У сацыяльна-адукацыйным ракурсе

- 10:53Адукацыйная прастора

Каб дапамагчы педагогам адаптавацца да новых умоў працы падчас пандэміі, было ініцыіравана і рэалізавана некалькі адукацыйных і сацыяльных праектаў, да рэалізацыі якіх далучаліся грамадскія арганізацыі і прадстаўнікі бізнесу. У прыватнасці, ініцыятарамі праекта “Дапамога школам. Вучым(ся) лёгка і бяспечна” выступілі IT-кампанія “Вайзар Геймз”, асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” і мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа” (заснавальнік — БПСашчадбанк у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі).

Вольга Міхед, прадстаўнік кампаніі “Вайзар Геймз”, арганізатар праекта, адзначыла: “Адным з фокусаў праектаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці для нас з’яўляецца адукацыя. Наша кампанія ўжо каля паўгода дапамагае школе ў пасёлку Рассвет, нядаўна мы пачалі супрацоўніцтва са школай у Негарэлым. Мы ініцыіравалі і падтрымліваем правядзенне ў Беларусі праекта “Праз ТЭАТР” і  літаратурны конкурс “Думкі-малюнкі”для вучняў агульнаадукацыйных школ.

Калі мы апынуліся ў сітуацыі пандэміі, нам захацелася падтрымаць нашы школы — аказаць дапамогу ў закупцы сродкаў індывідуальнай засцярогі для настаўнікаў, дапамагчы з пераходам на анлайн-навучанне. А потым зразумелі, што, па сутнасці, усім школам зараз нялёгка і ўсім неабходна падтрымка. Мы аб’ядналі намаганні з блізкімі нам па духу парт­нёрамі — фондам “Новая школа” і асацыя­цыяй “Адукацыя для будучыні”. У выніку нашай сумеснай працы на свет з’явіўся праект “Дапамога школам. Вучым(ся) лёгка і бяспечна”, які закліканы падтрымаць настаўнікаў падчас пандэміі”.

Праект стартаваў з запуску экспрэс-курса “Гатовыя да ДН (дыстанцыйнага навучання)” па вывучэнні інструментаў, метадаў і падыходаў да правядзення заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для арганізацыі бесперапыннага і бяспечнага адукацыйнага працэсу.

 У першы паток курса трапілі 50 настаўнікаў з 33 школ з розных рэгіёнаў Беларусі, з якімі знаёмыя арганізатары і якія працуюць у іншых праектах (“Настаўнік для Беларусі”, “Праз ТЭАТР”, “STEM-цэнтры”). Настаўнікі прайшлі навучанне і пачалі работу па ўкараненні навучання з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

На ўдзел у 2—4 патоках курса было атрымана больш за 3000 заявак ад настаўнікаў. Усе заяўкі былі апрацаваны арганізатарамі. За час правядзення 1, 2, 3 і 4-га патокаў курса ўжо прайшлі навучанне 822 настаўнікі з больш чым 350 школ, многія з якіх пасля заканчэння курса становяцца каардынатарамі па ўкараненні атрыманых ведаў у сваіх школах.

16 мая закончыўся 4-ы паток курса. 5-ы паток плануецца запусціць пры наяўнасці запыту з боку настаўнікаў. На курс прыходзілі тыя, хто гатовы: актыўна вучыцца і выконваць аб’ёмныя дамашнія заданні; выдзяляць на вучобу ад 1 да 3 гадзін у дзень; аб’ядноўвацца з калегамі ў школе для выканання дамашняга задання; самастойна праводзіць факультатывы для калег; падчас курса і пасля яго актыўна дзяліцца ведамі і вопытам з калегамі ў школе, горадзе, раёне.

Змест курса — гэта 7 дзён актыўнай працы; 4 анлайн-сесіі; шмат факультатываў і майстар-класаў ад запрошаных спікераў і калег па курсе; уся камунікацыя ў Telegram-чатах; вывучэнне інструментаў для арганізацыі вучэбнага працэсу для дзяцей, якія засталіся дома (Zoom, Google Drive, дакументы і формы, Telegram, Kahoot, Google Classroom і г.д.); дэманстрацыя ўласных урокаў і каментарыі да іх ад калег; шмат самастойнай работы.

Курс “Гатовыя да ДН” прайшла і настаўніца пачатковых класаў Павіцьеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталля Цецярук, якая з’яўляецца ўдзельніцай праекту “Настаўнік для Беларусі” і “ПразТЭАТР”. Пасля яна прапанавала сваім дзецям і бацькам два варыянты арганізацыі навучання на адлегласці: праз Zoom або Viber. У выніку зручным для ўсіх стаў другі варыянт. “Да праграмных тэм я падбірала кароткія відэа і давала інструкцыю па рабоце ў межах вызначанай тэмы з заданнямі. Кантрольнае практыкаванне дзеці павінны былі сфатаграфаваць і прыслаць мне для праверкі. Па гэтым практыкаванні я давала зваротную сувязь. Такая дзейнасць была арганізавана па трох прадметах: руская мова, матэматыка і чытанне. У 10 раніцы дзеці атрымлівалі заданні і да двух дня павінны былі іх выканаць і прыслаць мне. У такім рэжыме мы адпрацавалі недзе тыдзень, пасля эпідэмічная сітуацыя дазволіла перайсці на звычайны рэжым. Але хацелася б адзначыць, што, нягледзячы на ўмовы, нам удалося захаваць якас ць адукацыі. Акрамя таго, дзеці набылі пэўныя навыкі работы з ІКТ, што, канечне, вялікі плюс для пачаткоўцаў”, — адзначыла настаўніца.

Спачатку мадэратамі на курсе былі педагогі, затым далучыліся прадстаўнікі ІТ-кампаній “Вайзар Геймз” і EPAM. Такім мадэратарам была настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Салігорска Алена Волкава. Педагог супрацоўнічае з асацыя-цыяй “Адукацыя для будучыні”, дзякуючы якой у школе быў адкрыты STEM-клас, які працуе як STEM-відэацэнтр, бо на яго базе актыўна развіваецца медыякірунак (ёсць гурток па мультымедыйнай журналістыцы, рэалізуецца адпаведны інавацыйны праект).

“Прызнаюся, што я таксама падавала заяўку на ўдзел у праекце “Настаўнік для Беларусі”, але ў выніку мяне запрасілі выкладаць на летні інтэнсіў. Калі з’явіўся курс “Рыхтуемся да ДН”, то спачатку я пайшла вучыцца сама. Мне вельмі спадабалася, бо шмат даведалася, нягледзячы на тое, што з многімі анлайн-сэрвісамі працую даволі даўно (з тым жа Google-класам). Курсы дапамаглі разабрацца з методыкай арганізацыі навучання на адлегласці. Акрамя таго, на курсе мы вучыліся разам з калегай, намеснікам дырэктара па пачатковай школе. І калі з раніцы мы вучыліся самі (гэта было якраз на вясновых канікулах), то пасля абеду працавалі са сваімі педагогамі, вучылі іх тым тэхнічным інструментам, якія засвоілі самі. З цягам часу ў нас сфарміравалася цэлая педагагічная суполка, зацікаўленая ў засваенні інструментаў, метадаў і падыходаў да правядзення заняткаў з выкарыстаннем ІКТ.

Затым мяне запрасілі пабыць мадэратарам. Я працавала з настаўнікамі з усёй краіны. У прыватнасці, мы спрабавалі правесці традыцыйны ўрок у анлайн-рэжыме. Гэта быў урок па рускай мове для 7 класа, дзе разглядаўся правапіс прыслоўяў. У выніку мы зразумелі, што ўсё новае і на першы погляд недасягальнае можна спасцігнуць. У нас не было патрэбы вучыць дзяцей на адлегласці. А калі такая неабходнасць узнікла, давялося хутка прыстасоўвацца. Курс найперш дапамог перамагчы страхі, зразумець, што навучанне на адлегласці можна арганізоўваць па-рознаму: праводзіць урокі ці проста даваць заданні, але па пэўнай метадычнай схеме. Для паўнацэнных зносін з вучнямі патрэбны бесперабойныя каналы сувязі, а для эфектыўнай работы неабходная зваротная сувязь з дзецьмі разам з каментарыямі да іх вучэбнай дзейнасці дома. Тыя, хто прайшоў навучанне на курсе, сталі больш метадычна дасведчанымі”, — расказала Алена Іванаўна.

Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” разам з сацыяльна-дабрачыннай установай “Імёны медыя”, мясцовым адукацыйным фондам “Новая школа” і IT-кампаніяй “Вайзар Гей мз” ініцыіравалі і запусцілі кампанію па зборы сродкаў на закупку сродкаў індывідуальнай засцярогі для настаўнікаў. Арганізатары ажыццяўляюць цэнтралізаваную закупку і дастаўку па рэгіёнах сродкаў засцярогі для настаўнікаў.

Па стане на сярэдзіну мая, былі закуплены і адпраўлены для дастаўкі па 27 школах краіны сродкі засцярогі на суму 31 708 бел. рублёў. Дарэчы, да кампаніі далучылася Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, якая зрабіла закупкі і дастаўку сродкаў індывідуальнай засцярогі для настаўнікаў 20 школ краіны на суму 1901,46 рубля. Ста ць часткай праекта сёння можа любы неабыякавы чалавек ці кампанія.
На погляд арганізатараў праекта, супрацоўніцтва бізнесу, некамерцыйнага сектару і ўстаноў навучання ўяўляе найбольш эфектыўную форму для развіцця. Усе ўдзельнікі праекта валодаюць рознымі рэсурсамі і экспертызай і, як паказаў вопыт, вельмі добра ўзаемадапаўняюць адно аднаго.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.