У школу за новым жыццём

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

“Не будзеш вучыцца — не будзеш жыць, таму мы з вамі вяртаемся да жыцця, — адзначыў прэзідэнт, звяртаючыся да навучэнцаў, бацькоў і педагогаў сярэдняй школы № 56 Мінска падчас свята першага званка, якое прайшло ўчора ў сталічных агульнаадукацыйных навучальных установах. Па добрай традыцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні новага навучальнага года наведвае навучальныя ўстановы.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у 56-й школе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця школьніка. Сапраўды, сярэдняя школа № 56 Мінска светлая, прасторная, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. У школе створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў: сучасныя класы і аўдыторыі, лабараторыі, спартыўныя і трэнажорныя залы, басейн, стадыён, розныя спартыўныя пляцоўкі, прадугледжана абсталяванне для паўнацэннай жыццядзейнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Школа пазіцыянуецца як сацыяльна-культурны і спартыўны цэнтр. Аляксанрдр Лукашэнка заўважыў, што ў школу былі ўкладзены вялікія сродкі, але гэта было зроблена наўмысна. Навучальная ўстанова павінна стаць узорнай.З верасня на базе школы пачнуць працаваць секцыі амаль па 10 спартыўных кірунках Цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту і спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 7 па баявых адзінаборствах, а таксама філіялы музычнай і мастацкай школы.
У перспектыве плануецца адкрыць публічную мастацкую галерэю, школьную бібліятэку перапрафіляваць у публічную, наведваць якую змогуць усе жадаючыя, адкрыць школу фларыстыкі і праграмавання, наладзіць супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка. Як заўважыў дырэктар школы Юрый Круглік, у будучыні плануецца адкрыць профільныя педагагічныя і эстэтычныя класы. На сёння школу будуць наведваць 1878 навучэнцаў, а адукацыйны працэс будуць ажыццяўляць 120 педагагічных работнікаў, 13 з якіх — маладыя спецыялісты.
Пазнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы, прэзідэнт застаўся задаволены створанымі ўмовамі. Аляксандр Лукашэнка наведаў клас, дзе будуць вучыцца першакласнікі, кабінет для навучання ігры на музычных інструментах. Ён праслухаў гульню на кларнеце аднаго з навучэнцаў школы і пахваліў яго за добрае выступленне і імкненне развівацца і самаўдасканальвацца. Акрамя таго, прэзідэнт пабываў у спартыўных залах, сталовай, дзе пацікавіўся асартыментам страў і іх якасцю.
У Беларусі пастараліся зрабіць усё, каб 1 Верасня стала сапраўдным святам для кожнага школьніка, бацькоў і настаўнікаў. Дзяржава накіравала на гэта велізарныя бюджэтныя сродкі. “І мы лічым іх важнымі інвестыцыямі, фінансавымі ўкладаннямі ў будучыню краіны, у новае пакаленне грамадзян, у тых, хто будзе як зрэнку вока берагчы і захоўваць нашу Айчыну, нашу краіну, нашу Беларусь. Наша галоўнае дасягненне і здабытак — чалавечы капітал. І на гэта грошай шкадаваць ні ў якім разе нельга”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Для нас выключна важна забяспечыць дзяцей усім неабходным да школы, — працягваў прэзідэнт. — У кожнага ёсць дастатковая колькасць падручнікаў, сшыткаў, іншых школьных прылад, спартыўнага інвентару хапае. Усё як у добрай сям’і. У навучальных установах праведзены неабходны рамонт, рэканструяваны спартыўныя збудаванні, добраўпарадкаваны прышкольныя тэрыторыі”.
Кіраўнік дзяржавы асабліва павіншаваў першакласнікаў, якіх у 56-й школе аж цэлых 16 класаў: “Для нашых першаклашак гэты дзень — адна з самых памятных падзей, пачатак вялікага шляху да ведаў і першы этап сталення. Не можа не радаваць і той факт, што ў гэтым годзе ў нашы школы пойдзе больш за сто шэсць тысяч першакласнікаў — на тысячу шэсцьсот дзетак больш, чым у мінулым годзе. Такое папаўненне невыпадковае. Гэта вынік пастаяннага клопату дзяржавы і грамадства пра сям’ю, дзяцей, іх здароўе, навучанне і выхаванне”.
Прэзідэнт заклікаў педагогаў зрабіць усё неабходнае, каб дзеці былі акружаны клопатам і ўвагай. “Няхай першы навучальны год прынясе мноства цікавых адкрыццяў і новых ведаў”, — пажадаў прэзідэнт. Ён заклікаў навучэнцаў скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія перад імі адкрываюцца, параіўшы не марнаваць час, а прысвяціць вольныя гадзіны спорту, чытанню кніг, карысным грамадскім справам.
“Кожны дзень рабіце крок да сваёй мары, і яна абавязкова збудзецца, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Памятайце: тыя людзі, якімі мы захапляемся, — зоркі спорту і мастацтва, славутыя навукоўцы і вынаходнікі, вядомыя ўрачы і паспяховыя праграмісты — таксама калісьці былі школьнікамі. Яны шмат працавалі, для таго каб дасягнуць сваіх мэт. Бярыце з іх прыклад”.
Прагучалі ад прэзідэнта словы падзякі педагогам, калектывам усіх школ і ўсіх навучальных устаноў: “Мы разумеем, што за дасягненнямі кожнага чалавека стаіць велізарная праца і цярпенне настаўнікаў. Паважаныя настаўнікі, перадавайце дзецям усё лепшае, што ведаеце і ўмееце, падтрымлівайце іх добрыя ініцыятывы — тады вашы выхаванцы праз усё жыццё пранясуць да вас любоў і ўдзячнасць”.
Велізарная роля ў выхаванні і станаўленні асобы дзіцяці належыць сям’і, таму кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да бацькоў: “Я заклікаю вас: праводзьце больш часу са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Будзьце для іх добрым прыкладам. Памятайце пра тое, што яны маюць патрэбу ў вашай увазе. Выяўляйце цікавасць да вучобы і захапленняў вашых дзяцей, бо нічога няма прыемней, чым бачыць іх поспехі і маленькія штодзённыя перамогі”.Разам з тым кіраўнік дзяржавы спыніўся на стратэгічных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі рэспублікі. У прыватнасці ён адзначыў, што школьнік не павінен, адвучыўшыся 6—7 гадзін у школе, яшчэ 5—6 гадзін марнаваць на дамашняе заданне. Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ўрад займаецца аптымізацыяй працэсу навучання. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць так, каб асноўныя веды дзеці атрымлівалі ў школе. “Адвучыўшыся 6—7 гадзін у школе, вучань не павінен прыходзіць дадому і яшчэ 5—6 гадзін рыхтаваць дамашняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей”, — абурыўся прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дома вучань малодшых класаў павінен працаваць паўтары — максімум дзве гадзіны, старшакласнікі — тры — тры з паловай гадзіны, і дзякуючы гэтаму дзеці стануць намнога здаравейшымі.
Акрамя таго, прэзідэнт выказаў незадаволенасць работай школ у суботу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў суботу дзеці павінны прыходзіць у школу, каб займацца спортам і развіваць працоўныя навыкі. “Субота павінна быць аддадзена фізічнай працы”, — падкрэсліў ён. “Субота — гэта ніяк не выхадны дзень, асабліва для калектыву школы. Гэта працоўнае навучанне і фізічная падрыхтоўка, фізкультура”, — сказаў прэзідэнт. Ён прапанаваў прыбраць лішнія гадзіны працы і фізкультуры з сеткі вучэбных заняткаў і перанесці іх на суботу. “Вы іх навучыце габляваць, карыстацца фуганкам, долатам, напільнікам, пакажаце, што такое ціскі, варштаты і гэтак далей. Вы іх навучыце жыць, дапаможаце прыстасавацца да жыцця”, — звярнуўся да педагогаў Аляксандр Лукашэнка.
“А пра спорт я ўжо не кажу, — працягваў прэзідэнт. — Мы сёння згорбіўшыся амаль усе ходзім да дзясятага класа. Гэта хіба нармальна?!” А першыя крокі ў вялікім спорце можна рабіць ужо ў школе. Прынамсі, у 56-й школе для гэтага ўсё ёсць. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт, аглядаючы залу, дзе трэніраваліся барцы, і басейн, наведванне якіх не было загадзя прадугледжана. Аляксандр Лукашэнка ў цёплай атмасферы пагутарыў з юнымі спартсменамі і іх трэнерамі і выказаў думку, што пры такіх добрых умовах падрыхтоўкі школьнікі могуць дасягнуць вялікіх поспехаў у спорце. Ён адзначыў: “У школе добрыя ўмовы не толькі для першых крокаў у спорце, але і для высокіх дасягненняў”. І ад Прэзідэнта Беларусі, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны ў дар школе быў перададзены спартыўны інвентар.
Завяршаючы свой візіт у школу, кіраўнік дзяржавы сказаў, што трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць у плане ўдасканалення працэсу навучання не толькі ў школе, але і ў ВНУ. У прыватнасці Аляксандр Лукашэнка крытычна адазваўся аб якасці цяперашніх падручнікаў. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што да канца наступнага года яны будуць прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, без усялякіх празмернасцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі павінны зрабіць рашучы крок для ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі. “У нас для гэтага ёсць усё: воля, жаданне. І самае галоўнае, ёсць спецыялісты, якія могуць вырашыць гэтую задачу. Беларуская сістэма адукацыі мае высокі рэйтынг у свеце, яна канкурэнтаздольная. І сведчаннем высокага ўзроўню беларускай адукацыі служаць перамогі навучэнцаў і студэнтаў у міжнародных алімпіядах і конкурсах”, — падсумаваў ён.
Выходзячы з 56-й школы Мінска, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з бацькамі і педагогамі. Ён запэўніў, што ў школе для вучобы і развіцця дзяцей усё арганізавана належным чынам. “У добры шлях!” — пажадаў прэзідэнт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.