У школу? З радасцю!

- 14:34Апошнія запісы, Рознае, Якасць адукацыі

Гімназія № 21 Заводскага раёна Мінска ўжо на працягу 14 гадоў плённа супрацоўнічае з яслямі-садам № 443 “Праменьчык” па пытаннях пераемнасці. Штогод педагогі распрацоўваюць праграму пераемнасці, якая накіравана на ажыццяўленне агульных падыходаў да арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу, захаванне агульных прынцыпаў пабудовы праграм і методык, стварэнне аптымальных медыка- і псіхолага-педагагічных умоў для спрыяльнай адаптацыі дзяцей у пачатковы перыяд школьнага навучання.

Навучанне ў школе — новы этап у жыцці дзіцяці, і падрыхтавацца да яго трэба не толькі дзецям, але і бацькам. Вучоба ў 1 класе патрабуе ад дзіцяці ўмення паводзіць сябе на ўроках, уважліва слухаць тлумачэнні настаўніка, выконваць яго просьбы, указанні і разнастайныя заданні, іншымі словамі — прымаць на сябе ролю вучня. Таму прадугледжваецца, што дзіця павінна дасягнуць пэўнага ўзроўню інтэлектуальнага, эмацыянальнага і матывацыйнага развіцця. На жаль, у апошнія гады бацькі, ды і часам выхавальнікі ў дзіцячым садку, вырашаюць пытанне гатоўнасці дзіцяці да школы аднабакова, клапоцячыся пра тое, каб малы навучыўся чытаць, лічыць, пісаць. Бывае нават так, што бацькі, рыхтуючы дзіця да школы, проста праходзяць з ім частку праграмы 1 класа. Аднак, як паказвае практыка, такая “падрыхтоўка” не толькі не садзейнічае, але і перашкаджае паўнацэннаму навучанню дзіцяці. Перавагі ранняга навучання чытанню, лічэнню, пісьму выяўляюцца толькі ў першыя 2-3 месяцы школьнага жыцця. Але як толькі на ўроках узнікае неабходнасць праяўляць самастойнасць, падумаць над вырашэннем больш ці менш складанай задачы, паразважаць, зрабіць выснову, такое дзіця пасуе, чакае дапамогі ад дарослага.
Спецыяльныя даследаванні паказваюць, што ў працэсе навучання першакласнікаў большасці з іх, нягледзячы на індывідуальныя адрозненні, уласцівы цяжкасці арганізацыі ўвагі, няўмення планаваць, самастойна выконваць складаныя вучэбныя задачы. І калі ў дашкольным узросце недастатковая сфарміраванасць прыгаданых вышэй працэсаў практычна непрыкметная, то ў школе такія дзеці не могуць паспяхова выконваць указанні, інструкцыі настаўніка, не даслухваюць заданні да канца, а таму збіваюцца ў ходзе выканання задання. У выніку такіх няўдач у дзяцей прападае інтарэс да школьных заняткаў ужо ў малодшых класах.

Каб пазбегнуць такіх праблем пры пераходзе з дашкольнай установы ў 1 клас, была распрацавана сумесная праграма пераемнасці паміж яслямі-садам № 443 і гімназіяй № 21. Праграма мае на мэце выхаванне станоўчых адносін дзяцей да школы і наступную паспяховую іх адаптацыю. Дарэчы, штогод на пачатку навучальнага года на нарадзе па арганізацыі сумеснай работы настаўнікаў і выхавальнікаў па падрыхтоўцы дзяцей да школы гэтая праграма карэкціруецца і зацвярджаецца.
“Пераемнасць — гэта сувязь паміж з’явамі ў працэсе развіцця, калі новае, здымаючы старое, захоўвае ў сабе некаторыя яго элементы, — адзначае загадчыца ясляў-сада № 443 Святлана Уладзіміраўна Пацэвіч. — Пераемнасць забяспечвае паступовае развіццё і паглыбленне ведаў дзіцяці, ускладненне патрабаванняў да яго разумовай дзейнасці, фарміраванне асабістых і грамадскіх паводзін.
Дзіця, якое паступае ў дашкольную ўстанову, прывыкае да рэжыму дня, да абстаноўкі ў групе, арыентуецца ў размяшчэнні цацак, рэчаў. У яго фарміруюцца навыкі самаабслугоўвання, гігіены. Пераход у школу патрабуе рэзкай змены многіх звычных дзеянняў. Сфарміраваныя ў дзіцячым садку шматлікія прывычкі, навыкі, веды складаюць неабходны фундамент, на якім павінна будавацца ўсё далейшае навучанне. Такім чынам, пераемнасць — двухбаковы працэс. З аднаго боку, дашкольная ступень захоўвае самакаштоўнасць дашкольнага дзяцінства, фарміруе фундаментальныя асобасныя якасці дзіцяці. З другога боку, школа як пераемнік падхоплівае дасягненні дзіцяці і развівае назапашаны патэнцыял”.
Згодна з праграмай, работа па пераемнасці ажыццяўляецца па чатырох асноўных напрамках: арганізацыйна-педагагічная і метадычная работа (інструктыўна-метадычныя нарады, узаеманаведванне заняткаў і ўрокаў настаўнікамі сярэдняй школы і выхавальнікамі, кансультацыі, педагагічны кансіліум); работа сацыяльна-псіхалагічнай і дэфекталагічнай службы (знаёмства з картамі псіхолага-педагагічнага абследавання выпускнікоў, аказанне псіхалагічнай дапамогі настаўнікам у арганізацыі вучэбнага працэсу, вывучэнне міжасобасных зносін у калектыве і г.д.), работа з бацькамі (кансультацыі для бацькоў па розных пытаннях для паспяховага навучання дзяцей у школе, дні адкрытых дзвярэй, бацькоўскія сходы і г.д.), работа з дзецьмі (сумесныя выставы дзіцячай творчасці, святы і інш.).

Найважнейшай умовай эфектыўнасці работы па наладжванні пераемных сувязей паміж дзіцячым садам і школай з’яўляецца добразычлівы дзелавы кантакт паміж выхавальнікам і настаўнікам. Выхавальнік і настаўнік, які будзе браць 1 клас, знаёмяцца з работай адно аднаго, з умовамі, у якіх будуць знаходзіцца дзеці. Выхавальнік дапамагае настаўніку даведацца пра дзяцей, іх індывідуальныя асаблівасці, схільнасці, інтарэсы. Назіраючы на працягу некалькіх гадоў, ён дае парады настаўніку, якія метады выхавання і навучання найбольш прымальныя ў адносінах да таго ці іншага дзіцяці. Такая інфармацыя карысная настаўніку, скарачае для яго час знаёмства з новымі вучнямі. Праграма сумеснай работы прадугледжвае ўзаемнае наведванне школы і дзіцячага сада з мэтай азнаямлення з формамі работы, уд зел у педагагічных саветах накшталт “Старшы дашкольнік — будучы першакласнік”, вывучэнне праграм навучання ў дзіцячым садку і 1 класе. Звычайна адкрытыя ўрокі настаўнікі пачатковых класаў праводзяць восенню (у кастрычніку — лістападзе), а выхавальнікі запрашаюць калег са школы і бацькоў на фестываль педагагічнага майстэрства ў маі. Пасля заняткаў педагогі маю ць магчымасць сумесна абмеркаваць праблемы і скарэкціраваць сваю дзейнасць. Шматлікія кансультацыі для выхавальнікаў дзіцячага садка праводзіць і намеснік загадчыка ясляў-сада па асноўнай дзейнасці Алена Валер’еўна Ястрабава.

Работа з бацькамі будучых першакласнікаў вядзецца ў яслях-садзе на працягу ўсяго навучальнага года. Яшчэ ў верасні ў дзіцячы сад на сход бацькоў запрашаюцца настаўнікі пачатковых класаў, якія расказваюць аб сваіх патрабаваннях, аб тым, што значыць “падрыхтаваць дзіця да школы”.
“Бацькі даведваюцца, што гатоўнасць дзіцяці да школьнага навучання мае некалькі складнікаў, — каменціруе А.В.Ястрабава. — Па-першае, фізічная падрыхтаванасць вызначаецца фізічным развіццём дзіцяці і яго адпаведнасцю ўзроставым нормам, гэта значыць дзіця павінна дасягнуць фізічнай сталасці, неабходнай для вучэбнага працэсу. Па-другое, псіхалагічная гатоўнасць да школы мае на ўвазе пэўны ўзровень сфарміраванасці агульнай дасведчанасці і сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, ведаў і ўяўленняў аб акаляючым свеце; разумовых аперацый, дзеянняў і навыкаў; адвольнай рэгуляцыі дзейнасці і паводзін. А таксама пазнавальнай актыўнасці, якая праяўляецца ў адпаведных інтарэсах і матывацыі; маўленчага развіцця, якое прадугледжвае валоданне дастаткова вялікім слоўнікам, асновамі граматычнага строю маўлення, звязным выказваннем і элементамі маналагічнага маўлення. Па-трэцяе, эмацыянальная сталасць уяўляе сабой уменне рэгуляваць свае паводзіны, якое ўключае магчымасць дастаткова працяглы час выконваць не вельмі прыцягальнае заданне. Сацыяльна-камунікатыўная гатоўнасць да школы складаецца з уменняў дзіцяці будаваць узаемаадносіны ў калектыве равеснікаў: займаць лідзіруючую пазіцыю, умець працаваць у камандзе і падтрымліваць лідара, а таксама ўмець узаемадзейнічаць з дарослым субяседнікам. І самае галоўнае, дзіця павінна само хацець ісці ў школу”.

Выхавальнікі, педагог-псіхолаг ясляў-сада Наталля Анатольеўна Камісарава заўсёды гатовы адказаць на пытанні бацькоў, даць кансультацыі па вырашэнні той ці іншай праблемы. Так, Н.А.Камісаравай былі праведзены тэматычныя кансультацыі для бацькоў “Леварукае дзіця: рыхтуем руку да пісьма”, “Дзіця ідзе ў школу” і г.д. Акрамя таго, у старшых групах ствараецца куток будучага першакласніка, куды змяшчаецца кансультацыйная інфармацыя для бацькоў.
“Для выхавальнікаў забяспечыць пераемнасць — гэта паклапаціцца аб тым, каб да іх выхаванцаў, калі яны прыйдуць у школу, не было ніякіх прэтэнзій, — адзначае Алена Валер’еўна. — А таму важна стварыць прадметна-развіццёвае асяроддзе, якое б рыхтавала дашкольніка да змен у звыклых умовах паступова, крок за крокам. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць сюжэтна-ролевыя гульні, у прыватнасці, гульня “У школу”. Яна дапамагае дзіцяці паспяхова ўвайсці ў школьнае жыццё, авалодаць неабходным вопытам. У гульні фарміруецца ўменне карыстацца мовай, дагаварвацца (устанаўліваць правілы, размяркоўваць ролі), уменне кіраваць і быць кіруемым. Дзіця актыўна асвойвае “свет рэчаў” (пазнавальную і прадметную практычную дзейнасць) і “свет людзей” (нормы чалавечых узаемаадносін). Важна, каб інфармацыя пра школу, якая паведамляецца дзецям, была не толькі зразумелая дзіцяці, але і адчута ім. Для гэтага выкарыстоўваюцца чытанне і аналіз дзіцячай літаратуры пра школьнае жыццё, завучванне вершаў, маляванне на тэмы “Будынак школы”, “Клас”, “Мае ўражанні ад экскурсіі” і інш., слоўныя і дыдактычныя гульні на школьную тэматыку”.

Традыцыйнай формай знаёмства будучых першакласнікаў са школай з’яўляюцца экскурсіі выхаванцаў старшых груп у школу. Звычайна школьнікі наведваюць школьную бібліятэку, спартыўную і актавую залы, заходзяць спярша ў пустыя класы, а потым прысутнічаюць на ўроках. Створаны эмацыянальны настрой падтрымлівае сустрэча дзяцей у дзіцячым садку з выпускнікамі мінулых гадоў. З вялікай цікавасцю дашкольнікі ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах са школьнікамі: святах “Зімовыя канікулы”, “Дзень здароўя”, “Пасвячэнне ў грамадзяне рэспублікі ВІТА”, “Развітанне з букваром”, “Фабрыка зорак”, паказах лялечнага тэатра, сумесных вырабах цацак. Работа, якая праводзіцца, дае магчымасць педагогам-дашкольнікам сфарміраваць у будучых першакласнікаў станоўчую матывацыю да школы.
“Яшчэ некалькі гадоў назад усе нашы 1-я класы былі размешчаны на базе ясляў-сада № 443, у новым навучальным годзе — толькі 2 з 5, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 21 Святлана Вячаславаўна Сапунова. — Вельмі шкада, што 1-я класы выводзяцца з дашкольных устаноў, бо дзякуючы ўмовам, якія ствараюцца ў дзіцячых садках, адаптацыя да школы праходзіць хутчэй. Практыка паказвае, што здароўе дзяцей не пагаршаецца, а ў некаторых дзяцей нават паляпшаецца. І хоць школа пастаянна павышае патрабаванні да інтэлектуальнага развіцця дзіцяці ў сувязі з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу, павелічэннем патоку інфармацыі, змяненнямі, якія адбываюцца ў нашым грамадстве, уся работа з дзецьмі зыходзіць з прынцыпу “Не нашкодзь!” і накіравана на захаванне здароўя, эмацыянальнага дабрабыту і развіццё індывідуальнасці кожнага дзіцяці”.

Зрабіць адаптацыйны перыяд больш мяккім дазваляе інтэграваны курс “Уводзіны ў школьнае жыццё”, пабудаваны такім чынам, каб у дзяцей адбыўся паступовы пераход ад гульнявой дзейнасці да вучэбнай. У курс уваходзяць урокі, якія праводзяцца ў форме развіццёвых заняткаў, змест якіх складаецца з комплексу гульняў і практыкаванняў. Дзеці маюць магчымасць самастойна вырашаць праблемныя задачы, эксперыментаваць індывідуальна ці калектыўна, вучыцца самастойна планаваць практычныя мысліцельныя дзеянні, карэкціраваць свае памылкі і г.д.
Навучанне першакласнікаў педагогі пачатковых класаў гімназіі будуюць з улікам асаблівасцей арганізацыі дзейнасці дзяцей. Яны добра памятаюць, што такія якасці асобных дзяцей, як няўважлівасць, няўседлівасць, няўменне кіраваць сваімі паводзінамі, звязаны з асаблівасцямі іх псіхікі, таму імкнуцца не рабіць дзецям рэзкіх заўваг. Для развіцця самастойнасці і актыўнасці дзяцей настаўнікі станоўча ацэньваюць кожны ўдалы крок дзіцяці, спробу (нават няўдалую) самастойна знайсці адказ на пытанне. Для гэтага выкарыстоўваюцца праблемныя ўрокі, маленькім вучням даюцца творчыя вучэбныя заданні. Няхай пры гэтым дзеці спрачаюцца, разважаюць, памыляюцца, разам з бацькамі знаходзяць правільнае рашэнне.
Ад педагога-псіхолага ясляў-сада эстафету пераймае педагог-псіхолаг гімназіі. Адсочванне эмацыянальнага стану вучняў 1-х класаў пачынаецца з першых дзён знаходжання дзіцяці ва ўстанове: першапачаткова апрацоўваецца інфармацыя з карт псіхолага-педагагічнага даследавання выпускнікоў дашкольнай установы; настаўнікамі-пачаткоўцамі вывучаецца ўзровень адаптацыі вучняў.
Вынікам першых месяцаў знаходжання дзіцяці ў школе з’яўляецца педагагічны кансіліум па адаптацыі, у якім удзельнічаюць і настаўнікі, і выхавальнікі, і педагогі-псіхолагі.
“Звычайна перыяд адаптацыі працякае гладка і мякка. У дзяцей пераважае добры настрой, жаданне наведваць школу, добрасумленна выконваць патрабаванні настаўніка, што спрыяльна адбіваецца на далейшым навучанні дзяцей і якасці атрыманых імі ведаў. Праўда, бываюць выпадкі, калі цяжкасці адаптацыі дзіцяці да школы звязаны з адносінамі бацькоў да школьнага жыцця і паспяховасці дзіцяці — завышанымі чаканнямі бацькоў. Нармальныя і сярэднія поспехі дзіцяці ўспрымаюцца імі як няўдачы. Рэальныя дасягненні не ўлічваюцца, ацэньваюцца нізка. У выніку расце трывожнасць дзіцяці, падае імкненне да дасягнення поспеху, упэўненасць у сабе, фарміруецца нізкая самаацэнка. А таму з бацькамі і з дзіцем працуюць і настаўнікі, і педагог-псіхолаг”, — зазначае С.В.Сапунова.

Як бачым, станоўчыя вынікі адаптацыі дзяцей да школы і навучання ёсць там, дзе наладжаны цесныя кантакты настаўнікаў і выхавальнікаў, арганізаваны абмен вопытам, пастаянна аналізуецца якасць падрыхтаванасці дзяцей да школы, узровень развіцця іх здольнасцей. Дзве ступені адукацыі павінны дзейнічаць не ізалявана, а ў цеснай узаемасувязі, што дазволіць школе арганізаваць адукацыйны працэс з апорай на развіццё, якое атрымалі дзеці ў дашкольнай установе, а работнікам дзіцячай дашкольнай установы працаваць з арыентацыяй на наступную адукацыйную работу ў школе.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.