У школьнай выставачнай зале

Кожны, хто завітае ў плешчаніцкую сярэднюю школу № 2 Лагойскага раёна, трапіць не проста ва ўстанову адукацыі, а ў карцінную галерэю. Творы беларускіх мастакоў упрыгожваюць школу і дапамагаюць педагогам вучыць і выхоўваць дзяцей.

У 2015 годзе член Беларускага саюза мастакоў выпускнік другой плешчаніцкай школы Уладзімір Сяргеевіч Шнарэвіч прадаставіў установе 10 сваіх работ. Яны і паклалі пачатак выставе. Пераступаючы парог школы, яе навучэнцы аказваліся ў карціннай галерэі. Яны з непадробным захапленнем глядзелі на тое, як усё змянілася, на перапынках уважліва разглядалі карціны, пыталіся, ці доўга працягнецца выстава, быццам баяліся, што цуд знікне. Ім таксама захацелася быць мастакамі, і яны сталі больш маляваць. Дзіцячыя малюнкі размяшчаліся на перасовачнай магнітнай дошцы, і юныя аўтары ўсведамлялі, што іх работы выстаўлены побач з работамі знакамітага земляка.

А сам Уладзімір Сяргеевіч з задавальненнем прыходзіў на сустрэчы з навучэнцамі, даваў майстар-класы. Ідэя стварэння карціннай галерэі ў школе прыйшлася даспадобы ўсім: мастаку, педагогам і вучням, бацькам і гасцям школы. У 2016 годзе абноўленая экспазіцыя займала ўжо два паверхі. Уладзімір Сяргеевіч пазнаёміў педагогаў са сваімі калегамі, членамі творчага аб’яднання “Верасень”, — і выставачныя плошчы павялічыліся. У сакавіку 2018 года ў школе з’явіліся работы заслужанага мастака Рэспублікі Беларусь Сяргея Анатольевіча Волкава, мастачкі Зінаіды Сямёнаўны Эрэнбург, арт-крытыка і мастачкі Марыны Міхайлаўны Эрэнбург.

Арганізацыя выстаў твораў жывапісу дазволіла стварыць у школе непаўторную атмасферу, нестандартна вырашаць адукацыйныя задачы пры вывучэнні асобных вучэбных прадметаў і выхаваўчыя задачы.

Цяпер палотны беларускіх мастакоў у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваюць педагогі школы пры вывучэнні выяўленчага мастацтва, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, гісторыі, грамадазнаўства, беларускай і рускай моў і літаратур, замежнай мовы. Малады спецыяліст настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва Вераніка Аляксандраўна Бразоўская лічыць, што выкарыстанне выставы твораў жывапісу і графікі вельмі актуальна пры вывучэнні тэм “Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці і мастацтва”, “Практычная мастацка-творчая дзейнасць”, “Развіццё адукацыі, навукі і культуры Рэспублікі Беларусь”, “Роля культуры ў жыцці грамадства”, “Духоўнае жыццё грамадства”. Педагогі пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання актыўна выкарыстоўваюць працы С.А.Волкава — карціны-ілюстрацыі да казак. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры маюць магчымасць выкарыстоўваць патэнцыял выставы пры вывучэнні раздзелаў “Тэкст”, “Вершы пра прыроду” і інш. Выкладчыкі англійскай мовы Марына Віктараўна Корабава і Кацярына Валер’еўна Радзюк, вывучаючы з дзесяцікласнікамі раздзел “Мастацтва”, абавязкова ствараюць дыялогі пра нацыянальную і сусветную культуры. Гэта дазваляе максімальна наблізіць вучэбны працэс да рэальнага працэсу зносін.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Вікенцьеўны Фядотка і мастака У.С.Шнарэвіча першакласнікі правялі даследаванне, як навучыцца маляваць.

Патэнцыял выставы выкарыстоўваецца класнымі кіраўнікамі пры падрыхтоўцы і правядзенні гадзін інфармавання, класных гадзін, іншых тэматычных мерапрыемстваў.

Работы ў карціннай галерэі штогод мяняюцца, урокі і мерапрыемствы таксама кожны год непадобныя адно на аднаго. Як абагульненне вопыту для педагогаў распрацаваны рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі выстаў твораў жывапісу.

Мы бясконца ўдзячны Уладзіміру Сяргеевічу Шнарэвічу, нашаму земляку, які дапамог стварыць у школе эксклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе, якое злучае ў сабе звычайную сярэднюю школу і выставачныя залы карціннай галерэі.

Марына ЦЕРАХ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
плешчаніцкай сярэдняй школы № 2 Лагойскага раёна.