У рытме клопату

- 16:25Брэстчына

Якая справа самая важная? Які час самы каштоўны? Хто з людзей самы галоўны? Вось так арыгінальна, можна сказаць, па-філасофску, пачалося для ўдзельнікаў прэс-туру знаёмства з сярэдняй школай № 4 Лунінца. У адказах на гэтыя кароткія, але важныя пытанні і заключаецца сэнс работы педагагічнага калектыву ўстановы. Самая важная для іх справа — вучыць і выхоўваць падрастаючае пакаленне. Самы каштоўны час — момант урока або пазакласнага мерапрыемства. Самы галоўны чалавек — безумоўна, вучні.

Тое, што на агучаныя пытанні калектыў сярэдняй школы № 4 Лунінца дае вычарпальныя і грунтоўныя адказы, робіць сваю справу якасна, на высокім прафесійным узроўні, і пераканала няхай непрацяглае, але вельмі насычанае і яркае знаёмства з установай адукацыі. Як паведаміла дырэктар Наталля Аляксандраўна Цяльпук, сярэдняя школа № 4 Лунінца з’яўляецца другой па велічыні ў раёне. У 37 класах-камплектах у дзве змены займаюцца 911 навучэнцаў, працуюць 82 педагагічныя работнікі, з якіх 34 працэнты маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. На базе школы дзейнічае 5 груп прадоўжанага дня, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, 4 класы прававой накіраванасці і 4 класы інтэграванага навучання і выхавання. На трэцяй ступені функцыянуюць класы з павышаным вывучэннем асобных вучэбных прадметаў.

Яшчэ адзін важны факт: у школе створаны ўсе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу дзяцей. 38-ю аб’яднаннямі па інтарэсах ахоплена 62,5 працэнта навучэнцаў. Менавіта на творчым патэнцыяле навучэнцаў і педагогаў і была акцэнтавана ўвага падчас канцэрта — прэзентацыі ўстановы адукацыі. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмілы Уладзіміраўны Курчэні, у аснову выхаваўчай работы школы пакладзена асабістая дзейнасць вучня, мастацтва выхавання з боку педагога зводзіцца да таго, каб накіраваць і рэгуляваць гэтую дзейнасць. Выхаванне ажыццяўляецца праз асабісты вопыт навучэнца, які вызначаецца і фарміруецца ў школьным асяроддзі.

Якія якасці характару фарміруюцца ў юных лунінчан? Пра гэта цудоўна расказалі ўдзельнікі школьнай пярвічкі БРСМ (дарэчы, самай лепшай у раёне, а ў 2015 годзе яшчэ і ў Брэсцкай вобласці): “Быць добрым, цярпімым да аднога чалавека вельмі проста, але стаць добрым да чалавецтва неймаверна цяжка. Выправіць чалавецтва нельга, выправіць сябе можна. Вось чаму трэба пачынаць з сябе. Хто клопатам і ўвагай расправіць зморшчынкі на твары ветэрана? Чые працавітыя рукі не дадуць зарасці пустазеллем адзінокай магіле? Хто сваёй душэўнасцю падтрымае хлопчыка ў інваліднай калясцы? Няхай гэта буду я! Няхай гэта будзем мы!” Вось такія яны — вучні сярэдняй школы № 4 Лунінца — клапатлівыя, добрыя, уважлівыя, працавітыя. Таму невыпадкова валанцёрскі атрад школы на працягу трох гадоў з’яўляецца лепшым у Брэсцкай вобласці, а ў 2017 годзе стаў пераможцам адпаведнага рэспубліканскага конкурсу. А яшчэ вучні 4-й школы з’яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця.

— З мэтай фарміравання ў навучэнцаў здаровага ладу жыцця, выхавання ў іх адказных адносін да свайго здароўя і здароўя блізкіх, беражлівых адносін да прыроды ў 2007 годзе ў школе было створана клубнае аб’яднанне “Здаравячок”. Дзейнасць клуба ажыццяўляецца па прынцыпе “роўны ву-чыць роўнага”. Клубам было рэалізавана шмат праектаў, адзін з якіх (праект “Прывітанне!”) стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава!”. З 2014 года клуб “Здаравячок” і ўстанова адукацыі з’яўляюцца пілотнай пляцоўкай раённага праекта “Лунінец — здаровы горад”. Клуб падтрымліваюць і бацькі, у прыватнасці, Дзмітрый Віктаравіч Карасёў разам з клубам “Самурай”, які ён узначальвае, — паведаміла Людміла Уладзіміраўна.

Візітоўкай школы з’яўляюцца прававыя класы. З 2016 года ва ўстанове рэалізоўваецца сацыяльна-педагагічны праект “Быць за права — наша права”, які накіраваны на грамадзянска-прававое выхаванне школьнікаў, прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў сярод дзяцей і падлеткаў, павышэнне ўзроўню сацыяльнай і грамадскай актыўнасці падрастаючага пакалення. У рамках праекта паміж школай і Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь быў заключаны дагавор аб сумеснай прафарыентацыйнай і ідэалагічнай рабоце з навучэнскай моладдзю. Адным з рашэнняў пастаўленай задачы і стала адкрыццё класаў прававой накіраванасці.

Праўду гавораць: яблык ад яблыні не далёка падае. Які вучань — такі і настаўнік. Клапатлівыя, добрыя, уважлівыя, працавітыя, прыхільнікі здаровага ладу жыцця — гэта ўсё яны, педагогі сярэдняй школы № 4 Лунінца. А яшчэ яны вельмі гасцінныя. Удзельнікі прэс-туру ў гэтым пераканаліся, няхай і за непрацяглы час, усяго за адну гадзіну.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.