У школе самае лепшае — дзеці

- 10:41Людзі адукацыі

На Маладзечаншчыне настаўніцу 7-й гімназіі Наталлю Данілаўну Пашчук ведаюць амаль усе аматары хіміі. Яна 4 разы была ўзнагароджана заахвочвальнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Двойчы яе называлі лепшым педагогам раёна, у 2011 годзе Наталля Данілаўна стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі “Чалавек года Міншчыны”, а яе фотаздымак упрыгожыў Дошку гонару Маладзечанскага раёна.

Наталля Данілаўна скончыла хімічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Хімік. Настаўнік хіміі”. Яна ўжо амаль дваццаць гадоў выкладае хімію ва ўстанове адукацыі, у якой калісьці сама вучылася азам гэтага прадмета. Педагог шчыра ўдзячна свайму першаму настаўніку Георгію Іванавічу Корсаку, які прывіў ёй любоў да дысцыпліны. Яго заўсёды паважалі і шанавалі вучні. “Памятаю, што на яго ўроках было цікава, мы праводзілі доследы і эксперыменты. У гімназіі і сёння працуе міжшкольны факультатыў, на які прыходзяць дзеці з усіх школ горада”, — расказвае настаўніца.

Педагог успамінае, што настаўніцай вырашыла быць не адразу. Спачатку сямнаццаць гадоў працавала ў канструктарска-тэхналагічным бюро на заводзе “Электрамодуль”. Але аднойчы дырэктар гімназіі прапанавала ёй стаць выкладчыцай, нягледзячы на тое, што не было вопыту работы з дзецьмі. “Я ніводнага разу не пашкадавала, што змяніла работу”, — дадае Наталля Данілаўна.

“Калі я прыйшла сюды працаваць, наша гімназія лічылася школай адораных дзяцей. Памятаю, што прыходзілі дзеці з усіх школ горада. Яны вельмі любілі хімію. Дзеці прыносілі, як мне на той час здавалася, вельмі цяжкія задачы і прасілі дапамагчы рашыць іх, а я ж сямнаццаць гадоў да гэтага працавала на заводзе і шмат забыла. Таму амаль кожны вечар чытала свае ўніверсітэцкія канспекты і разам з дзецьмі вучылася”, — расказвае настаўніца.

І сёння Н.Д.Пашчук лічыць, што самае галоўнае для настаўніка — заўсёды вучыцца. Хімія, як і любая навука, не стаіць на месцы, адкрываюцца новыя напрамкі, усё больш развіваецца нанахімія. “Таму я заўсёды чытаю, вучу, каб яшчэ лепш разумець прадмет”, — адзначае жанчына.

Наталля Данілаўна ўпэўнена, што добры вучань адрозніваецца жаданнем вучыцца. Настаўніца заўсёды звяртае ўвагу на тое, як вучань паводзіць сябе на ўроку, як сочыць за аповедам настаўніка, як выконвае доследы і эксперыменты, і менавіта па гэтым можна заўважыць вучня з мысленнем хіміка.

Для лепшага ўспрымання прадмета педагог выкарыстоўвае на сваіх занятках інтэрактыўную дошку і прэзентацыі. Калі-нікалі дзеці на ўроках карыстаюцца і інтэрнэтам. Але Наталля Данілаўна лічыць, што не заўсёды інфармацыя, размешчаная ў глабальнай сетцы, карысная і дакладная. Напрыклад, настаўніца не дазваляе браць інфармацыю з папулярнай Вікіпедыі, бо там можна знайці толькі рашэнне, а для добрага засваення прадмета трэба ведаць і тлумачэнні, і высновы.

“Хімія вельмі складаны прадмет, — гаворыць Наталля Данілаўна. — Невыпадкова яе вывучэнне пачынаюць толькі з 7 класа. Я лічу, каб добра ведаць хімію, трэба на ўзроўні валодаць матэматыкай, мець абстрактнае мысленне. Хімію важна разумець. Не ўсё ж можна ўбачыць. Напрыклад, калі мы раствараем соль у вадзе, то іоны немагчыма разгледзець. Трэба гэты працэс уявіць сабе і зразумець”.

Настаўніца ганарыцца свамі таленавітымі вучнямі, якія шмат разоў станавіліся пераможцамі алімпіяд па хіміі рознага ўзроўню. Пад яе кіраўніцтвам навучэнка Лізавета Дуровіч атрымала два бронзавыя медалі на Міжнароднай алімпіядзе па хіміі, Аляксандра Радчанка ўзнагароджана сярэбраным медалём Міжнароднай алімпіяды па хіміі, а таксама сярэбраным і бронзавым медалямі Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі.

Як адзначае Наталля Данілаўна, падрыхтоўка да алімпіяды — гэта цяжкая праца. “Спачатку гэта сумесная праца, настаўніку трэба паказаць, што яму самому гэта цікава. Напрыклад, калі я займаюся з вучнямі, я магу адну задачу рашаць шмат разоў, але мне заўсёды цікава даведацца прынцып рашэння”, — тлумачыць настаўніца.

Дзеці рыхтуюцца да алімпіяды і на выхадных, і на канікулах. Так, Наталля Данілаўна ўспамінае, што аднойчы дзяўчынка тэлефанавала і пыталася пра незразумелае заданне нават увечары 31 снежня. “Настаўнік павінен быць цярплівым, каб спакойна растлумачыць усе цяжкія пытанні”, — упэўнена настаўніца.

Калі вучань ужо разумее, як трэба рыхтавацца, задача настаўніка — дапамагчы знайсці карысную літаратуру, патрэбныя заданні. А потым застаецца толькі кантраляваць і дапамагаць з цяжкімі пытаннямі. “Калі я не ведаю адказу, не саромеюся спытаць у іншых. Шмат маіх выпуснікоў скончылі хімфак БДУ”, — тлумачыць Н.Д.Пашчук.

Наталля Данілаўна ўпэўнена, што праца настаўніка складаная, трэба ахвяраваць асабістым часам. “Напрыклад, калі на заводзе я разумела, што працоўны дзень заканчваецца ў 5 гадзін і пасля ты свабодны, то настаўнік работу нясе дадому, таму нельга шкадаваць свайго часу. Але, калі на вечары сустрэчы выпускнікоў былыя вучні расказваюць, якіх поспехаў дасягнулі, выказваюць словы падзякі, я разумею, што выбрала правільную прафесію. У школе самае лепшае — гэта дзеці. Калі ты іх любіш, то любіш і сваю работу. І тады ўсё атрымліваецца”, — лічыць настаўніца.

У вольны час Наталля Данілаўна вельмі любіць падарожнічаць. У планах настаўніцы — аб’ездзіць усю Еўропу.

Дар’я ЦАУНЯ.