У садзіку № 5 Смалявіч створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе для навучання дзяцей з аўтызмам

- 16:30Образование

Навучанне дзіцяці з аўтызмам павінна быць прадказальным і паслядоўным для яго. Такога падыходу прытрымліваюцца ў дзіцячым садзе № 5 Смалявіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У нашай установе функцыяну­юць усяго шэсць груп, з іх тры групы інтэграванага навучання і выхавання, якія наведваюць выхаванцы з АПФР, у тым ліку тры дзіцяці з РАС, — расказала Галіна Садоўская, намеснік загадчыка. — Як дапамагчы такім дзецям прыстасавацца да сацыяльных правіл, распарадку дня, сенсорных раздражняльнікаў, якія акружаюць што­дзень? Ці можна паменшыць іх паводзінскія праблемы?

Для гэтага неабходна стварыць адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе. Вучэбнае месца (стол, крэсла, стэлаж) у нашых інтэграваных групах размешчана так, каб падчас заняткаў увага асаблівага дзіцяці не адцягвалася: каб яно не глядзела ў акно, калідор, на прадметы ў пакоі. Матэрыялы для заняткаў размешчаны на стэлажы, стале, кожнае заданне пакладзена ў адпаведую каробку. Так, пры навучанні аплікацыі ў каробцы ля­жыць каляровая папера, папера для фону, клей, нажніцы і г.д. Справа ад стала знаходзіцца каробка для адпрацаванага матэрыялу. Перад дзецьмі пастаўлены толькі вучэбныя задачы, а не арганізацыйныя. Такі падыход спрыяе іх самастой­насці, зніжае трывожнасць, вырашае паводзінскія праблемы. Групавыя памяшканні ў садзе падзелены на зоны для самастойнай работы, вучэбнай дзейнасці, адпачынку і вольнага часу. Выдзелена спецыяльная зона адасобленасці на выпадак істэрыкі ў дзіцяці (канапка, шырма).

Выхавальнікі Наталля Сіўчык і Любоў Казлова што­дзень працуюць з дзецьмі з аўтызмам і разумеюць, што такія выхаванцы лепш засвойваюць інфармацыю не толькі слоўную, але і наглядную. Таму прымяняюць падтрымліваючую камунікацыю ў выглядзе тактыльных сімвалаў, камунікатыўных картак, дапаможных камунікатыўных прыстасаванняў. Тактыльныя сімвалы падобны на рэальныя прадметы. Дзеці пазна­юць іх пры дотыку, маніпулю­юць імі. Рэальныя аб’екты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сімвалаў, могуць быць ідэнтычнымі, падобнымі або сітуатыўна-звязанымі. Напрыклад, для выразу “чысціць зубы” сімвалам будзе зубная шчотка.

— На этапе адаптацыі нашы выхаванцы з аўтызмам дрэнна ішлі на кантакт, гулялі адны, не цікавіліся іншымі дзецьмі, — гаворыць Наталля Сіўчык. — Адно дзіця падоўгу гуляла ў аднастайныя гульні, іншае было занята тым, што кідала цацкі і прадметы. Раніцай дзеці капрызілі, крычалі. Здараліся і канфліктныя сі­туацыі ў групе.

Вядома, што людзі з РАС імкнуцца да пастаянства ў тым, што іх акружае. Раптоўная змена падзей, да якіх яны прывыклі, дрэнна ўплывае на іх паводзіны. Напрыклад, пры выхадзе на прагулку дзеці па звычцы ідуць на свой гульнявы ўчастак. Але бывае, што выхавальнік запланаваў экскурсію за межы дзіцячага сада, напрыклад, у раённы цэнтр рамёстваў. Дзеці з РАС праяўляюць трывожнасць і незадаволенасць змяненнямі ў звыклым графіку.  

Што рабіць, калі з дзіцем з аўтызмам здарылася істэрыка? Педагогі расказалі, што папулярная стратэгія вырашэння такіх праблем — метад сацыяльных гісторый. Ён быў распрацаваны Кэрал Грэй з мэтай даць аўтычнаму чалавеку адказы на пытанні аб узаемадзеянні з іншымі людзьмі належным чынам. Разыграныя сацыяльныя гісторыі людзі з аўтызмам могуць “счытваць” і разумець, як ім дзейнічаць у рэальных сацыяльных сітуацыях. Трэба расказ­ваць дзецям пра тое, што звычайна робяць у пэўных сітуацыях і чаму, дзе яны адбываюцца, хто ў іх удзельнічае. Сацыяльныя гісторыі распрацоўваюцца для канкрэтнага дзіцяці і ўключаюць рэчы, якімі яно цікавіцца.

У дзіцячым садзе № 5 Смалявіч выхавальнікі склалі сацыяльную гісторыю пра мясцовы цэнтр рамёстваў з дэманстрацыяй фота самога будынка і выставачных экспазіцый. Ведаючы, што ў канкрэтнага малога з аўтызмам ёсць любімая цацка шчанюк, педагогі сказалі выхаванцу: “Мы з табой пойдзем на экскурсію, каб пазнаёміць твайго шчанюка з цэнтрам рамёстваў, паказаць яму цікавую выставу”.

Зварот да сябе дзеці з РАС разумеюць часткова і выконваюць асобныя просьбы дарослых. Таму педагогі дзіцячага сада выкарыстоўваюць наборы картак “Заняткі” для складання раскладу заняткаў, “Мыем рукі” — інструкцыю-падказку, якая дапаможа правільна выконваць паслядоўнасць дзеянняў, “Пара года, месяц, дзень тыдня” і “Эмоцыі” для абазначэння асноўных эмоцый і пачуццяў.

Побач з кожным дзіцем з РАС знаходзіцца выхавальнік індывідуальнага суправаджэння.

— Увага ў дзяцей непрацяглая, яны хутка стамляюцца, — адзначае Наталля Няпрахіна, выхавальніца індывідуальнага суправаджэння. — Тады я далучаю дзіця да іншай дзейнасці (разгляданне малюнкаў, ілюстрацый у кнізе і іншае). Для гэтага ёсць дыдактычны стол з гульнямі, пазламі, лато, укладышамі.

Выхавальнікі, якія працуюць у групах інтэграванага навучання і выхавання, дыдактычны матэрыял вырабляюць сваімі рукамі. Гэта гульні “Поры года”, “Хто дзе жыве” (на ліпучках), “Вітамінкі ў кошыку”, “Садавіна, агародніна, ягады”, а таксама лэпбукі “Правілы паводзін на прыродзе”, “Магазін прадуктаў”, кішэнная кніжка-малышка аб тым, як паводзіць сябе на вуліцы, у транспарце, для чаго патрэбны зубная шчотка і паста. У гульні дзіця прахо­дзіць сацыялізацыю.

Увагу малых з РАС прыцягвае бізікуб і бізіборд — развіццёвая дошка (стэнд, модуль) з разнастайнымі кнопкамі, выключальнікамі, кручкамі і іншымі маленькімі “небяспекамі”, да якіх звычайна забаронена дакранацца. Гэта будуць гульні на ўседлі­васць, уважлівасць, уменне канцэнтравацца, развіццё мыслення і мазгавой актыўнасці. І такое абсталяванне зрабіла настаўнік-дэфектолаг Святлана Бяценя.

Прататып сучаснага бізіборда быў створаны яшчэ ў 1907 годзе Марыяй Мантэсоры. Прааналізаваўшы паводзіны малых, яна прыйшла да высновы, што яны пазнаюць свет і ўспрымаюць інфармацыю ў большасці сваёй праз сэнсарныя адчуванні і такім чынам развіваюць дробную маторыку. Мантэсоры дазволіла дзецям пагуляць з прадметамі, да якіх бацькі іх не падпускалі. Так з’явіўся першы бізіборд: на драўлянай паверхні размясціліся разетка са штэкерам, выключальнік святла, дзвярныя зашчэпка і ланцужок, пано са шнуроўкай. Займаючыся з бізібордам і бізікубам, дзеці не толькі знаёмяцца з бытавымі рэчамі, якія ёсць у іх дома, але і развіваюць дробную маторыку. Асноўная задача бізіборда — даць малому поўную свабоду для тактыльнага ўспрымання і каардынацыі рухаў. І хоць яму цяжка з першага разу трапіць ключыкам у замок, павярнуць ручку, але так ён вучыцца кіраваць сваімі рукамі.

У кабінеце настаўніка-дэфектолага Кацярыны Хламавай абсталяваны вучэбныя і гульнявыя зоны, папаўняюцца картатэкі дыдактычнага і раздатачнага матэрыялу. Педагог змайстравала дыдактычныя шматфункцыянальныя дапаможнікі “Разумны дом — вясёлая азбука”, “Каляровыя мышкі”, сшыткі шмат­разовага выкарыстання для развіцця ўвагі, памяці і мыслення, вывучэння колераў, лічбаў, рашэння прыкладаў, альбом для пошуку фрагментаў, ценяў і контураў. Стварыла шэраг гульнявых дапаможнікаў для развіцця ўвагі, памяці і зрокавага ўспрымання (“Гараж”, “Вясёлыя знаходзілкі”), “Пластылінавыя латкі” для развіцця дробнай маторыкі, сшытак “Пішы — сцірай”. Педагог распрацавала і серыю Velcro (на зашпільках-ліпучках) — гульняў па лексічных тэмах для развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Гэта лэпбукі “Поры года”, “Правілы дарожнага руху”, “Мнематэхніка. Развіццё звязнага маўлення”, “Сельскагаспадарчыя прафесіі”, “Горад прафесій”, “Космас”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі”, “Цела чалавека”, “Зямля — наш родны дом”.

— Карэкцыйна-развіццё­вая работа з дзецьмі з РАС патрабуе значных намаганняў і вялікага цярпення. У ёй бываюць перыяды спаду і рэгрэсу. Але і прагрэс псіхічнага развіцця ў дзяцей заўважны, — адзначае Галіна Садоўская. — Пераадольваецца страх перад навучаннем, кантактам з навакольным светам, змяншаецца негатывізм да выкарыстання маўлення. З’яўляюцца больш асэнсаванае ўспрыманне сябе і сітуацыі, рэакцыя на пахвалу і крытыку, элементы кантролю за ўласнымі паводзінамі і імк­ненне атрымаць дапамогу з боку дарослых. Усё гэта спрыяе інтэграцыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з РАС.

Надзея ЦЕРАХАВА