У садзіку № 1 Докшыц для выхаванцаў дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах на любы густ

- 15:16Дети — наше всё!

У дзіцячым садзе № 1 Докшыц для выхаванцаў дзейнічае 19 аб’яднанняў па інтарэсах — на любы густ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сад № 1 імкнецца ва ўсім быць першым — і ў яго сапраўды шмат дасягненняў, у тым ліку на абласным і рэс­публіканскім узроўнях. Напрыклад, у рэспубліканскім конкурсе “СемьЯ безопасности” дзіцячы сад узяў 3-е месца. А на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” 2023 года лаўрэатам у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” стала педагог Кацярына Палянская. На раённым узроўні ў дзіцячага сада каля 2 дзясяткаў грамат і дыпломаў, шмат з якіх І ступені — за перамогі ў конкурсах і высокія дасягненні ў адукацыі, а ў педагогаў — за прафесійнае майстэрства. З апошняга — дыплом ІІІ ступені абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Інтэрактыўны плакат”.

— Шукаць і спрабаваць новае — маё жыццёвае крэда, — адзначае загадчыца дзіцячага сада Алена Падалец. — Наша ўстанова даўно выбрала для сябе інавацыйны кірунак, мы ўвесь час дадаём у садаўскае жыццё нешта цікавае. Спыняцца не збіраемся, ды і не змаглі б! Вельмі вялікі запыт у дзяцей і бацькоў на захапляльныя і адукацыйныя аб’яднанні па інтарэсах.

Мы наведалі сад і зазірнулі ў некалькі кабінетаў, дзе выхаванцы і педагогі нясумна праводзілі час.

У школу без сюрпрызаў

Каля вялікага мультыборда падрыхтоўкай да школы з дзеткамі старшай групы займаецца настаўнік-­дэфектолаг Вольга Каляга.

— Каб потым у школе для іх не было ніякіх сюрпрызаў, не было стрэ­су, — тлумачыць яна. — Акрамя асноўнай праграмы падрыхтоўкі да першага класа, дзеці вучацца ўважлівас­ці, дысцыпліне. Больш за тое, развіваюцца іх камунікатыўныя навыкі. Да кожнага дзіцяці, а іх зараз у мяне 16, падыход індывідуальны: высвятляем стартавыя здольнасці, якія дазволяць ім у далейшым лягчэй зас­воіць праг­раму пачатковай школы. Быў забаўны выпадак: аднойчы займаліся з дзеткамі з парушэннямі маўлення. У гэты момант якраз завітала да нас камісія, прысутнічалі і баць­кі выхаванцаў. У адной з дзяўчынак спыталіся, ці ведае яна лічбы, літары. “Усё ведаю!” — адказала яна ўпэўнена. Пацікавіліся, можа, і чытаць навучылася. “Вядома”, — зноў жа сказала яна. Мама засмяялася: не ўмее яна чытаць! І тут дзіця пачало чытаць. Як маці была здзіўлена! А мы рады за вынік нашай працы.

Быць у форме

Фітнес карысны не толькі для фігуры, але і для агульнага здароўя. Таму пачынаць займацца ім трэба змалку.

— Выкарыстоўваем фітболы, стэп-платформы, — паказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Дзіцячы фітнес” Наталля Кубельнік. — Усё, як у дарослых, толькі адаптавана пад малых. У нас ёсць вялікая зала, займаемся пад музыку. У мяне зараз 35 выхаванцаў з 5 груп — ад 4 да 7 гадоў. Інтэгруем элементы харэаграфіі і гімнастыкі, рытмапластыкі, гульнявога стрэтчынга, дыхальнай гімнастыкі. Я не дыктую дзецям, што рабіць, а займаюся разам з імі: скачам, катаемся на фітболах, кожны раз прыдумваем нешта новае. Лічу, каб дзіця развівалася гарманічна, яму патрэбен баланс паміж разумовай і фізічнай дзейнасцю.

Добрую звычку да пастаяннага руху да­шкалятам прывівае не толькі фізкультура, але і фітнес — у ім, дарэчы, выкарыстоўваецца больш гульнявых элементаў. Адначасова малышы вучацца адчуваць мелодыю, рытм, тэмп, дынаміку руху. Для заняткаў можна падбіраць і розныя казачныя сюжэты, на якія дзеці добра адгу­каюцца.

— Таксама гэты від дзейнасці развівае артыстычнасць, маторыку, творчыя здольнасці, — адзначае педагог.

Да ўдзелу ў гульнях і занятках мы запрашаем і бацькоў, каб яны самі адчулі, чым займаюцца іх дзеці. Напрыклад, дарослыя спачатку не маглі зразумець, што такое “Інфарматыка без разеткі”.

Алена ПАДАЛЕЦ.

Ідэальны робат

Ажыццявіць тэхнічныя фантазіі дашкалятам дапамагае педагог Алеся Бакштэева, якая кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Робататэхніка”.

— Мы працуем толькі першы год, — расказвае яна. — Усё пачалося з таго, што мы набылі адукацыйны набор “Мататалаб Про” : яго галоўны герой — маленькі робат, якім кіруе дзіця. Для гэтага нават не патрэбны камп’ютар, а толькі спецыяльныя блокі-фішкі. Размяшчэнне блокаў на полі счытвае вежа кіравання і перадае каманды робату. Магчымасці неабмежаваныя! Робата нават можна забяспечыць фламастарам, і ён будзе маляваць. Яго таксама можна сумяшчаць з канструктарам.

Педагог падкрэслівае: галоўная мэта — не забавы, а знаёмства дзяцей з алгарытмамі, увядзенне STEM-тэхналогій у дашкольную адукацыю.

— Да сучасных дзяцей — сучасны падыход, — упэўнена Алеся Ула­дзіміраўна. — Інакш сёння нельга.

Начальнік аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама Дзмітрый Парцянка: Дзіцячы сад № 1 — сёння гэта сучасная дашкольная ўстанова: нядаўна тут быў праведзены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Ёсць пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху, уся тэрыторыя асвятляецца, устаноўлены камеры назірання, у харчаблоку — новае тэхналагічнае абсталяванне. Але галоўнае — гэта цудоўная каманда педагогаў, якая тут падабралася

— Легкадумна да тэхнічнага канструявання ў дзіцячым садзе адносіцца не варта, — заўважае педагог Ганна Андрыеўская, якая вядзе тут аб’яднанне па інтарэсах з аналагічнай назвай. — Падчас заняткаў дзеці рашаюць такія задачы на логіку, з якімі не адразу змаг­лі б справіцца дарослыя. Наша мэта — развіццё ў дашкольнікаў здольнасцей да тэхнічнай творчасці, якія ўвесь час трэба трэніраваць. Дзіцячыя канструктары, з якімі мы займаемся, могуць не толькі навучыць выхаванцаў буда­ваць, але і дазваляюць ім вывучыць назвы прадметаў, колераў, геаметрычных фігур, нават вучаць праектаваць і прагназаваць вынік. Выкарыстоўваем розныя тыпы канструктараў, напрыклад, LEGO-судоку. А таксама мультыборд — ён дазваляе хлопчыкам і дзяўчынкам разглядаць схемы і мадэлі ў розных праекцыях. Заняткі па канструяванні будуць і ў школе, таму важна ўжо ў садку даць малышам уяўленне пра фігуры, іх уласцівасці, развіваць прасторавае мысленне.

Дарэчы, зараз у дзіцячым садзе рэалізуецца абласны творчы праект “Развіццё пазнавальных здольнасцей у дзяцей 5—7 гадоў праз тэхнічнае канструяванне”.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара