У сістэме мэтанакіраваных педагагічных уплываў

Ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі асаблівае значэнне набывае праблема духоўна-маральнага развіцця асобы. Сярод падрастаючага пакалення адбываецца абясцэньванне агульначалавечых каштоўнасцей. На жаль, назіраецца нізкі ўзровень культуры моладзі, страта культурнага імунітэту, дэфіцыт пачуццяў у адносінах да іншых людзей, раўнадушша і маральная глухата, адсутнасць спачування, эгаізм, нізкі ўзровень культуры паводзін у грамадскіх месцах.

Начытанасць, інтэлектуальнасць, выхаванасць у маладзёжным асяроддзі зараз не ў модзе. Што замяняе кнігі, музеі, тэатры? Нізкапробныя кінафільмы і інтэрнэт. Стаўленне да чалавека часта фарміруецца па яго матэрыяльным становішчы. Вопыт падказвае, што бацькі ў асноўным займаюцца работай, стварэннем матэрыяльнай базы, а не выхаваннем дзіцяці. Сышлі ці сыходзяць з сямейнага выхавання сумеснае чытанне літаратурных твораў, прагляды мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў. Дзеці выхоўваюцца на баевіках, заходніх мультфільмах.
Нялёгкая задача — даваць веды, але яшчэ цяжэй дапамагчы вучням дасягнуць такога ўзроўню разумення жыцця, каб яны духоўна ўзняліся над побытавым узроўнем, адчулі сябе творчай, актыўнай і патрэбнай часцінкай у грамадстве. Асноўная функцыя педагога — не столькі быць крыніцай ведаў, колькі арганізоўваць працэс пазнання, стварыць такую атмасферу ў класе, у якой немагчыма не вучыцца.
Хочацца, каб мае вучні ўмелі сябраваць, дапамагаць адно аднаму, маглі знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. Не зайздросціць, а радавацца поспехам сваіх таварышаў. Імкнуцца да лідарства, але толькі чэсна, адкрыта. Быць справядлівымі, але не жорсткімі, мець гонар, але не быць ганарыстымі. Быць міласэрнымі, чулымі і тактоўнымі. Бо ім жыць у складаным свеце, і дарога, якую яны выберуць, будзе залежаць ад таго, якія маральныя ўрокі яны засвоілі ў школе, у сям’і. А гэтаму могуць навучыць урокі роднай літаратуры.
Настаўнік павінен даць не толькі веды, але і стаць выхавальнікам. Урокі ж літаратуры з’яўляюцца сродкам эстэтычнага спасціжэння жыцця, яго маральных норм і каштоўнасцей, з іх дапамогай паступова ствараецца духоўны набытак дзіцяці і падлетка, абуджаецца цікавасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асэнсоўваюцца і засвойваюцца іх асновы. Таму я працую над тэмай “Фарміраванне маральных якасцей асобы на ўроках беларускай літаратуры праз рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу ўрока”.

Асоба настаўніка

Не сакрэт, што аб працы настаўніка мяркуюць па тых занятках, якія ён праводзіць. Існуе маса метадаў, прыёмаў, тыпаў урокаў, каб навучыць і абудзіць у вучняў творчыя магчымасці. І для гэтага добрыя ўсе метады — актыўныя і пасіўныя. Але многае вызначаецца асобай самога настаўніка. Настаўнік не можа быць настаўнікам без любові да дзяцей. Я люблю дзяцей, за гэтым хаваецца зваротная рэакцыя. Калі заходзіш у школу, бачыш зусім іншы свет. Цябе чакаюць дзеці, не родныя па крыві, але настолькі блізкія, што пачынаеш лічыць і называць іх сваімі. І ім патрэбны не толькі працэс навучання беларускай мове і літаратуры, ім неабходны жывыя цёплыя зносіны з настаўнікам. Яны прагнуць падзяліцца думкамі, пачуццямі, перажываннямі.
Настаўнік, які любіць дзяцей, будзе называць іх толькі па імёнах, не пабаіцца прызнаць сваю памылку, папросіць прабачэння, калі патрэбна. Кожная секунда ўрока выхоўвае. Выхаванне пачынаецца з таго, як я заходжу ў клас, з якім настроем.
Ненармальна, калі вучань адчувае страх, трывожнасць. Без добрага стаўлення да дзіцяці, падбадзёрвання — няма размовы, а без зносін — няма выхавання. Усё жыццё настаўніка, яго духоўны свет, захапленні, густы, сімпатыі, моцныя і слабыя бакі — усё адбываецца на вачах дзяцей, усё падвяргаецца іх строгай, але аб’ектыўнай ацэнцы. І тут я поўнасцю згодна з Ш.Аманашвілі, што дзеці робяць нас прыгажэйшымі, разумнейшымі, шчаслівейшымі. Усе мае ўрокі літаратуры накіраваны на фарміраванне асобы вучня.

“Мова” каштоўнасцей

У чым жа сутнасць выхаваўчага ўздзеяння ўрока? Адказ быццам бы відавочны: урок — гэта сістэма мэтанакіраваных педагагічных уплываў. Але можна даць і больш разгорнуты адказ: гэта мэтанакіраванае дзеянне і дыялог настаўніка і вучняў, у ходзе якіх выпрацоўваецца тая ці іншая жыццёвая стратэгія, фарміруюцца пэўныя рысы характару, набываюцца тыя ці іншыя звычкі паводзін.
Пры складанні плана ўрока прадумваю віды дзейнасці вучня на кожным этапе ўрока ў сувязі з пастаўленымі выхаваўчымі задачамі. Для сябе я вызначыла, што павінна гаварыць на мове каштоўнасцей — узнёсла, без крытыкі, пазітыўна. Не навязваю свае маральныя погляды, захапленні, незадаволенасць чымсьці.

Прытча

Пачатак урока — гэта вельмі важны момант з выхаваўчага пункту гледжання, бо на гэтым этапе адбываецца ўплыў на матывацыйную сферу, і поспех урока часцей за ўсё залежыць ад умелай арганізацыі пачатку ўрока. Як можна пачаць урок, каб ён нёс выхаваўчы зарад? Лічу, што кожны настаўнік павінен мець прытчы, у якіх схаваны пэўны выхаваўчы момант. Раскрываючы сэнс прытчы, вучні знаходзяць нешта для сябе, прымяраюць прытчу на свой невялікі жыццёвы вопыт. Затым з гэтай прытчы вучні могуць акрэсліць тэму ўрока, задачы. Гэта, на маю думку, садзейнічае выхаванню творчага мыслення, культуры маўлення, упэўненасці ў сваіх сілах. Напрыклад, пры вывучэнні апавядання Змітрака Бядулі “Бондар” (10 клас) была выкарыстана прытча пра дзве сахі: “У аднаго селяніна былі дзве аднолькавыя сахі. Але адну саху селянін браў з сабою ў поле, а другая заставалася стаяць у куточку. Саха, якая выкарыстоўвалася ў працы, была прыгожай, бліскучай. Другая ж пачынала ржавець.
Аднаго разу сяброўкі сустрэліся.
— Скажы, чаму ты такая прыгожая? — спытала першая. Я ж увесь час прастаяла ў куточку, і паглядзі, што са мной сталася.
— Гэта безрабоцце цябе згубіла, — адказала ёй сяброўка”.
Вучні, аналізуючы прытчу, прыходзяць да высновы, што праца робіць чалавека прыгажэйшым. Дзякуючы працы чалавек узбагачаецца і духоўна і матэрыяльна.
А вось на ўроку беларускай літаратуры пры вывучэнні верша Максіма Танка “Шчасце” была выкарыстана прытча “Аб згубленым шчасці”, якая дала магчымасць вучням паразважаць, што значыць быць шчаслівым. “Прыйшло да чалавека шчасце. Вось бы яму радавацца, але чалавеку захацелася расказаць аб сваім шчасці ўсім. І пабег ён па свеце пра сваё шчасце расказваць. Калі супакоіўся, азірнуўся — шчасця няма. Кінуўся чалавек, каб знайсці шчасце, але нідзе яго не было. Сеў і заплакаў. Па дарозе ішоў мудрэц. Ён сказаў чалавеку: “Нельга бегчы паперадзе свайго шчасця, трэба ісці побач, яго крокамі. Пра гора крычаць, а шчасцю ціхенька радуюцца, таму што ў свеце шмат зайздросных людзей: чужое гора нікому не патрэбна, а шчасця хочацца кожнаму”.
Такім чынам, вучні зразумелі, што кожны чалавек па-рознаму разумее шчасце. Але трэба ўмець зберагчы сваё шчасце, каб яно не трапіла ў рукі зайздроснікаў.

Эпіграф

У пачатку ўрока выкарыстоўваю прыём тэхналогіі сустрэчных намаганняў “Эпіграф”. Прапаную вучням асэнсаваць тэкст духоўна-маральнага зместу, запісаны на дошцы, і прыдумаць, як ён можа быць звязаны з новай, вучням пакуль невядомай тэмай заняткаў. Напрыклад, я запісваю словы: “Гонар і годнасць з’яўляюцца галоўнымі якасцямі чалавечай душы, і той, хто іх губляе, ператвараецца ў чалавека жорсткага і бессардэчнага” (урок у 8 класе па аповесці У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”). Вучні разумеюць, што з гонарам і годнасцю траціцца дабрыня, павага, спагада і тады чалавек становіцца жорсткім. Вывучаючы ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” — “Дзядзька-кухар”, прапаную эпіграф “Не святыя гаршкі лепяць”. Вучні суадносяць народнае выслоўе з творам і робяць выснову, што можна зрабіць усялякую справу, калі за яе ўзяцца з жаданнем.
А ўрок па творы Я.Брыля “Галя” пачынала з наступнага эпіграфа: “Пасееш учынак — пажнеш прывычку, пасееш прывычку — пажнеш характар, пасееш характар — пажнеш лёс”. Вучні разважаюць аб тым, што лёс чалавека залежыць ад яго самога. Чалавек сам з’яўляецца будаўніком свайго жыцця.

Праблемнае пытанне

Мастацкі твор — гэта своеасаблівы мост паміж аўтарам і чытачом. Разумеючы пункт гледжання пісьменніка, раскрываючы праблемны змест тэксту, вучань спазнае сябе. Вельмі каштоўнымі з’яўляюцца літаратурныя дыскусіі. Яны развіваюць самастойнасць меркаванняў, рыхтуюць школьнікаў да рэальнага жыцця, дзе нязменна сутыкаюцца характары, дзе трэба ўмець хутка адрозніць рэальныя і ўяўныя каштоўнасці, добрыя і дрэнныя ўчынкі, дзеянні.
Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць пазнанае на сябе і такім чынам глыбей усведамляюць сваю індывідуальнасць; у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога, дзеці яскрава бачаць праблематыку твора.
Аналізуючы аповесць Кузьмы Чорнага “Насцечка”, вучні працуюць над пытаннямі:
— Ці здольны кожны чалавек быць сапраўдным сябрам?
— Наяўнасць якіх маральных якасцей чалавека звязана з паняццем “дружба”?
— Чаму з ветлівым чалавекам заўсёды камфортна мець зносіны?
Пры вывучэнні рамана І.Шамякіна “Сэрца на далоні” вучні знаходзяць адказы на пытанні:
— Чаму каханне — гэта крышталь?
— Што значыць для вас сям’я?
— Якой павінна быць, на вашу думку, сучасная сям’я?
— Чаму жанчыне ў сям’і адводзіцца важная роля?
Рытуал спачування адкрывае каштоўнасць і значнасць самых простых слоў: менавіта ў прастаце прамовы закладзена праўдзівасць, спагада. Мы можам навучыцца таму, як дапамагаць блізкім у самую страшную хвіліну? Напрыклад, пры вывучэнні апавядання В.Быкава “Незагойная рана” прапаную вучням паразважаць над пытаннем:
— Як вы думаеце, чым выклікана тое, што людзі цяпер сталі няўважлівымі да чужога гора?

Фішбоўн

Яскрава ўбачыць праблематыку твора дапамагае адзін з прыёмаў развіцця крытычнага мыслення “Фішбоўн” (шкілет рыбы).
Напрыклад, урок у 8 класе па тэме “Гуманізм і чалавечнасць у апавяданні У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”. На працягу ўрока запаўняем схему, працуючы па плане: апісанне герояў; разважанне герояў пра гонар і годнасць; адносіны да жанчыны, якая вязе літасць свайму мужу.
Дзякуючы створанаму фішбоўну вучні робяць вывад, што маральныя каштоўнасці вышэй загадаў. Чалавек у любой сітуацыі павінен заставацца чалавекам, спагадлівым, сумленным, дапамагаць іншаму.
Мастацтва спачування — гэта важнейшы элемент нацыянальнай культуры, культуры адчування (эмпатыя), і гэтым можна навучыцца валодаць, гэтаму садзейнічаюць урокі літаратуры.

Эмпатыя

Вялікае выхаваўчае значэнне маюць творы, прысвечаныя маці. Так, напрыклад, пасля прачытанага апавядання Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну” некаторыя дзеці плачуць, бо настолькі ў гэты час адбываецца моцнае суперажыванне галоўнай гераіні твора — старэнькай маці, што пехатою зімой ідзе на Каляды да сына, знакамітага і багатага адваката, які, убачыўшы сваю маці, засаромеўся і прамовіў: “Ідзі, старушка, я цябе не знаю”. Апавяданне закранае кожную дзіцячую душу. Прапаную вучням творчае заданне: сачыненне-роздум пра маці. У сваіх работах вучні расказваюць пра сваю маці, пра тое, як яны яе любяць, малююць слоўны партрэт сваёй маці.

Мастацкая дэталь

Важнае значэнне ў раскрыцці зместу, характарыстыцы персанажаў мае мастацкая дэталь. Яна — і думка, і эмоцыя, і творчасць, праз якую раскрываюцца чалавечыя каштоўнасці. Па дэталі можна меркаваць аб характары героя, яго схільнасцях, маральных якасцях. Напрыклад, аналізуючы апавяданне Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”, вучні звяртаюць увагу на дэталі: “чорная вопратка з бліскучымі гузікамі”, “у лістах да пана часамі ўспамінаў сваіх бацькоў. А калі прыязджаў да пана на адпачынак, бацькі вымушаны былі доўга адстойваць на кухні”. Гэтыя дэталі даюць падставу вучням зрабіць высновы, што Лаўрук — чалавек чэрствы, пазбаўлены сумлення, чалавечнасці, не паважае бацькоў.
Такім чынам, выкарыстанне гэтых метадаў і прыёмаў дало магчымасці сфарміраваць навыкі аналізу мастацкага твора. Вучні могуць вызначыць праблему, умеюць самастойна аналізаваць вобразы, знаходзяць мастацкія дэталі і бачаць іх ролю. Дзеці аналізуюць сваю дзейнасць, спрабуюць зразумець, што змянілася ў іх адносінах да твора, да героя, да саміх сябе. Вучу дзяцей не асуджаць герояў, а паспрабаваць зразумець іх учынкі.
Мае вучні неаднаразова станавіліся прызёрамі эпісталярных конкурсаў, конкурсаў чытачоў беларускай паэзіі, драмгурткоў. Вынікова працуе філалагічная секцыя школьнага навуковага таварыства вучняў.
Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока стварае магчымасці для фарміравання асобы вучня, асобы маральна сталай, здольнай зрабіць правільны выбар у крытычнай сітуацыі, стварае магчымасці для фарміравання чалавека, які ніколі не стане прыніжаць іншага, будзе чулым да чужога гора.
Нельга вымераць годнасць, вызначыць узровень сфарміраванасці дабрыні, міласэрнасці. Мною праводзілася ранжыраванне каштоўнасцей. Вучням прапанавалася размясціць па значнасці каштоўнасці. У выніку бачна, што калі пяцікласнікі на першае месца ставяць матэрыяльны дабрабыт, здароўе, то вучні 9—11 класаў першае месца адводзяць сям’і, чалавечнасці, дабрыні.
Некаторыя філолагі лічаць, што літаратура не атаясамліваецца са схемай. Аднак лічу, што схема на ўроку павінна быць (фішбоўн, інтэлект-карта), бо яна дапамагае правільна пабудаваць выказванне вучня, убачыць твор цэласна. У праграме ёсць раздзел “Літаратура як чалавеказнаўства”. На маю думку, урокі літаратуры — гэта і ёсць курс чалавеказнаўства.

 

Аляксандра ЯНКЕЛОЙЦЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.