У школах Алтая дзецям будуць даваць мёд

- 16:00Паралелі, Рознае
Дзве пілотныя школы выбраны ў Горным Алтаі для ўдзелу ў першым этапе праекта па ўвядзенні мёду ў рацыён школьнікаў. З наступнага года гэтую практыку плануецца распаўсюдзіць на ўсе школы рэспублікі, паведаміў РІА Навіны кіраўнік рэгіянальнага ўпраўлення Расспажыўнагляда Леанід Шчучын.

Увесці ў рацыён школьнікаў алтайскі мёд прапанаваў кіраўнік рэспублікі Аляксандр Берднікаў. Яго падтрымаў кіраўнік рэгіянальнага ўпраўлення “Расспажыўнагляда”, пры гэтым адзначыўшы, што неабходна вырашыць пытанне фінансавання гэтай навацыі. Паводле яго ацэнкі, у Горным Алтаі на гэтыя мэты спатрэбіцца не менш як 53 мільёны рублёў у год.
“Сёлета мёд будзе апрабаваны ў школе Усць-Коксінска і школе-інтэрнаце № 1 імя Жукава ў Горна-Алтайску. А з наступнага года плануем уключыць яго ў харчаванне ўсіх школьнікаў”, — адзначыў суразмоўца. Закрануў Л.Шчучын і праблему кантролю якасці салодкай прадукцыі. “Шмат фальсіфікаванага мёду паступае з Кітая — цэлымі вагонамі. Пад брэндам алтайскага мёду ён можа трапіць на стол школьнікаў. Каб не дапусціць гэтага, мы пакінулі за сабой права кантролю: наша лабараторыя будзе правяраць якасць гэтага харчавання. Мёд будзе ўводзіцца ў рацыён школьнікаў выключна пад кантролем Расспажыўнагляда”, — рэзюмаваў ён.
Раней ведамства паведамляла, што мёд будуць атрымліваць толькі тыя дзеці, у якіх гэты прадукт не выклікае алергію. Апытанні бацькоў пройдуць ва ўсіх школах рэгіёна.