Павел Барысавіч Маркелаў — настаўнік матэматыкі, фізікі і астраноміі. Працуе ў ліцэі № 2 Мінска. Нам штодзень даводзіцца адказваць на пытанні, вырашаць нейкія праблемы. Кожны шукае свае стымулы. Для Паўла Барысавіча — гэта матэматыка, якая многаму навучыла ў жыцці. Найперш — шукаць і знаходзіць.
Ён па-добраму зайздросціць сваім вучням, у якіх сёння куды больш магчымасцей. Павел Барысавіч заўважае, што час бяжыць вельмі імкліва. І калі дзеці за ім паспяваюць, то дарослым даводзіцца напружвацца. А настаўнікам асабліва, бо ім трэба навучыць новаму, не збіўшыся з рытму сучаснага жыцця.
— Работа з дзецьмі проста сілкуе. Калі ты становішся перад імі і пачынаеш расказваць, усведамляючы, што яны куды больш разумныя, чым ты быў у іх узросце (гімназію ў Мазыры Павел Барысавіч cкончыў з сярэбраным медалём, ды і ў Мазырскім педагагічным універсітэце вучыўся нядрэнна. — Заўв. аўт.), то цябе ад магчымасці зносін з такімі дзецьмі проста перапаўняе радасць. І вельмі цешыць тое, што ты можаш іх нечаму навучыць. А калі яны яшчэ і паступаюць туды, куды хочуць, то радасней удвая, — адзначыў мой суразмовец.
Да выкладання матэматыкі Павел Барысавіч ішоў праз фізіку, астраномію і інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”. Ён быццам чакаў свайго часу, каб перадаць вучням увесь свой матэматычны запал. Але ж час назапашвання быў прадукцыйным. Павел Барысавіч атрымаў грант Мінгарвыканкама за інтэлектуальнае пагружэнне ў гульню “Што? Дзе? Калі?”. Потым быў грант па астраноміі.
Цяпер, акунуўшыся з галавой у матэматыку, Павел Барысавіч плануе аформіць свае думкі ў яшчэ адзін грант:
— Мы жывём у вельмі імклівы час. Нават з вамі, дамаўляючыся на гаворку, мы строга абмежавалі час. У адзінаццацікласнікаў дзень распісаны па хвілінах. Яны ўвесь час нечым заняты, і мне хочацца ў гэтым імклівым рытме ім нешта даць. Я распрацоўваю комплекс матэматычных гульняў (своеасаблівыя матэматычныя трэніроўкі па 10—20 хвілін), падчас якіх трэба рашыць пэўную колькасць задач.
Нядаўна закончыў гульні “на сурвэтках”. Гэта комплекс з 10 тураў, падчас якіх даецца 7—10 розных задач і 17 хвілін на роздум. У якасці падручнага сродку даецца звычайная папяровая сурвэтка. Пісаць на ёй цяжкавата, акрамя таго, яна абмежавана памерамі. Прыклады падбіраюцца так, што іх можна рашыць або ў галаве, або кароткімі запісамі. Такім чынам, вучні прывучаюцца да пошуку рацыянальнага рашэння.
Цяпер мы запусцілі новую серыю гульняў — “Разумныя”, бо лічыць усё трэба ў галаве. Зноў 10 прыкладаў і 15 хвілін на рашэнне. Асноўнай умовай пры рашэнні такіх задач з’яўляецца немагчымасць сабе дапамагаць нейкімі запісамі. Запісваецца толькі адказ. Мы праводзім гульні, калі я таксама далучаюся, гуляючы супраць сваіх вучняў. Такім чынам стараюся падтрымліваць цікавасць ліцэістаў да матэматыкі, — расказаў Павел Барысавіч.
Такія гульні ў ліцэі праводзяцца трэці год. І, па словах педагога, тыя дзеці, якія гуляюць рэгулярна, свае вынікі на ЦТ павышаюць прыкладна на 5 працэнтаў. Увогуле, па меркаванні Паўла Барысавіча, няма прычын засмучацца наконт якасці матэматычных ведаў школьнікаў. Ёсць шмат здольных навучэнцаў, якія, напрыклад, добрыя вынікі паказваюць на алімпіядах рознага ўзроўню. Насамрэч, сучасныя дзеці вельмі хутка рэагуюць на новае.
— Ва ўсе часы былі дзеці, якія схоплівалі ўсё і адразу, і дзеці, якім гэта не ўдавалася. Цяпер нашы вучні займаюцца ў больш жорсткіх умовах. З аднаго боку, шмат магчымасцей прадастаўляюць тэхнічныя сродкі, а з другога — навучэнцы заняты ў розных секцыях і гуртках. Яны займаюцца спортам, малююць, танцуюць, спяваюць і г.д. Ім падабаецца, і галоўнае, ёсць жаданне ўсім гэтым займацца. Сучасныя дзеці — з вялікім патэнцыялам, — заўважыў Павел Барысавіч Маркелаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.