэння здаровага жыццёвага асяроддзя, сацыяльных гарантый, прафесійнага ўдасканалення і самарэалізацыі моладзі. Гэта дапамагае маладым людзям ставіць амбіцыйныя задачы і паспяхова іх вырашаць, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і ўжо сёння рабіць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

— Мне асабліва прыемна, што мая родная Віцебшчына стала цэнтрам прыцягнення самай крэатыўнай, энергічнай, вясёлай часткі насельніцтва — нашай моладзі, — адзначыў міністр. — Вітаю ўсе цікавыя праекты, якія ўжо не першы год паспяхова рэалізоўваюцца, а некаторыя толькі сёлета пачалі ўвасабляцца ў жыццё, і тых, хто з’яўляецца стваральнікамі гэтых праектаў, уключаючы ўдзельнікаў маладзёжнага цягніка. Перакананы: вы прыехалі сюды з новымі ідэямі і напрацоўкамі. У сваю чаргу, тут вы зможаце многаму навучыцца, каб садзейнічаць рос­квіту нашай цудоўнай Беларусі.

Тым часам на плошчы запанаваў оpen-air “Запалі маладзёжны агонь”, дзе кожны меў магчымасць знайсці сабе занятак па інтарэсах. На пляцоўцы #Беларусь_гістарычная можна было паглыбіцца ў рэканструкцыю друкарні газеты “Зара”, паўдзельнічаць разам з яе падпольнай рэдакцыяй у абмеркаванні навін з “Вялікай зямлі” і вёрстцы гэтага выдання на друкарскай машынцы. Побач запрашалі пагуляць у беларускія народныя гульні і забавы, заклікалі далучыцца да квізу “Дакладна адкажы — і едзь!” (бонусам за правільныя адказы на пытанні па гісторыі роднай краіны было запрашэнне пакатацца на дрыфт-трайку). Цудоўны сюрпрыз падрыхтавалі для дзяўчат: кожнай з іх майстры-цырульнікі былі гатовы бясплатна стварыць модную прычоску з кос і патрыятычнай чырвона-зялёнай стужачкі, а майстры бодзі-арту ўсім жадаючым малявалі дзяржаўны сцяг з нацыянальным арнаментам. Выдатны падарунак чакаў маладых людзей, якія імкнуцца ўдасканаліць свае веды ў тэрытарыяльнай будове краіны: БРСМ заявіў чэмпіянаты і правёў пробныя спаборніцтвы па спілс-карце Беларусі.

Шматлікія прыхільнікі знайшліся і ў канструктарскага тымбілдынгу. З цікавасцю наведвальнікі разглядалі выставу ваеннай тэхнікі, макетаў зброі часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а побач разгарнулася выстава рэтра-аўтамабіляў. Напэўна, адной з найбольш папулярных была тэматычная пляцоўка аматараў спорту, дзе праходзілі адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце “Кубак губернатара” і спартыўныя майстар-класы. Зарадзіцца танцавальнай, музычнай і артыстычнай культурай можна было ў час гранд-фіналу нацыянальнага фестывалю маладзёжнай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў”, дзе за перамогу ў конкурсах змагаліся пераможцы абласных і мінскага гарадскога тураў праекта. Завяршылі святочны нон-стоп цырымонія ўзнагароджання пераможцаў праектаў і спаборніцтваў, аўтапаці і феерверк у гонар маладосці, традыцый і будучыні.

Дні моладзі праводзяцца з мэтай папулярызацыі маладзёжнага руху краіны, падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод моладзі, садзейнічання развіццю і рэалізацыі маладзёжных грамадска-значных ініцыятыў, развіцця міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, а таксама выхавання нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці і патрыятызму. Арганізатарам мерапрыем­ства выступае БРСМ пры падтрымцы Міні­стэрства адукацыі Беларусі, дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Віцебскага аблвыканкама.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.