У рытме жыцця

Кірыл Яновіч, педагог Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”, перамог у Мінскім гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Пра яго ўдзел у гэтым конкурсе я даведалася толькі пры асабістай сустрэчы, але тым цікавей. Чарговы раз здзіўляюся і дзякую таму, што жыццё зводзіць з незвычайнымі і цікавымі людзьмі.

Усё пачалося са скрыпкі

“У 6 гадоў мама прывяла мяне ў дзіцячую музычную школу мастацтваў № 1 імя Л.П.Александроўскай. Я займаўся па класе скрыпкі, а туды праходзяць тыя, у каго слых калі не абсалютны, то набліжаны да яго, таму што на скрыпцы няма ладоў і трэба чуць кожную нотку. Я ўсё сваё дзяцінства са скрыпкай у абдымку, пад руку з мамай ішоў на тралейбус, потым была перасадка на метро. У нас у сям’і двое дзяцей. Як мама спраўлялася, я нават не ўяўляю. Гэта ж трэба было мяне адвесці, пачакаць, забраць, а другое дзіця потым хадзіла ў гэтую ж школу займацца па класе трубы”, — гаворыць Кірыл Дзмітрыевіч.

У 9 класе надышоў час ду­маць пра паступленне. Музыка была для будучага педагога ўсім жыццём, таму выбар ён зрабіў адпаведны — Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі. Праўда, працяг­ваць навучанне са скрыпкай ужо не хацелася, і ёй на змену прыйшлі ўдарныя. “Пачалася вельмі цікавая і вясёлая эпоха, — працягвае мой суразмоўнік. — Гэта іншае жыццё, не такое, як у школе, больш адказнае. Ты можаш ісці на заняткі, а можаш не ісці, але калі ты не пойдзеш, то штосьці страціш. Многія дума­юць, што музыка — гэта так… А музыка — гэта вельмі сур’ёзная навука, у якой трэба разбірацца, каб быць спецыялістам. Трэба ве­даць усё: і гісторыю, і музычную літаратуру, і сальфеджыа, і гармонію, і свой інструмент”.

Пасля заканчэння каледжа Кірыл Яновіч трапіў па размеркаванні ў Цэнтр “Зорка”, дзе стварыў гурток ігры на ўдарных інструментах Groove. Установа толькі адкрылася, таму з абсталявання для заняткаў было ўсяго толькі  5 чырвоных піянерскіх барабанаў. Зразумела, з такім інструментамі далёка не пойдзеш, таму дзесьці праз год тэхнічную базу пашырылі: з’явіліся добрыя барабаны і музычны цэнтр. Праблема засталася адна — адсутнасць гукаізаляцыі. “Аднойчы я іграў, акно было на праветрыванні, раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць міліцыя з дырэктарам. Кажуць: “З суседняга дома паступіла скарга, што вы вельмі гучна іграеце”. Пазней у пакоі зрабілі паўнавартасную студыю з шумаізаляцыяй, дакупілі неабходныя прылады, таму цяпер мы займаемся ў выдатных умовах”, — расказвае педагог.

Ужо падчас працы Кірыл Яновіч паступіў на завочнае аддзяленне Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава. Яму вельмі запомніліся заняткі па барабанах, бо выкладчык казаў самастойна здымаць ноты. Гэта дало карысныя навыкі, якія пастаянна дапамагаюць у працы. Напрыклад, прыбягаюць вучні, кажуць: “Кірыл Дзмітрыевіч, давайце сыграем гэтую песню!” Кірыл Дзмітрыевіч садзіцца, здымае барабанную партыю — вуаля, можна вучыць любімы твор.

Палачкі ў рукі

“Пажадана, каб дзеці прыхо­дзілі займацца з 10 гадоў. Вядома, у мяне ёсць і меншыя, але па маім вопыце яны потым сыхо­дзяць. Усе думаюць, што барабаны — гэта сесці і адразу добра пачаць іг­раць. Не, гэта штодзённыя практыкаванні і развіццё рук. Некаторыя не вытрымліваюць”, — гаворыць К.Д.Яновіч.

Каб займацца ў гуртку Кірыла Дзмітрыевіча, трэба прайсці адбор. Але адкрыю маленькі сакрэт: яго праходзяць усе. Не можа педагог адмовіць. Нават калі ён прастуквае нейкі рытм, а дзіця паўтарае зусім іншае, усё роўна бярэ. Кажа, што з’яўляецца азарт: хочацца зрабіць з гэтага вучня таго, хто зможа дагнаць лепшых за кошт сваёй
працавітасці. “У кожнага дзіцяці ёсць шанс, няхай паспрабуе, яго гэта ці не яго”, — лічыць педагог.

На занятках вучні атрымліваюць веды, неабходныя пачатковаму музыканту. Асвойваюць асновы музычнай граматы, ноты, паўзы, працягласць і г.д. Вядома, даведваюцца пра ўсё, што тычыцца барабанаў: з чаго складаецца гэты інструмент, якія яны бываюць, у якіх стылях і жанрах на іх іграюць, якія тэмпы выкарыстоўваюць вядомыя музыканты-барабаншчыкі і шмат чаго іншага. Зараз да Кірыла Дзмітрыевіча ходзяць займацца 26 чалавек.

“У сваіх занятках я зрабіў упор не проста на барабанныя ўстаноўкі, а на ансамблі. На сённяшні момант у нас рэальна класных нумароў тры: “Купалінка”, “Балеро” і “Кароль Артур”. Яны становяцца ўсё больш складанымі і цікавымі”, — дзеліцца педагог.

Паспрабуем уявіць кожны з гэтых нумароў. “Купалінка” — гэта спалучэнне барабаннага ансамбля Crazy Army і аднайменнай песні. “Мне хацелася з творам Crazy Army зрабіць штосьці такое, каб яго не пазналі, і я вырашыў напісаць музычнае суправаджэнне, — прыгадвае Кірыл Яновіч. — Паехаў да свайго знаёмага гукарэжысёра. Па дарозе ўсё думаў, што ж хачу пачуць: музыка павінна дапамагаць вучням трымаць тэмп (выконваць ролю метранома) і павінна мець прыгожую мелодыю і бас. Прыехаў, мы селі за работу. Я там нешта напяваю, сябар запісвае на клавішах, потым уключае, і я разумею, што гэта вельмі падобна да “Купалінкі”. Сябар кажа: “Нядаўна запісваў прафесійны хор, які якраз выконваў “Купалінку”. Я папрасіў яго патэлефанаваць ім і спы­таць, ці можна выкарыстаць гэты запіс, гэта ж для дзяцей. Нам далі дазвол, і мы ў сярэдзіну Crazy Army ўставілі “Купалінку”. Нумар усіх вельмі здзіўляе і ўсім падабаецца”.

“Балеро” — гэта рытмічны малюнак з “Балеро” Равеля і рытмічны малюнак з песні гурта Linkin Park. Нумар “Кароль Артур” Кірыл Дзмітрыевіч прыдумаў пасля прагляду фільма “Меч караля Артура”. Яго вельмі натхніла музыка са стужкі. Педагог прынёс яе на заняткі і кажа: “Гэта мы будзем іграць”. Прыдумаў партыі, сола, фішкі з падкідваннем палачак, нават дабавіў дым для атмасферы бітвы (у фільме — шмат баявых сцэн). Вынік, як і з папярэднімі нумарамі, — поўнае захапленне.

“У мяне ў ансамблі зараз склад дзяўчынак. Гэта вельмі незвычайна, таму што часцей за ўсё барабаншчыкам уяўля­юць хлопчыка. Да мяне заўсёды ходзіць пароўну і тых, і тых, але неяк атрымалася, што я набраў вельмі моцных дзяўчынак. Ёсць нават планы, каб мы з імі і пасля заканчэння школы не губляліся, рабілі нейкія нумары. Таму што, ведаеце, крыўдна: прыходзіць дзіця, ты яго вучыш, а потым яно сыходзіць”, — гаворыць Кірыл Дзмітрыевіч.

Асноўную работу вучні выконваюць дома, бо на занятках шмат не паспееш. Неабавязкова мець барабанную ўстаноўку, хопіць трэніровачнага пэда (імітатар барабанаў, на якім можна адпрацоўваць тэхніку). Заняткі патрэбны для развіцця мышц. Яны дапамагаюць іграць хутчэй, раўней, гучней, цішэй і г.д. Дастаткова 10—15 мінут у дзень. Напрыклад, паміж урокамі. Зрабіў матэматыку, узяў палачкі, 15 мінут на пэдзе паіграў — можна цяпер наступны прадмет рабіць. Існуюць нават трэнажоры, якія можна браць з сабой. Паехаў да бабулі, на калені ў машыне паклаў — і займайся. Гэта даволі проста і не надта дорага. “У гэтым годзе ўжо з’явіліся бацькі, якія купляюць дзецям барабанныя ўстаноўкі, — працягвае Кірыл Яновіч. — Тэлефану­юць, просяць падказаць: “Лізе вельмі падабаецца, ну вельмі падабаецца! Хутка яна святкуе дзень нараджэння, хочам яе здзівіць”. Канечне, я кансультую. Добры варыянт — электронная барабанная ўстаноўка. Ставіцца дома, нікому не перашкаджае, гук ідзе ў навушніках”.

Розніцы ў занятках з малодшымі і старэйшымі дзецьмі педагог не бачыць, проста першым трэба па-іншаму тлумачыць матэрыял: “Напрыклад, гэта яблык, ён цэлы — гэта цэлая нотка. Яблычак мы падзялілі, табе палоўка і мне палоўка — дзве палавінныя ноткі атрымаліся. Да нас прыйшлі яшчэ два сябры, мы свае палоўкі па­дзялілі і ім аддалі — гэта ўжо ч­вэрць ноткі”. Складаней за ўсё дзецям даецца тэхніка, таму што на яе патрэбны час і кемлівасць, неабходна кантраляваць свае дзеянні. Кірыл Дзмітрыевіч заўсёды кажа, каб вучні цалкам паглыбляліся ў працэс і запаміналі, што адбываецца, што робіць канкрэтная мышца, як паводзіць сябе плячо або локаць.

Самае цікавае для дзяцей — вывучэнне сваіх любімых твораў. “Бывае, яны залята­юць з энтузіязмам: “Кірыл Дзмітрыевіч, тут такая песня! Я хачу яе іг­раць!” — расказвае педагог. — Праўда, часта гэта штосьці, што магу сыграць я, а ім будзе цяжка гэта зрабіць. Часам спрашчаю песню, але дзецям становіцца ўжо не так цікава”. У асноўным просяць вывучыць нешта сучаснае. Вельмі папулярны гурт Green Day, таму што ён размясціў у інтэрнэце свае барабанныя мінусы.

Лепшы ў сваёй справе

Ідэя паўдзельнічаць у гарад­скім конкурсе “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” ўзнікла не ў Кірыла Дзмітрыевіча, а ў загадчыцы аддзялення інструментальнай творчасці (да якога належыць гурток Groove) Настассі Бахмет. Педагог спачатку сумняваўся, бо падобныя мерапрыемствы заўсёды забіраюць шмат часу і сіл, але ўсё ж вырашыў паспрабаваць.

На першым этапе трэба было правесці ўрок перад журы. “Я выбраў нумар для ансамбля “Балеро”, — успамінае мой суразмоўнік. — Урок прайшоў, думаў: “Ну, паўдзельнічаў і паўдзельнічаў”. Але аказалася, што гэта быў раённы этап, я перамог і мяне адправілі на горад. Тут пачалася больш сур’ёзная падрыхтоўка, бо ў скла­дзе журы былі людзі, якія распрацоўваюць метадычную літаратуру. Для іх важна, як пабудаваны ўрок, на што я раблю ўпор, чым карыстаюся, якія гульні право­джу, якія формы і метады выбіраю. І вось той дзень наступіў, 5 лютага. Я вельмі хваляваўся, таму што мне далі дзяцей, пра якіх я не ведаў наогул нічога: ні як яны трымаюць палачкі, ні якія ноты вывучалі. Урок пачаўся, і я зразумеў, што з шасці дзяцей трое мяне чуюць, а яшчэ трое — не. Нейкім чынам выкруціўся, хоць усярэдзіне мне здавалася, што ўсё, нічога не атрымаецца. Вопыт вялікі, і, напэўна, ён дапамог зразумець, як такую сітуацыю павярнуць на сваю карысць”. Так прайшоў першы этап. Другі — візітка, дзе трэба было прадставіць сваё педагагічнае крэда. Кірыл Яновіч хацеў зрабіць гэта сучасна і цікава. Аснова яго заняткаў — рытм, таму педагог прапанаваў расказаць пра сваю работу ў рытм, амаль як рэп. Усе ідэю падтрымалі. З ім яшчэ выступілі сын (сыграў на барабанах) і вучаніцы (выканалі “Купалінку”). А пра вынікі мы ўжо ведаем.

“Я хачу растлумачыць дзецям, што ўсюды ёсць рытм, яго трэба слухаць і ім карыстацца, — гаво­рыць Кірыл Дзмітрыевіч. — Гэта рытм жыцця, які павядзе іх наперад”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.