У школе № 13 Жлобіна адбылася [НЕ]канферэнцыя «Педагагічны нефармат»

- 17:20Образование

У сярэдняй школе № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава адбылася [НЕ]канферэнцыя “Педагагічны нефармат”. Мерапрыемства было пры­меркавана да дня памяці Віталя Васільевіча Гузава і прайшло пры падтрымцы аддзела адукацыі Жлобінскага раённага выканаўчага камітэта, членаў клуба “Крыштальны журавель” Ірыны Клявец, Вольгі Счасновіч, Святланы Германовіч, якія правялі майстар-класы падчас паралельнай экспертнай сесіі. Ганаровым госцем стала Клаўдзія Васільеўна Гузава, першы дырэктар школы і жонка Віталя Васільевіча.

Для прафесійных зносін на жлобінскай зямлі ў фармаце тэхналогіі адкрытай прасторы на [НЕ]канферэнцыю “Педагагічны нефармат” сабраліся настаўнікі з розных куткоў нашай краіны. [НЕ]канферэнцыя — гэта адукацыйнае мерапрыемства, якое прадугледжвае абмен ведамі і вопытам у фармаце тэхналогіі адкрытай прасторы. Асаблівасць [НЕ]канферэнцыі — гнуткая праграма, якая кіруецца ўдзельнікамі; прастора для свабоднай творчасці і выказвання ідэй; нефармальныя жывыя зносіны. Удзельнікам прадставілася магчымасць прэзентаваць вопыт работы праз правядзенне майстар-класа, удзел у постарнай сесіі. Педагогі ўдзельнічалі ў па­нэльным абмеркаванні і аўкцыёне ідэй.

Але пачалі мы са знаёмства з правіламі [НЕ]канферэнцыі, інфармацыі пра школу і В.В.Гузава, заслужанага настаўніка Беларусі, ініцыятара алімпіяднага руху па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, аўтара вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Для панэльнага абмеркавання лідарскіх якасцей у сістэме адукацыі спікерамі былі запрошаны загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Фёдарава, член клуба “Крыштальны журавель” Дзмітрый Доўнар, малады настаўнік гісторыі Ілья Барэйша і выпускнік школы Мац­вей Архіпенка. Спікеры выказ­валі цікавыя думкі аб падыходах да адукацыі ў сучасным свеце і навучання пакаленняў Z і Альфа. Адзначылі неабходнасць уліч­ваць характэрныя рысы сучаснага пакалення для змянення падыходаў да вучэння і асваення спосабамі дзейнасці.

Пасля панэльнага абмеркавання быў арганізаваны “Аўкцыён ідэй”, дзе ўдзельніку за 1 мінуту трэба было анансаваць свой майстар-клас, каб матываваць патэнцыяльных удзельнікаў. Прафесіяналізм, артыстызм, уменне лаканічна выказаць ідэю і зацікавіць дапамаглі вызначыцца з выбарам.

Наступным этапам сталі экспертныя сесіі, якія праводзілі члены клуба “Крыштальны журавель”. Працавалі прадукцыйна. Педагогі Жлобінскага, Рагачоўскага, Рэчыцкага і Мазырскага раёнаў вывучалі прыёмы арганізацыі супрацоўніцтва і інтэрактыву, парнай і групавой работы, якім вучылі Ірына Клявец і Вольга Счасновіч. Пра праблемы і спосабы павышэння чытацкай пісьменнасці гаварыла Святлана Германовіч. Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Рагачова Наталля Шышова прапанавала ўрок для дарослых па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей.

У гэты ж час аргкамітэт пад­лічваў вынікі галасавання і фарміраваў праграму паралельнай прэзентацыйнай сесіі, для работы размяркоўваў кабінеты з нефарматнымі назвамі “алімпіяднікі”, “крэатыўшчыкі”, “падручнікапісьменнікі”, “працаголікі” і “наватары” (назвы адпавядалі фактам біяграфіі В.В.Гузава) і рыхтавалі постарную сесію. Пераможцам галасавання трэба было правесці майстар-класы. Градус работы і эмоцый быў высокі. Запатрабаванымі аказаліся майстар-класы аб фармаце нясумнай кароткай прэзентацыі “Печа-куча”, інтэлект-картах, навучанні з выкарыстаннем РОББО, метапрадметных уменнях, візуалізацыі.

З цікавасцю педагогі знаёміліся з матэрыяламі постарнай сесіі, дзе былі прадстаўлены заданні па матэматыцы на аснове ві­зуалізацыі, кросенсы, QR-коды на ўроку, віртуальная платформа Padlet, кругі Лулія, рабочыя лісты, вэб-квесты, логіка-сэнсавыя ма­дэлі, крытэрыяльнае ацэньванне, інтэрактыўны плакат, флаеры, аўтарскія трэнажоры па рускай мове, шасцівугольнае навучанне. Для кіраўнікоў цікавасць выклікалі постары па тэматыцы “Факт або ацэнка”, “SCRAM-тэхналогія”, “Дыванок ідэй”, “Сусветнае кафэ”, “Педагагічныя парады як лабараторыя педмайстэрства”.

Тэхналогія адкрытай прасторы падчас паралельнай сесіі дазволіла ўдзельнікам пераходзіць з кабінета ў кабінет. Ідэю ўспрынялі добра. На рэфлексіі педагогі адзначылі гэтую перавагу [НЕ]канферэнцыі, хаця каманда арганізатараў хвалявалася — ці спрацуе?

У слогане “Педагагічнага нефармату” — “А хто, калі не мы” — быў закладзены сэнс, матыў і імк­ненне да творчага прафесійнага абмену вопытам. Усе былі аднадушныя: “Нефармату — быць!”

Алена АНАНЧЫКАВА,
дырэктар сярэдняй школы № 13
 Жлобіна імя В.В.Гузава,
член клуба “Крыштальны журавель”