У школе створаны ўсе ўмовы, каб дзіця магло паўнавартасна развівацца

- 11:27Актуальна, Апошнія запісы

У межах маніторынгу падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў сярэднюю школу № 25 Барысава і Барысаўскі дзяржаўны каледж. Акрамя таго, кіраўнік ведамства правёў сустрэчу з дырэктарскім корпусам устаноў адукацыі Барысаўскага раёна.

Сярэдняя школа № 25 Барысава была адкрыта ў кастрычніку 2019 года. Тут створаны ўсе ўмовы для выхавання і навучання дзяцей. Гэта не проста сярэдняя школа, а сапраўдны адукацыйны і культурна-спартыўны цэнтр. Паказваючы сваю ўстанову, дырэктар Вольга Шаляпіна адзначыла, што іх спартыўная база — вышэй усякай пахвалы, бо ўключае скаладром, міні-футбольную, валейбольную, баскетбольную, бегавую, гульнявую пляцоўкі, а таксама пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі і турнікамі, для навучання правілам дарожнага руху, дзве спартыўныя і тры трэнажорныя залы, басейн і нават тэнісны корт.

Новая адукацыйная ўстанова адпавядае ўсім сучасным стандартам: у класах зручная мэбля, разлічаная на дзяцей рознага росту, разнастайнае вучэбнае абсталяванне, у тым ліку для заняткаў робататэхнікай і 3D-мадэляваннем (створаны стэм-цэнтр, магчымасці якога ў новым навучальным годзе будуць пашырацца). У школе прасторная сталовая і харчаблок. Асаблівая гордасць — актавая зала на 253 пасадачныя месцы, дзе ёсць інтэрактыўны дынамічны экран памерам 17 квадратных метраў, які падыходзіць не толькі для паказу прэзентацый, але і для прагляду фільмаў на мове арыгінала. У школе выкладаюць кітайскую, англійскую і нямецкую мовы. Для вывучэння замежных моў ва ўстанове абсталяваны 3 лінгафонныя кабінеты.

Ігар Карпенка агледзеў тэрыторыю школы, уключаючы спартыўныя пляцоўкі, трэнажорную залу і басейн. Наведаў цэнтр АБЖ, бібліятэку і медыцынскі блок. У школе створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзіця магло паўнавартасна развівацца. Міністр адзначыў, што сучасная школа выконвае не толькі свае традыцыйныя функцыі.

“У прыватнасці, на базе гэтай школы функцыянуюць Цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства, рэгіянальны рэсурсны цэнтр па вывучэнні англійскай мовы, што дае магчымасць і іншым установам адукацыі ў рамках узаемадзеяння, сеткавай падрыхтоўкі выкарыстоўваць гэтую базу для навучэнцаў іншых школ Барысава, а таксама сельскіх школьнікаў.

Радуе, што на школьнай пляцоўцы можна сустрэць мясцовых жыхароў, мам з дзецьмі. Гэта значыць, што школа выконвае яшчэ і функцыю сацыякультурнага аб’екта. У 2019 годзе мы адкрылі такую ж навучальную ўстанову ў Брэсце. З аднаго боку, закрываем малакамплектныя, неперспектыўныя сельскія школы, але разам з тым там, дзе разрастаюцца мікрараёны, ідзе прырост насельніцтва, будуем новыя”, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Далей Ігар Карпенка адзначыў: важна, што ў школу прыходзяць матываваныя маладыя спецыялісты. “Сёння ў нас праблем з забяспечанасцю кадрамі няма. Акрамя таго, істотна вырас прахадны бал на педспецыяльнасці — цяпер ён не ніжэйшы за 200. Гэта яскрава сведчыць пра тое, што педкласы сваю функцыю выконваюць, дапамагаючы матываваным са школы юнакам і дзяўчатам знайсці сваё прызванне ў жыцці. І мне асабліва прыемна падчас гутарак з маладымі педагогамі чуць, што яны плануюць працягваць сваю дзейнасць на першым працоўным месцы. Гэта гаворыць аб замацаванасці маладых кадраў на месцах. Дзяржава, міністэрства, мясцовая ўлада вялікую ўвагу ўдзяляюць сацыяльнаму аспекту, у тым ліку заработнай плаце педагогаў”, — дадаў ён.

Разам з тым, маладыя настаўнікі павінны быць нацэлены на ўдасканаленне свайго майстэрства. “Педагог павінен быць са сфарміраваным маральна-этычным унутраным арыенцірам. У першую чаргу гаворка ідзе пра матываванасць, намер і далей удасканальваць сваё майстэрства. І тут павінна падключацца адміністрацыя, асноўная задача якой  — дапамагчы і падтрымаць як метадычна, так і ў сацыяльным плане. Увогуле, кіраўніцтва навучальнай установы павінна задаваць тэмп яе развіцця ўсяму калектыву, аб’ядноўваць педагогаў, каб яны мелі перспектыву росту. Другі немалаважны момант — педагагічная этыка, уменне настаўніка наладзіць дыялог з вучнямі ў класе, з іх бацькамі. Тут размова ідзе і пра зносіны ў сацыяльных сетках і розных бацькоўскіх чатах. Да ўсяго трэба ставіцца адказна”, — сказаў Ігар Карпенка.

Міністр звярнуў увагу на тое, што бацькі павінны матываваць сваіх дзяцей на вучобу. “Вучоба — гэта не забаўка, а складаная праца. І вучні павінны гэта разумець. Педагог данясе да навучэнцаў увесь неабходны матэрыял, але важна, каб і самі дзеці не толькі ў класе, але і, выконваючы дамашнія заданні, былі нацэлены на тое, каб замацоўваць пройдзены матэрыял і вывучаць новы. Па-сутнасці, ужо пачынаючы са школьнай парты мы рыхтуем кадры для нашай эканомікі”, — адзначыў ён.

Ігар Карпенка расказаў, што цяпер праводзіцца маніторынг гатоўнасці навучальных устаноў да новага навучальнага года. “Пашпарты гатоўнасці школы пачнуць атрымліваць у жніўні. Цяпер, у адпаведнасці з графікам, у навучальныя ўстановы паступае новая вучэбная літаратура”, — дадаў ён.


 У Барысаўскім дзяржаўным калежы міністр азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, паглядзеў вучэбна-вытворчыя май­стэрні і Музей гісторыі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мін­скай вобласці.

Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Лілія Чэча, падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У каледжы дзейнічаюць аддзяленні аўтамабільных, металаапрацоўчых і электратэхнічных прафесій, садова-паркавага будаўніцтва, прафесій лясной і сельскай гаспадаркі, агульнага харчавання, гандлю і паштовай сувязі, швейных прафесій, цырульніцкага майстэрства і дэкаратыўнай касметыкі. Ёсць і аддзяленне педагагічных прафесій.

З 2012 года на базе ўстановы дзейнічае рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” па кваліфікацыі “швачка”. З 2018/2019 навучальнага года на базе каледжа арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія вывучаюць усе школьныя прадметы на базавым узроўні. Прафесійная падрыхтоўка вядзецца ў рамках вывучэння вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” ў аб’ёме 6 гадзін на тыдзень і ўключае  рэалізацыю адукацыйных праграм па прафесіях дэманстратар адзення, касір гандлёвай залы, афіцыянт, слесар па рамонце аўтамабіляў.

Для пашырэння перспектыў сваіх выпу­скнікоў каледж заключыў дамовы з іншымі ўстановамі адукацыі, у тым ліку вышэйшай. Напрыклад, дзейнічае дамова аб сумеснай адукацыйнай дзейнасці з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка для выпускнікоў каледжа па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” (каб рэалізоўваць прынцып бесперапыннай і інтэграванай адукацыі і для ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па скарочаных тэрмінах навучання).

Рэалізуецца эксперыментальны праект “Апрабацыя арганізацыйнай структуры і механізмаў узаемадзеяння шматузроўневага шматпрофільнага каледжа з асяроддзем рэгіёна эканамічнага росту”, асноўнай мэтай якога з’яўляецца вывучэнне і аналіз патрэб рэгіянальнай эканомікі, дэмаграфічны прагноз, баланс працоўных рэсурсаў, запатрабаванасць аказваемых адукацыйных паслуг у адпаведнасці з патрабаваннямі рынку працы.

У сувязі з гэтым міністр заўважыў, што, плануючы вучэбную дзейнасць, трэба пастаянна думаць на перспектыву, улічваць патрэбы мясцовых галін вытворчасці. “Усе вашы спецыяльнасці і кваліфікацыі павінны быць запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі”, — звярнуўся міністр да дырэктара. На што Лілія Эдуардаўна адзначыла, што яны са сваімі заказчыкамі кадраў працуюць у вельмі цесным кантакце.

Увогуле каледж здзівіў не толькі сваёй шматпрофільнасцю, але і вучэбнымі, творчымі дасягненнямі. Дырэктар не без гордасці адзначыла, што па выніках 2019/2020 года навучэнцы і педагогі заваявалі больш за 160 узна­гарод, сярод якіх 111 — міжнародныя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.