У садружнасці ўстаноў

- 14:53Навіны рэгіёнаў

Гасцямі дзіцячага сада № 45 Гродна былі прадстаўнікі навучальных устаноў Шчучынскага раёна. Тут адбыўся семінар-практыкум “Арганізацыя практык адукацыі для ўстойлівага развіцця ў садружнасці ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Наш дзіцячы сад з’яўляецца дэманстрацыйным аб’ектам праекта “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” пад назвай “Энерга-эфектыўнасць у школах”, — расказвае загадчыца садка Людміла Кушнірук. — Мы выбудавалі сваю сістэму працы па наступных напрамках: супрацоўніцтва з дзецьмі, іх бацькамі і прадстаўнікамі розных слаёў соцыуму. Удзел у праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энерга-зберажэнні” дазволіў не толькі стварыць сапраўды энергаэфектыўны садок, але і стаць з сакавіка 2017 года ўдзельнікамі асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Наша задача — расказаць пра энергазберажэнне як мага большай колькасці людзей і актывізаваць іх на энергаэфектыўны лад жыцця.

Членам асацыяцыі з’яўляецца і сярэдняя школа № 12 Гродна. Яе навучэнцы таксама былі ўдзельнікамі семінара-практыкуму. Педагогам са Шчучынскага раёна прадэман-стравалі, як дашкольнікі і школьнікі могуць узаемадзейнічаць і выкарыстоўваць свае веды для ўзаемнага навучання. Так, члены цэнтра бяспекі дарожнага руху школы пад кіраўніцтвам Алены Кедзік у гульнявой форме яшчэ раз нагадалі дзецям аб правілах паводзін на дарогах, члены школы руплівых гаспадароў пад кіраўніцтвам Алы Арадзь паўтарылі з дашкольнікамі правілы асобнага збору адходаў. Дашкаляты паказалі, як яны жывуць у энергазберагальным дзіцячым садку, і прадставілі музычна-тэатралізаваную казку “Брэменскія музыканты спяшаюцца на дапамогу”, у якой паказалі, як трэба эканомна ставіцца да выкарыстання прыродных рэсурсаў.

Гульня “Крыніцы энергіі” аб’яднала дзяцей і дарослых. Выхавальнік дашкольнай адукацыі Таццяна Гарбанава правяла яе на базе рэсурснага цэнтра па навучанні энергаэфектыўнасці.

Згаданыя мерапрыемствы прадэманстравалі, як на практыцы ўмацоўваецца сеткавае ўзаемадзеянне членаў асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, як можна рэалізоўваць прынцыпы бесперапыннасці і пераемнасці яго практык ва ўмовах супрацоўніцтва партнёрскай сеткі рэсурсных цэнтраў з мясцовымі супольнасцямі.

Для гасцей мерапрыемства таксама правялі экскурсію па дзіцячым садзе. Завяршылася сустрэча абмеркаваннем пытанняў, як могуць узаемадзейнічаць установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця мясцовых супольнасцей, у чым спецыфіка іх дзейнасці для прадстаўнікоў розных пакаленняў і сацыяльных груп.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.