У сферы акрэдытацыі чакаюцца змяненні

- 10:22Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца

Гэтымі днямі адбылося ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. Яго дырэктарам прызначана В.З.Рыбаключава. Сёння яна расказвае пра дзейнасць новай структуры ў сістэме адукацыі.

— Вольга Зайніеўна, давайце пазнаёмімся. Вы чалавек новы ў адукацыйнай галіне?

— Новым чалавекам у адукацыйнай галіне мяне ўрад ці назавеш. Я даволі доўгі час працавала ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэтую навучальную ўстанову я ў свой час скончыла. Работу ў акадэміі пачынала на пасадзе інспектара вучэбнага аддзела, потым 12 гадоў гэты аддзел узначальвала і завяршыла службу ў органах унутраных спраў у званні палкоўніка міліцыі. Увесь мой працоўны шлях быў звязаны непасрэдна з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў навучальнай установе. Паралельна са службай займалася навуковай дзейнасцю, абараніла кандыдацкую дысертацыю і маю ступень кандыдата юрыдычных навук, вучонае званне дацэнта. Сістэма адукацыі — важны складнік майго жыцця. 

Хоць акадэмія падпарадкавана Міністэрству ўнутраных спраў, але не адмежавана ад іншых міністэрстваў і ведамстваў. Мы дастаткова плённа супрацоўнічалі з Міністэрствам адукацыі, кіруючымі органамі сферы адукацыі, іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі адукацыйнымі ўстановамі. Мяне ўключалі ў склад камісій па правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі, вывучэнні дзейнасці розных устаноў адукацыі, у тым лiку i сiлавых ведамстваў. Амаль два гады я працавала ў Мiнiстэрстве адукацыi. Таму, як бачыце, адукацыйная галіна для мяне добра знаёмая. Лічу, што я ў ёй свой чалавек, а назначэнне на пасаду дырэктара нацыянальнага агенцтва — прызнанне маёй прафесійнай дзейнасці.

— У пасланні кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу гаварылася аб пэўных пераўтварэннях і абнаўленнях ва ўсіх сферах дзейнасці нашага грамадства. Новы імпульс развіцця адукацыйнай галіны прыдасць абноўлены Кодэкс аб адукацыі.

— Безумоўна. Падпісанне Прэзідэнтам краіны закона, якім зацверджана новая рэдакцыя Кодэкса об адукацыі, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што адукацыйная галіна выходзіць на новы віток свайго развіцця. Кодэксам унесены карэктывы ў пералік дзяржаўных арганізацый, якія забяспечваюць функцыянаванне сістэмы адукацыі. У прыватнасці, частка 71 кодэкса прадугледжвае ўвядзенне новай арганізацыі, якая будзе ўстанаўліваць ва ўстановах адукацыі адпаведнасць іх адукацыйнай дзейнасці адукацыйным стандартам, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм і іншым патрабаванням. Такой новай арганізацыяй з’яўляецца Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. 

— А ці не будзе агенцтва дубліраваць ужо існуючы дэпартамент кантролю якасці?

— Не, гэта абсалютна не азначае, што Нацыянальнае агенцтва будзе дубліраваць існуючы дэпартамент кантролю якасці адукацыі. Апошнім часам у галіне адукацыі, непасрэдна ў акрэдытацыі адбываюцца пэўныя абнаўленні, звязаныя ў тым ліку з сучаснымі выклікамі, а таксама з эпідэмічнай сітуацыяй, якая складваецца ў краіне і ва ўсім свеце. Акрамя таго, стварэнню новай структуры паспрыялі патрабаванні, якія прад’яўляюцца да арганізацыі і зместу акрэдытацыі, каб удасканаліць адукацыйны працэс і павысіць якасць адукацыі.

У сферы акрэдытацыі чакаюцца пэўныя змяненні, як у механізмах сістэмы акрэдытацыі, так і ў крытэрыях, паказчыках акрэдытацыі па ўсіх узроўнях адукацыі. Вядома, стварэнне Нацыянальнага агенцтва і перадача яму функцый дзяржаўнай акрэдытацыі патрабуе пераструктуравання, абнаўлення структуры дэпартамента кантролю якасці адукацыі. Агенцтва бярэ на сябе пэўную частку работы ў арганізацыі і правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі навучальных устаноў на ўсіх узроўнях, для якіх прадугледжана акрэдытацыя, пачынаючы з устаноў сярэдняй адукацыі і заканчваючы адукацыяй дарослых, павышэннем іх кваліфікацыі і перападрыхтоўкай. 

Да ўступлення кодэкса ў сілу наша агенцтва будзе аказваць садзейнічанне дэпартаменту кантролю якасці адукацыі ў правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі з выкананнем функцый, якія закладзены ў яго дзейнасць. Агенцтва будзе таксама ажыццяўляць распрацоўку і перапрацоўку існуючых нарматыўных актаў у сферы дзяржаўнай акрэдытацыі, каб ужо з 1 верасня прыступіць да гэтай работы ў поўным маштабе.

— Якія задачы пастаўлены перад агенцтвам на найбліжэйшы час?

— Міністэрствам адукацыі пастаўлена задача неабходнасці выпрацоўкі новых падыходаў, механізмаў, крытэрыяў і паказчыкаў ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі пры правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі. Таму ў найбліжэйшы час мы прыступаем да выканання гэтай работы разам з тымі структурамі, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца ўстановы адукацыі, дзе будзе праходзіць акрэдытацыя. Самае галоўнае — неабходна выпрацаваць аптымальныя суадносіны паўнамоцтваў функцыянуючых сёння дзяржорганаў і арганізацый кіравання кантролем забеспячэння якасці ў сферы адукацыі, развесці пры неабходнасці іх паўнамоцтвы, каб ва ўстановах не было дубліруючых функцый і каб выключыць на іх дадатковую нагрузку.

У нас ужо ёсць адпаведныя прапановы, але патрэбен час для іх узгаднення з установамі адукацыі, з дзяржаўнымі органамі і прадастаўлення на абмеркаванне педагагічнай грамадскасці. Да пачатку навучальнага года мы ўсё гэта зробім. Усе кірункі дзейнасці будуць скіраваны на адпаведнасць адукацыйнага працэсу адукацыйным стандартам, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм і іншым патрабаванням у сферы адукацыі, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі.

Адным са змяненняў дзяржаўнай акрэдытацыі стане распрацоўка адзіных дыягнастычных матэрыялаў для правядзення кантрольных вымярэнняў якасці ведаў i іх адпаведнасці адукацыйным стандартам для ўсіх устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па канкрэтнай спецыяльнасці.

— Адным з кірункаў дзейнасці вашага агенцтва з’яўляецца знешняе забеспячэнне якасці вышэйшай адукацыі.

— У 2020 годзе Рэспубліка Беларусь сумесна з Сусветным банкам падпісала пагадненне, згодна з якім было выдаткавана 100 млн еўра на падтрымку інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. Адным з кампанентаў гэтага праекта з’яўляецца знешняе забеспячэнне якасці вышэйшай адукацыі. У рамках новай рэдакцыі кодэкса дзейнасць агенцтва будзе накіравана на выпрацоўку сістэмы знешняга забеспячэння якасці адукацыі па ўсіх узроўнях. На ўзроўні вышэйшай школы мы будзем арыентавацца ў тым ліку на міжнародныя стандарты для забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі ESG-2015, якія былі прыняты на еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Стандарты былі адобраны на Канферэнцыі міністраў і з’яўляюцца вызначальнымі для ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія ўдзельнічаюць у Балонскім працэсе. Мы будзем іх улічваць, але гэта не значыць, што будзем іх цалкам капіраваць. Мы абавязкова будзем улічваць нацыянальную спецыфіку, інтарэсы навучэнцаў устаноў адукацыі, запыты работадаўцаў для ўзняцця брэнда нашай адукацыі і павышэння яе канкурэнтаздольнасці ў сусветнай адукацыйнай прасторы.

— Раскажыце, калі ласка, пра структуру агенцтва.

— Сёння ў склад Нацыянальнага агенцтва ўваходзяць 3 аддзелы: аддзел метадалагічнага і інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння, аддзел акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі і аддзел акрэдытацыі ўстаноў прафесійнай адукацыі. З верасня мы пачнём працаваць на поўную магутнасць, i ў структуру агенцтва будуць унесены змяненні, абумоўленыя мэтамі і задачамі дзейнасці агенцтва. 

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.