У школе, як дома

- 11:56Людзі адукацыі

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Асіповіч Юлія Ісаханава — шчаслівы чалавек. Яна ніколі не зведвала сумненняў выбару, кім стаць, якую прафесію выбраць. З дзяцінства марыла быць настаўніцай. Мару яна ажыццявіла і праз дзесяцігоддзі ні разу не ўсумнілася ў правільнасці таго дзіцячага імкнення. Праца прыносіць ёй радасць, бо гэта менавіта тая справа, да якой ляжыць душа.

Настаўніцкую прафесію Юлія Васільеўна асвойвала ў Благавешчанскім педагагічным універсітэце ў Расіі. Атрымала дыплом і прыехала на малую радзіму бацькоў, у беларускі горад Асіповічы.

— Працоўную дзейнасць я пачала ў другой гарадской школе. Першапачаткова працавала педагогам-арганізатарам, а праз пару гадоў прыйшла да сваёй дзіцячай мары — стала выкладаць у пачатковых класах. Пасля спазнала радасць мацярынства. Потым зноў вярнулася да выкладання, але ўжо ў сярэдняй школе № 3 горада, — успамінае свае першыя крокі ў прафесіі субяседніца.

Настаўнічае Юлія Васільеўна ўжо больш за пятнаццаць гадоў. За гэты час выпрацавала ўласную методыку навучання, якая грунтуецца не толькі на прывіцці дзецям першасных ведаў, уменняў вучыцца самастойна, але і на ўсебаковым духоўна-маральным выхаванні. Да кожнага дзіцяці ў яе індывідуальны падыход, які прыводзіць навучэнцаў да максімальнай паспяховасці па ўсіх напрамках.

— Дзеці павінны ісці ў школу з радасцю. Дасягнуць гэтага проста: любы ўрок неабходна зрабіць для школьнікаў адкрыццём. Не трэба забываць і пра маральную падтрымку навучэнцаў. Варта часцей хваліць дзетак за іх штодзённыя дасягненні, за ўсе добра выкананыя заданні, — адзначае Юлія Ісаханава.

На яе думку, цікавасць і радасць павінны быць асноўнымі пачуццямі школьніка. Пры навучанні Юлія Ісаханава ўлічвае запыты, захапленні і памкненні кожнага дзіцяці.

— Я заўсёды адзначаю дасягненні навучэнцаў. Слова “малайчына” часам робіць сапраўдныя цуды, вельмі матывуе дзяцей, дапамагае далейшаму паспяховаму навучанню. А вось за няўдачу ніколі не дакараю. Страх промахаў, напружанасць ускладняюць засваенне ведаў, зніжаюць вучэбную матывацыю, — пераканана Юлія Васільеўна.

На сваіх уроках яна тлумачыць вучэбны матэрыял, выкарыстоўваючы цікавыя формы і метады навучання, прымяняе новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

— Адным з галоўных прыёмаў навучання ў пачатковых класах з’яўляецца гульня. Яна аказвае станоўчы эфект у фарміраванні асобы. Я заўсёды ўцягваю дзяцей у калектыўную дзейнасць праз арганізацыю работы ў групах, гульню і спаборніцтвы, — падкрэслівае Юлія Ісаханава.

У гэтага неардынарнага педагога няма аднолькавых заняткаў, усе яны нестандартныя, займальныя. На ўроках Юлія Васільеўна імкнецца гарманічна сумяшчаць дабрыню і патрабавальнасць у адносінах да дзяцей.

— За час сваёй працы я зразумела, што добры той настаўнік, які не толькі вучыць, але і сам вучыцца разам са сваімі выхаванцамі. Таму я знаходжуся ў пастаянным удасканаленні метадаў і прыёмаў выкладання, цікаўлюся навінкамі педагогікі, новымі тэхналогіямі ў адукацыі. Асаблівую ўвагу ўдзяляю гульнявым тэхналогіям. Апошнія гады працавала над тэмай “Развіццё пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў на ўроках літаратурнага чытання праз выкарыстанне дыдактычных гульняў”. Дыдактычныя гульні на ўроках літаратурнага чытання, адпаведна пабудаваныя факультатыўныя заняткі і пазакласная работа спрыяюць павышэнню пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, фарміруюць цікавасць да ведаў, развіваюць вучэбную матывацыю і ініцыятыву, — лічыць Юлія Ісаханава.

Настаўніца ўпэўнена, што немагчыма кожны ўрок праводзіць ідэальна, заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Часам дзеці пытаюцца пра тое, чаго яна не ведае.

— Я заўсёды сумленна ў гэтым прызнаюся. Але гавару дзецям, што абавязкова даведаюся і раскажу. Тое ж самае і з бацькамі навучэнцаў. Я не саромеюся папрасіць іх парады, пастаянна дзялюся з мамамі і татамі сваім вопытам, бо толькі сумесна мы можам зразумець дзяцей і дапамагчы ім у вучобе, — падкрэслівае Юлія Васільеўна.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Юлія Ісаханава кіруецца вядомай прытчай пра самае галоўнае. Для яе любы ўрок самы галоўны. Галоўныя людзі — яе навучэнцы. А самая галоўная справа — выкладанне.

— Мая праца для мяне не проста прафесія, а лад жыцця. Школа — тое месца, дзе я адчуваю сябе як дома, гэтак жа ўтульна і добра, — запэўнівае Юлія Васільеўна.

За доўгія гады плённай педагагічнай дзейнасці Юлія Ісаханава не раз была адпаведна адзначана. У яе працоўнай скарбонцы — ганаровыя граматы мясцовых выканаўчых улад. У мінулым годзе яна стала пераможцай раённага і лаўрэатам абласнога тура конкурсу “Настаўнік года” ў сваёй намінацыі. Аднак для настаўніцы не гэта галоўнае ў працы. Бывае, у канцы ўрока дзеці абступаюць яе і дзякуюць за веды. Такія моманты для Юліі Васільеўны — самая каштоўная працоўная ўзнагарода.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Юліі ІСАХАНАВАЙ.