У суботу 11 лютага ў сярэдняй школе № 2 Скідзеля праходзіла навукова-практычная канферэнцыя “Светач”. Яна стала адборачным этапам да раённага конкурсу маладых навукоўцаў “Першыя крокі ў навуку”.
Канферэнцыя складалася з дзвюх частак. Спачатку свае работы прадстаўлялі вучні малодшых класаў. Самыя маленькія даследчыкі прысвяцілі работы прыродзе і прыродным з’явам, а дапамаглі ім у гэтым настаўнікі і бацькі. У другой частцы канферэнцыі былі прадстаўлены даследаванні вучняў 5-11 класаў. Тут выбар тэм быў больш шырокім: мовы, гісторыя, хімія, біялогія, інфарматыка, фізіка.
Усе працы ацэньвала журы, якое складалася з настаўнікаў і бацькоў. Мэтай мерапрыемства было не толькі выбраць лепшыя даследаванні для ўдзелу ў раённай канферэнцыі, але і даць магчымасць вучням выступіць перад публікай з сур’ёзнай тэмай. Кожны з удзельнікаў змог ацаніць свае моцныя рысы і ўбачыць, што яшчэ трэба ўдасканальваць.
Іна ШЧАГЛОВА,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Скідзеля.