У што гуляюць нашы дзеці?

- 10:10Меркаванне

Як праводзяць вясновыя канікулы вашы дзеці? Наведваюць гурткі, спартыўныя секцыі? Адпачываюць у школьным лагеры? Гуляюць на вуліцы? Чытаюць кнігі? Ці ўсё ж такі сядзяць у смартфонах?

Калі канікулы сумяшчаюць фізічную актыўнасць і творчую працу — гэта выдатна. І нядрэнна, калі сюды дадаецца яшчэ і адпачынак у віртуальным свеце. Асабіста я не су­праць, каб мой сын — чацвёртакласнік кожны дзень мінут 20—30 гуляў у смартфоне. Нават лічу патрэбным далучаць дзяцей да віртуальнага свету. Чым раней, тым лепш. І вось чаму.

Што б мы ні гаварылі пра адмоўны ўплыў камп,ютарных гульняў на фарміраванне ўнутранага свету падрастаючага пакалення, факт застаецца фактам: нашы дзеці віртуальна гулялі, гуляюць і будуць гуляць. Можна, канечне, махнуць рукой на іх захапленне, але што з гэтага атрымаецца — пытанне складанае. Хутчэй за ўсё нічога добрага. І ўсё з-за бацькоўскай абыякавасці.

А можна пайсці іншым шляхам і накіраваць прагу дзяцей да геймерства ў канструктыўнае рэчышча: на развіццё логікі і мыслення, здольнасці планаваць свае дзеянні, працаваць у камандзе і нават на фарміраванне духоўна-маральных якасцей, гордасці за сваю краіну. А для гэтага трэба спачатку прааналізаваць папулярныя мабільныя гульні для дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі. Паверце, будзе лепш, калі вы самі параіце свайму дзіцяці гульню, чым за вас гэта зробяць яго аднакласнікі. А яшчэ лепш, калі не толькі параіце, але і пагуляеце разам. Дзіця будзе радавацца татавым дасягненням. Вы станеце для яго сапраўдным сябрам.

У якасці прыкладу можна прывесці рэспубліканскі конкурс камп,ю­тарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”, які право­дзіць Міністэрства адукацыі. Мне неаднойчы даводзілася асвятляць яго фінал, знаёміцца з дзясяткамі праектаў. Палітра вельмі багатая. Тут і по­дзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і гісторыя Беларусі ў розныя эпохі, і любоў да малой радзімы. Назва конкурсу невыпадковая. Кожны праект — сапраўдная скарбонка патрыятычнага выхавання. Дык чаму б гэтай скарбонкай актыўна не карыстацца? Пераможцы атрымліва­юць дыпломы, педагогі радуюцца за сваіх выхаванцаў. А што далей? Які лёс конкурсных праектаў? Ці папулярызуюцца гэтыя гульні хаця б у той школе, дзе вучацца юныя геймеры-праграмісты?

Было б выдатна, каб нашы дзеці, уключаючы на канікулах смартфон, загружалі не толькі папулярныя сярод сваіх равеснікаў “стралялкі”, “блукалкі”, але і гульні, якія станоўча ўплываюць на развіццё іх унутранага свету. І ў гэтым мы, дарослыя, павінны дапамагчы.

Вядучы рубрыкі Ігар ГРЭЧКА.