У рытме сэрца

Улюбёнасць у прафесію не падробіш. Калі чалавек жыве працай, гэта заўсёды бачна. Вольга Скамарох, педагог дадатковай адукацыі Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, ужо каторы год працуе ў надзвычайным рэжыме, з адным выхадным на тыдзень, і не адчувае стомы, таму што жыцця не ўяўляе без сваёй работы.

Фота з асабістага архіва Вольгі Скамарох.

Як усё пачыналася

У гэтым годзе ўзорнаму ансамблю харэаграфічных мініяцюр “Імпульс” споўнілася 15 гадоў. І ўвесь гэты час вялікім дзіцячым калектывам цвёрдай рукой кіруе харэограф Вольга Казіміраўна. Зараз пад яе патранатам знаходзіцца 68 чалавек. А пачыналася ўсё з невялічкага танцавальнага гуртка пры Доме школьніка.

Першая група набралася зусім маленькая, у ёй былі адны дзяўчынкі, і ўвесь навучальны год яны правялі каля танцавальнага станка — расцягваліся, запаміналі пазіцыі. Толькі напрыканцы зімы пачалі развуч­ваць свой першы танец “Рамонкі” — так пасля і вырашылі назваць іх пакуль яшчэ выключна дзявочы калектыў. Гэта пасля ён расшырыўся, дапоўніўся такімі “дэфіцытнымі” і доўгачаканымі хлопчыкамі, россыпам новых нумароў: дуэты, трыа, квартэты, групавыя пастаноўкі. І неўзабаве стала зразумела, што “Рамонкамі” ім заставацца больш ніяк нельга. Новую назву для цяпер ужо ўзорнага ансамбля (гэты статус калектыў атрымаў у 2009 годзе) прыдумвалі “ўсім светам”: падыходзілі з парадамі калегі, прапаноўвалі свае варыянты бацькі і вучні. Слова “Імпульс” неяк адразу “зачапіла” ўсіх: “нібы сардэчны пасыл, быццам рытм нашых сэрцаў”.

Эксперыментам быць!

Зараз у калектыве займаюцца дзеці ад 6 гадоў. Склад год ад году неаднародны, ад яго ў многім залежыць і выбар танцавальных нумароў. Калі ў калектыве дастаткова хлопцаў, можна рабіць прыгожыя падтрымкі і відовішчныя элементы. З дзяўчатамі прыемна ставіць кантэмпарары — пластычныя, эмацыянальна выразныя танцы басанож.

Не так даўно паспрабавалі свае сілы ў новым жанры — танцы на падвесных палотнах. Дар’я Бекіш, што адважна выступіла ў дуэце, чатыры гады займалася акрабатыкай і мела выдатную фізічную падрыхтоўку, яе партнёр Аляксей Войнах уключыўся ў работу “з нуля”. З гэтым нумарам яны заваявалі гран-пры на міжнародным конкурсе талентаў Golden Time Online ў Лондане. Сюжэтна ён адлюстроўваў гісторыю дзяўчынкі-сіраты і яе дзіўнага спадарожніка са знакамітага французскага фільма “Леон”.

Наогул, сюжэты танцавальных зама­лёвак вельмі знакавыя, лёгкія для ўспрымання і прачытання. Так, адзін з апошніх нумароў носіць назву “Лёс”, гэта дуэтны танец, што паказвае жыццё чалавека ад маленства да сталасці. Усё празрыста і зразумела.

Вольга Казіміраўна не любіць сябе абмяжоўваць: “Я з пяці гадоў танцую, і нават зараз, калі ёсць неабходнасць, магу лёгка ўліцца ў нумар. Усе падтрымкі спачатку спрабую на сабе: ці можна іх зрабіць, ці бяспечна гэта, ці хопіць у маіх навучэнцаў уменняў… Калі ўласны вопыт прайшоў станоўча, перадаю эстафету далей — дзяўчынкам з ансамбля. Мы часта эксперыментуем са стылямі і жанрамі. Я з задавальненнем стаўлю джаз-мадэрн, народныя стылізаваныя танцы. У кожны ўкладваю душу, шматразова дапрацоўваю, даводжу да ідэалу. Пастаянная прага новага вымушае мяне ста­віць новыя і новыя танцы. Праўда, у апошні час мне захацелася аднавіць былы рэпертуар. Нядаўна я пераглядзела відэа са старымі выступленнямі, і стала шкада, што некаторыя нашы пастаноўкі пражылі зусім кароткае жыццё — адно-два выступленні. Захацелася падарыць ужо даўно забытым танцам другое жыццё”.

Дысцыпліне — так!

Харэографы часта пакідаюць уражанне людзей прынцыповых і патрабавальных… Вось і Вольга Казіміраўна згодна: яна якраз з такіх. Атмасфера строгай дысцыпліны для яе звыклая з дзяцінства. І на яе ўласных занятках, у тым ліку з самымі-самымі маленькімі, з першага ўрока цішыня і ўвага. Нават традыцыйныя для пераходнага ўзросту “падлеткавыя бунты” мінаюць калектыў: слухацца харэографа для навучэнцаў гэтак жа натуральна, як дыхаць.

Часта, наадварот, асаблівасцю складанага ўзросту становіцца павышаная патрабавальнасць падлеткаў да сябе і свайго прафесійнага росту: дзеці, якія заўсёды займаліся “без фанатызму”, прыходзяць на трэніроўкі самымі першымі, апантана адпрацоўва­юць свае партыі… Зразумела, здараецца і наадварот. Ніколі не ведаеш, што атрымаецца з таго ці іншага вучня праз некалькі гадоў, таму Вольга Казіміраўна кожнаму дае шанс паспрабаваць свае сілы ў камандзе.

15 гадоў — юбілейная дата

Яе прывыклі сустракаць сярод сяброў. Вось і гэтым разам не сталі сябе абмяжоў­ваць: запрасілі вучняў і бацькоў, сяброў з Мінска, і падрыхтавалі для іх вялікі святочны канцэрт. За плячыма — шмат гадоў цяжкай працы на мяжы магчымасцей, мноства ўзнагарод, шэраг падрыхтаваных абітурыентаў творчых УВА… Калі імпульс моцны — вынік таксама яркі.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.