У шэрагу найбуйнейшых сусветных брэндаў

Універсітэцкія распрацоўкі прадстаўлены на прэстыжнай выставе ў Кітаі

У гэтыя дні ў кітайскім Шанхаі праходзіць буйны міжнародны прамысловы кірмаш (CIIF). Свае распрацоўкі там у складзе калектыўнай экспазіцыі Міністэрства адукацыі прадстаўляюць і беларускія ўніверсітэты.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прывёз у Кітай больш за 20 навукова-тэхнічных распрацовак. Сярод іх — кампазіцыйныя рэагенты для ачысткі вады, шматфункцыянальны робататэхнічны комплекс для ўшчыльнення, герметызацыі і склейвання, тэхналогія вытворчасці кампазіцыйнага цвёрдага паліва з адходаў нафтапрадуктаў і гідролізнага лігніну, візуалізатар інфрачырвонага выпраменьвання, прыборы для вымярэння электрычных велічынь і інш.

Таксама ў склад экспазіцыі БДУ ўвайшла аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай сітуацыі на буйных ядзерна-небяспечных аб’ектах, якая дазваляе фікса­ваць нават мінімальныя змены радыяцыйнага фону. Больш за тое, сістэма здольна назапашваць паказчыкі ў базе даных і праводзіць аўтаматычную ідэнтыфікацыю радыенуклідаў.

Яшчэ адна цікавая распрацоўка  БДУ — ультрачорныя плёнкі, якія па шэрагу тэхнічных параметраў пераўзыходзяць сусветныя аналагі. Напрыклад, пакрыццё з гэтых плёнак мае больш высокую каразійную стойкасць і лепшае счапленне з металічнай паверхняй. Акрамя таго, ультрачорная плёнка, нанесеная на метал, можа выкарыстоўвацца ў якасці датчыка светлавых патокаў у касмічных прыборах і пераўтваральніках сонечнай энергіі ў электрычную.

Свае інавацыі на кірмашы ў Кітаі прэзентуе і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Адметна, што ў кірунку “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі” разам з ім прадстаўлены такія вядомыя сусветныя высокатэхналагічныя брэнды, як Intel, Hitachi, Haier, Cisco.

Кітайскі прамысловы кірмаш (CIIF) праводзіцца штогод з 1999 года і зараз займае другое месца сярод індустрыяльных выстаў ва ўсім свеце (пасля Hannover Messe). Летась на пляцоўках кірмашу было прадстаўлена 2600 экспанентаў з 28 краін. Мерапрыемства наведалі больш за 160 тысяч спецыялістаў з 82 краін свету.

Сёлета CIIF прадстаўляе 9 тэматычных экспазіцый (інфакамунікацыйныя тэхналогіі, прамысловая робатызацыя, металаапрацоўка, тэхналогіі і абсталяванне для аховы навакольнага асяроддзя, новая энергія, новыя матэрыялы, аэракасмічныя і авіяцыйныя тэхналогіі і інш). Тэрыторыя, якую займае выстава, складае 280 тысяч кв. м.

Паведамляецца, што ў мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 2600 экспанентаў. Арганізатары разлічваюць, што за 5 дзён пляцоўкі наведаюць не менш за 170 тысяч гасцей.

Зрэшты, сёлета вядучы тэхнічны ўніверсітэт Беларусі прывёз у Кітай не толькі навукова-тэхнічныя распрацоўкі, але і мала­дзёжныя стартапы. Як паведамілі ў прэс-службе ўстановы, асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў выставы карыстаюцца высокатэхналагічныя распрацоўкі БНТУ ў галіне медыцыны (кардыяхірургія, стаматалогія, анкалогія), дзе выкарыстоўваюцца найноўшыя матэрыялы, якія валодаюць памяццю формы, а таксама ўнікальныя ўльтра­гукавыя тэхналогіі.

Акрамя годнай прэзентацыі ўніверсітэцкай навукі, яшчэ адной важнай задачай удзельнікаў выставы з’яўляецца вывучэнне перадавога вопыту ў сферы лічбавізацыі адукацыі. З гэтай мэтай запланаваны перамовы паміж БНТУ і вядучай кітайскай кампаніяй у сферы штучнага інтэлекту iFlytech.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлены прэс-службай БНТУ.