У сферы адукацыі ў жніўні павінны быць расстаўлены ўсе кропкі над “і”

Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў учора ў час нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта. 

“Мы павінны ў жніўні расставіць усе кропкі над “i” і вызначыць тэрміны, калі мы вырашым тыя праблемы, якія там засталіся. Напрыклад, падручнікі. Калі, дзе, у якім аб’ёме мы прапрацуем новыя падручнікі і выдадзім іх? Гэта адна з праблем, ёсць і іншыя”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў рабоце з грамадзянамі дайсці да кожнага чалавека. Аб гэтым паведаміла журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

“Акцэнт быў зроблены перш за ўсё на рабоце з грамадзянамі. Была дакладна пастаўлена задача дайсці да кожнага чалавека: гэта выязныя прыёмы па асабістых пытаннях, справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых органаў улады перад насельніцтвам, працоўнымі калектывамі. Каб людзі чулі і ведалі, якія сёння стаяць задачы перад тым ці іншым працоўным калектывам, якія задачы пастаўлены на перспектыву і як будзе ў далейшым працаваць прадпрыемства, арганізацыя або развівацца той ці іншы рэгіён нашай краіны”, — сказала Наталля Качанава.

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што Адміністрацыя прэзідэнта ўдзяляе сур’ёзную ўвагу гэтай тэме, рэгулярна праводзячы ў тым ліку выязныя прыёмы грамадзян. “Тут важна дайсці да кожнага чалавека і дапамагчы ў тых пытаннях, якія яго хвалююць. Але разам з тым мы для сябе яшчэ робім вывады, якія найбольш злабадзённыя пытанні сёння ёсць у жыхароў нашай краіны”, — дадала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

У час сустрэчы таксама ўзнімалася тэма падрыхтоўкі і падбору кіраўніцкіх кадраў. Было адзначана, што ў гэтым пытанні сур’ёзная роля адведзена Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. “Дакладна абазначаны задачы па перафармаціраванні гэтай работы. Сапраўды, там павінны вучыцца тыя людзі, якія ў перспектыве будуць займаць кіруючыя пасады. І гэта будуць моцныя кіраўнікі”, — адзначыла Наталля Качанава.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заслухаў не толькі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, але і яе намеснікаў, памочнікаў прэзідэнта, якія прадставілі сваё бачанне сітуацыі па пытаннях, што ўваходзяць у іх кампетэнцыю. У прыватнасці, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч далажыў аб рабоце ў заканадаўчай сферы, у тым ліку аб праекце дакумента па разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы. Мікалай Снапкоў прадставіў эканамічны блок, а таксама рэалізацыю беларуска-кітайскіх праектаў.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу рэгулярна праводзіць такія нарады, каб аператыўна разглядаць актуальныя пытанні і прымаць па іх рашэнні.