Дзіцяці не загадаеш! У гэтым перакананы Віталій Гарыевіч Міцкевіч, кіраўнік гарадскога рэсурснага цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 93 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Ва ўстанове адукацыі з першых дзён адкрыцця 3 гады назад вядзецца актыўная ваенна-патрыятычная работа, праходзяць сустрэчы з курсантамі і афіцэрамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Школа супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі, юрыдычным факультэтам і ў перспектыве плануе ўзаемадзеянне з факультэтам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Неабходнасць стварэння гарадскога рэсурснага цэнтра наспела, калі колькасць жадаючых уступіць у класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці стала расці, — тлумачыць Віталій Гарыевіч. — Трэба было аб’яднаць дзяцей і ўдасканаліць магчымасці вучэбнай праграмы. Гэта і натхніла на стварэнне ГРЦ. Зацвердзіўшы ідэю з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, у маі 2022 года першы ў Мінску гарадскі рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні пачаў сваю работу.
Як вынік, сярэдняя школа № 93 адзіная ў Мінску, дзе не толькі створана 5 (!) класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, але і дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр, які структуруе, удасканальвае і аб’ядноўвае работу ўсіх школ з класамі такога кірунку.
Удзел у функцыянаванні ГРЦ прымаюць адміністрацыя школы, класныя кіраўнікі, сацыяльны педагог, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, псіхолагі, бібліятэкары і г.д. Кожны выконвае сваю важную ролю, без чаго рэсурсны цэнтр сталічнай сярэдняй школы № 93 не працаваў бы так паспяхова.
Сёння ў класах ваенна-патрыятычнай накіраванасці (у іх набіраюць тых, чый бал па фізіцы і матэматыцы не ніжэйшы за 7, як і сярэдні бал па іншых прадметах) налічваецца 148 вучняў. У 5—6-х класах праводзяцца факультатыў “Юны пагранічнік” і заняткі па асновах духоўна-маральнага выхавання і патрыятызму, у 7—9-х класах — факультатыў “Юны абаронца Айчыны”, а ў 10—11-х — факультатыў “Гатовыя Радзіме служыць!” профільнай накіраванасці, дзе вядзецца падрыхтоўка да паступлення.
Хлопчыкі і дзяўчынкі штодня носяць ваенную форму (атрымаўшы права на нашэнне формы ва ўрачыстай абстаноўцы), удзельнічаюць у дабрачынных і ваенна-патрыятычных акцыях, валанцёрскіх мерапрыемствах па добраўпарадкаванні памятных месцаў, нясуць Ганаровую вахту Памяці, сустракаюцца з ветэранамі.
Вядзецца актыўная навукова-даследчая дзейнасць, папаўняецца музейная экспазіцыя “Беларусь гераічная”, прысвечаная ключавым гістарычным падзеям краіны. Вучні прадстаўляюць школу на семінарах, канферэнцыях, выставах, спартыўна-патрыятычных конкурсах і спартакіядах, творчых конкурсах. Плануецца цеснае ўзаемадзеянне гарадскога рэсурснага цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні са школамі Узбекістана для захавання сумеснай гістарычнай памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.
— Для кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні важна не толькі валодаць ведамі аб ваеннай справе, але і мець педагагічную адукацыю, — адзначае Віталій Міцкевіч, за плячыма якога 12 гадоў выкладання ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і навучанне ў Ваеннай акадэміі сувязі імя Маршала Савецкага Саюза С.М.Будзённага (Санкт-Пецярбург) па напрамку “Педагогіка вышэйшай школы”. — Не кожны ваенны можа быць настаўнікам. Пераключыцца пасля арміі на работу з дзецьмі складана: дзіця не салдат, і яму не загадаеш, яго трэба зацікавіць. У гэтым нам дапамагаюць цір і басейн, кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі, абсталяваны экспанатамі і інфармацыйнымі стэндамі, і г.д.
Папулярызуючы свае веды і вопыт, Віталій Гарыевіч на міжнароднай парламенцкай канферэнцыі “Гістарычная памяць: вялікая перамога, здабытая адзінствам” прэзентаваў вучэбна-метадычны комплекс у дапамогу кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні. Педагог распрацаваў комплекс сумесна са сваім выпускніком, цяперашнім курсантам факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі. Дапаможнік складаецца з двух раздзелаў — тэарэтычнага і практычнага — і ўключае 100 урокаў.
Зараз Віталій Гарыевіч працуе над яшчэ адным метадычным праектам па страявой падрыхтоўцы. Дзякуючы яму, дзеці ў інтэрактыўнай форме змогуць не толькі вучыцца, але і самастойна праводзіць заняткі.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА