Народны мастак СССР Заір Азгур, напэўна, здзівіўся і парадаваўся б таму, як у будучыні праславіць звычайную школу ў невялікім райцэнтры. Між тым сёння сярэдняя школа № 1 Сянна, што на Віцебшчыне, не толькі носіць імя знакамітага земляка, але і ганарыцца музеем, дзе захоўваецца амаль паўтара дзясятка яго работ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Імя Заіра Ісаакавіча Азгура, які нарадзіўся на Сенненшчыне, было прысвоена школе ў 1996 годзе, — расказвае яе дырэктар Аляксандр Ладыжын. — А праз некалькі гадоў установе адукацыі перадалі ў дар 14 скульптур з майстэрні З.І.Азгура і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Навучэнцы з задавальненнем знаёмяцца з імі і гісторыяй іх стварэння, вывучаюць біяграфіі вядомых людзей, чые скульптурныя партрэты тут прадстаўлены. Работы і асобы, якім яны прысвечаны, сапраўды ўражваюць — гэта і былы кіраўнік рэспублікі Пётр Міронавіч Машэраў, і паэт Аркадзь Куляшоў, і маршал і двойчы Герой Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі. Можна ўбачыць і эскізныя эцюды да помніка Якубу Коласу ў Мінску — фігуры самога літаратара, Сымона-музыкі, Ганначкі, Панаса, сына дзеда Талаша.
Настаўніца працоўнага навучання і нямецкай мовы, яна ж кіраўніца музея Ірына Кучко пераканана:
— Іншую такую экспазіцыю, дзе былі б сабраны 14 твораў выдатнага майстра, у школьных музеях рэспублікі наўрад ці можна ўбачыць. Мы актыўна выкарыстоўваем яе, у тым ліку ў рамках шостага школьнага дня, займаемся разнапланавай пошукавадаследчай дзейнасцю. Дзеці знаёмяцца з азамі музейнай справы, вучацца здабываць інфармацыю, складаць экскурсіі, праводзіць іх. Ёсць і яшчэ адна ідэя, пра якую не магу не расказаць, — укараненне прасторы музея ў прастору школы. У калідорах установы адукацыі мы зрабілі гэта праз праект “Архітэктурнае мінулае майго горада”. На другім паверсе, дзе вучацца малодшыя школьнікі, размясцілі каляровыя выявы, а на чацвёртым — для старэйшых дзяцей — зрабілі афармленне ў чорна-белым варыянце ў выглядзе старых фатаграфій. У такім жа стылі выканана і памяшканне музея, мы спрабавалі звярнуцца да эстэтыкі таго часу і тых мясцін, да якіх мае дачыненне Заір Азгур. Гэта і вясковыя пейзажы, паколькі скульптар быў ураджэнцам сельскай мясцовасці, і вулачкі Віцебска, дзе ён вучыўся ў студыі Юдзеля Пэна.
Калі дзецям расказваеш усё гэта ў падрабязнасцях, з цікавымі дэталямі, то яны вельмі ўражваюцца. У іх з’яўляецца гордасць за малую радзіму і краіну, якая нараджае і выводзіць у людзі такіх майстроў.
…Знаёмства са славутасцямі сярэдняй школы № 1 працягваецца. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Кучынская паказвае нам этнаграфічны куток, дзе рэалізуецца праект традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”. Экспанаты, сабраныя тут, знаёмяць з жыццём і побытам беларускіх сялян канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
— Вы бачыце перад сабой рэчы, якімі карысталіся нашы продкі ў штодзённым жыцці, элементы дэкору, інтэр’ера, што ўпрыгожвалі вясковую хату, можаце ўявіць, чым займаліся людзі доўгімі зімовымі вечарамі, — расказвае Таццяна Кучынская. — Сярод экспанатаў ёсць і ўнікальныя, напрыклад, старажытная саха, арыгінальныя лапці. У экспазіцыі 20 ручнікоў: і даматканых, і вышываных. Але самыя дарагія — вось гэтыя два, якім каля 100 гадоў. Іх падарыла этнаграфічнаму кутку педагог нашай школы, якой гэтыя ручнікі дасталіся ад прабабулі. Дарэчы, у вясковай хаце ў добрай гаспадыні іх, як правіла, магло быць да 30, самых розных відаў. Яны выкарыстоўваліся ў абрадах, з імі і сёння сустракаюць самых дарагіх гасцей хлебам-соллю. Ёсць вельмі цікавая калекцыя сярпоў розных памераў. Кожная рэч не безаблічная, а некалі мела свайго гаспадара, і мы плануем у будучыні расказаць іх гісторыю. Для мяне ж самыя дарагія — гэтыя інструменты майго бацькі, які быў вельмі добрым сталяром…
Дэманструюць нам і саму батлейку. Ідэю аднавіць беларускі лялечны тэатр, па свярджэнні кіраўнікоў школы, навучэнцы ўспрынялі з энтузіязмам, паспелі паставіць некалькі спектакляў, ахвотна прымаюць удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах. Сыгралі адну з забаўных сцэнак і для нас. А “на дэсерт” у актавай зале перад намі выступілі ўдзельнікі праекта “Бясконцае кола ліры” пад кіраўніцтвам загадчыцы аддзялення Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціны Каржыцкай. Старадаўняя песня ў суправаджэнні народных інструментаў гучала вельмі душэўна…
Даведка
У 20 класах сенненскай сярэдняй школы № 1 вучацца 512 навучэнцаў. Летась 82% яе выпускнікоў, 18 чалавек з 22, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. З 50 педагогаў, якія тут працуюць, 41 мае першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота Ігара ГРЭЧКІ