У сэрцы дзіцяці абудзіць добрыя пачуцці

Вядомы рускі паэт М.Валошын аднойчы адзначыў, што “кожны чалавек нараджаецца двойчы”, другі раз, калі “сэрца гарыць і трапеча”. Мы нараджаемся другі раз, калі выбіраем сваю прафесію, якая вызначае наш далейшы шлях у жыцці.

Усё змяняецца ў свеце, з’яўляюцца новыя прафесіі, абнаўляецца тэхніка, але вечна будзе жыць справа настаўніка, які ўкладвае ў сваю работу душу і сэрца. Настаўнік — гэта не прафесія, а хутчэй прызванне. Не кожны можа стаць геніяльным мастаком, музыкантам ці вучоным. Не кожны можа стаць і сапраўдным настаўнікам.

Да сапраўдных сейбітаў вечнага, добрага і мудрага з упэўненасцю можна аднесці настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Валянціну Валер’еўну Гень.

З першых хвілін педагог звяртае на сябе ўвагу: добразычлівая, ветлівая, энергічная. Валянціна Валер’еўна надзелена цудоўнымі якасцямі: прастатой, адкрытасцю, інтэлігентнасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. Прынцып яе работы — асцярожна і беражліва дапамагчы дзіцяці раскрыцца, даць упэўненасць, адчуць сваю цэннасць як асобы.

Больш за 27 гадоў крочыць са сваімі вучнямі В.В.Гень па краіне роднай мовы. Карпатлівая работа, здольнасць радавацца жыццю, творчыя адносіны да справы — гэта пра яе.

Сучасны настаўнік-мовазнаўца павінен несці не толькі асабістае бачанне прадмета, але і дапамагчы кожнаму вучню сфарміраваць свой светапогляд. Асноўная мэта ўрокаў беларускай мовы і літаратуры В.В.Гень — не толькі навучыць школьнікаў пісьменнасці, развіць у іх цікавасць да чытання, але і абудзіць у сэрцы кожнага дзіцяці добрыя пачуцці.

Настаўніца пераконвае дзяцей у тым, што кожны з іх — частка сусвету і што трэба вучыцца выяўляць сябе, не баяцца выказваць асабістыя думкі. Педагог упэўнена, што сучасны вучань матываваны, хутка схоплівае любы матэрыял, нядрэнна разважае, крэатыўны. У параўнанні з вучнямі мінулага стагоддзя ён не мае комплексаў: не баіцца запытацца, штосьці ўдакладніць, пагаварыць, выказацца. Гэта патрабуе ад выкладчыка самаўдасканалення, каб адпавядаць вобразу сучаснага настаўніка. Валянціна Валер’еўна з задавальненнем наведвае ўсемагчымыя семінары, курсы, укараняе новыя, больш прыдатныя для сучаснага вучнёўскага пакалення методыкі. Сваімі напрацоўкамі шчодра дзеліцца з калегамі: праводзіць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, заўсёды дасць добрую параду маладым спецыялістам.

Урокі літаратуры Валянціны Валер’еўны — гэта школа жыцця і выхавання. На іх адбываецца, як гавораць самі вучні, абдумванне жыцця. Адносіны настаўніцы з вучнямі будуюцца на глыбокім перакананні ў тым, што ўсе дзеці таленавітыя. Гэтую думку яна даносіць да вучняў няспынна і любы, нават самы маленькі, поспех дзіцяці выкарыстоўвае для таго, каб гэта даказаць.

Валянціна Валер’еўна — той самы настаўнік, які робіць школьныя гады жыцця сваіх вучняў шчаслівымі і творчымі, без зубрэння і суму. Педагог лічыць, што, акрамя цікавых урокаў, для развіцця творчага самастойнага мыслення вучняў неабходна праблемнае навучанне. І яе хлопцы і дзяўчаты ўключаюцца ў пошук выхаду з той ці іншай пастаўленай перад імі праблемы, вучацца адстойваць сваю думку і даказваць магчымасць яе існавання.

Сапраўдны настаўнік запамінаецца на ўсё жыццё. Напэўна, таму многія вучні таксама выбралі прафесійны шлях любімага педагога. В.В.Гень ганарыцца сваімі здольнымі навучэнцамі. Дзякуючы плённай працы, 3 гады запар яе вучаніца Кацярына Дайлідка займала прызавыя месцы на абласным этапе алімпіяды па прадмеце, а ў 2015 годзе ўзышла на рэспубліканскі алімп. Настаўніцы не ўскружыў галаву поспех. І цяпер яе вучняў ведаюць як пераможцаў раённых і абласных алімпіяд. Мудрыя, дарэчныя парады Валянціны Валер’еўны і цесная сумесная работа пры падрыхтоўцы да навукова-даследчых канферэнцый дапамагаюць дзецям быць у ліку лепшых як у раёне, так і ў вобласці. Дарэчы, прафесіяналізм настаўніцы быў адзначаны на раённым ўзроўні. Валянціна Валер’еўна атрымала заслужаную ўзнагароду — яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.

Алена ЛАСТОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *