У сістэме працуюць прафесіяналы, здольныя да асэнсаванага і творчага падыходу ў рабоце з вучнямі

- 13:31Актуально, Апошнія запісы

Напрыканцы мінулага тыдня міністр адукацыі з рабочай паездкай наведаў установы адукацыі Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У Бярэзінскай гімназіі і Паплаўскім дзіцячым садзе—сярэдняй школе Ігар Карпенка пазнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу, пагутарыў з вучнямі, педагогамі, дырэктарамі раёна.

Эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу ўстаноў адукацыі Бярэзінскага раёна, але, як заўважыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Апраніч, педагогі прынялі выклік часу дастойна.

“Актыўнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучальных установах краіны падчас пандэміі справакавала сапраўдны метадычны прарыў. Настаўнікі своечасова сарыентаваліся і выкарыстоўваюць зручныя для сябе і дзяцей адукацыйныя платформы”, — адзначыў дырэктар Бярэзінскай гімназіі Віталь Дудко.

“Міністэрства адукацыі дае агульны пасыл і рэкамендацыі аб арганізацыі вучэбнага працэсу ва ўстановах адукацыі. Разам з тым да вучэбнага працэсу трэба падыходзіць асэнсавана і творча. І тут кожны настаўнік сам ведае, як яго лепш арганізаваць, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Сёння, калі мы сутыкнуліся з неабходнасцю арганізаваць вучэбны працэс з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, гэтую сітуацыю мы спраецыравалі на перспектыву для арганізацыі адзінай платформы, якую цяпер распрацоўвае Нацыянальны інстытут адукацыі”.

 У Бярэзінскай гімназіі на ўроках прысутнічалі амаль 50% навучэнцаў. Заняткі праводзяцца ў рэжымах анлайн і афлайн. На ўроку фізікі ў 10 класе, які праходзіў у рэжыме анлайн, міністр адукацыі пагутарыў з вучнямі, пацікавіўся іх далейшым прафесійным выбарам. Дзеці адказалі, што іх прафесійныя планы будуць звязаны з фізікай і матэматыкай. Вывучэнне гэтага прадмета ў класе ажыццяўляецца на паглыбленым узроўні, што станоўча адбіваецца на выніках цэнтралізаванага тэсціравання: па фізіцы выпуск­нікі Бярэзінскай гімназіі набіраюць ад 90 да 100 балаў.

На ўроку замежнай мовы настаўніца англійскай мовы Алена Хахол прадэманстравала, як можна арганізаваць навучанне на адлегласці толькі з дапамогай смартфона. Анлайн-урок праходзіў для дзяцей у класе і для тых, хто вучыцца дома. Тут жа дырэктар гімназіі спыніўся яшчэ на адной важнай ролі гэтай настаўніцы, з якой яна спраўляецца проста бліскуча. Гэта класнае кіраўніцтва. Алена Міхайлаўна дапамагае настаўнікам-прадметнікам у арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў сваім класе.

“Сістэма навучання, якую мы прымяняем у цяперашні час, будзе запатрабавана і ў далейшым. Напрыклад, для надомнага навучання. Але ў прыярытэце застанецца класна-ўрочная сістэма, карысць якой у сённяшніх умовах стала яшчэ больш відавочнай. Дзецям і педагогам неабходны жывыя зносіны, якія не толькі ствараюць адпаведнае матывацыйнае асяроддзе, але і дапамагаюць у выпрацоўцы неабходных сацыяльных навыкаў”, — заўважыла Алена Міхайлаўна.

Далей дырэктар гімназіі пазнаёміў гасцей з асаблівасцямі выхаваўчай прасторы сваёй навучальнай установы. Інтэрактыўнае тэлебачанне і газета з’яўляюцца сродкамі павышэння інфармацыйнай культуры гімназістаў. Газета выдаецца раз у квартал, а вось праграма гімназічных навін ідзе кожны тыдзень па серадах.

Гімназія з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі. Цяпер тут рэалізуецца інавацыйны праект “Фарміраванне культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. “Асаблівасцю навучальнай установы з’яўляецца тэатральная дзейнасць. У гімназіі працуюць дзве тэатральныя студыі — на другой і на трэцяй ступені навучання. Кожная студыя падчас навучальнага года рыхтуе свой спектакль. У выніку кожны год у навучальнай установе дзве прэм’еры”, — адзначыў Віталь Мікалаевіч.

Жамчужынай гімназіі з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей “Люстэрка часу”. “Музей з’яўляецца самым вялікім гісторыка-краязнаўчым школьным музеем на тэрыторыі Бярэзінскага раёна. У ім праводзяцца экскурсіі як для навучэнцаў гімназіі, так і для гасцей, урокі гісторыі і літаратуры, геаграфіі і працоўнага навучання, урокі мужнасці, інфармацыйныя і класныя гадзіны. Краязнаўчая даследчая дзейнасць дае магчымасць навучэнцам набыць веды па гісторыі горада і раёна, убачыць сувязь паміж гісторыяй малой радзімы і гісторыяй усёй краіны. У музеі вельмі вялікі архіўны фонд. Тут захоўваецца перапіска з воінамі, якія вызвалялі Бярэзінскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх успаміны, фатаграфіі, картасхемы баёў; анкеты і ўспаміны жыхароў раёна, удзель­нікаў ВАВ”, — адзначыла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Ермакова.

Пасля наведвання гімназіі Ігар Карпенка ўсклаў кветкі да магілы воінаў Бярэзінскага раёна, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. “Сёння важна памятаць пра вайну. Неабходна выхоўваць пакаленне на прыкладзе гераізму і подзвігу воінаў-вызваліцеляў. У школах патрыятычнаму выхаванню ўдзяляецца вялікая ўвага”, — дадаў міністр.


Наступным пунктам наведвання стаў Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Дырэктар навучальнай установы Алена Жалняровіч, знаёмячы міністра адукацыі з арганізацыяй вучэбна-выхаваўчай дзейнасці, адзначыла, што школа была падрыхтавана да работы ў эпідэміялагічнай сітуацыі. “У нас 28 персанальных камп’ютараў (ёсць доступ у інтэрнэт), чатыры мультымедыйныя ўстаноўкі, мультыборд, інтэрактыўная дошка, таму педагогі могуць выкарыстоўваць усе рэкамендаваныя міністэрствам сэрвісы ў адукацыйным працэсе”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

Увогуле, школа з’яўляецца ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дзейнасці рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра ў сеткавым адукацыйным асяроддзі ў мэтах прафесійнага развіцця педагагічных кадраў” па кірунку “Развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў сродкамі аўтарскіх электронных комплексаў”.

У некаторых настаўнікаў школы ёсць свае сайты. Як, напрыклад, у настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Эдуардаўны Красоўскай, на ўроку якой папрысутнічаў міністр адукацыі. Урок матэматыкі ў Людмілы Эдуардаўны праходзіў у рэжыме афлайн.

Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельнікам праекта “Настаўнік для Беларусі”. У праекце — дзве настаўніцы. Адна з іх — Настасся Самец — выкладае хімію. На яе ўрок у 9 класе завітаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Малады педагог расказала пра адметнасці сваёй урочнай дзейнасці. У школе працуюць вельмі творчыя, ініцыятыўныя і сучасныя педагогі, дзякуючы якім навучальная ўстанова даўно адышла ад клішэ сельскай школы.

У Паплаўскай сярэдняй школе была запланавана сустрэча міністра адукацыі з педагагічнай грамадскасцю Бярэзінскага раёна. У нефармальнай размове з кіраўнікамі школ раёна Ігар Васільевіч адзначыў ролю дырэктара школы ў арганізацыі вучэбнага працэсу. Сёння дырэктар — гэта і педагог, і менеджар, і гаспадар, які павінен своечасова адаптавацца да новых умоў. Каэфіцыент карыснага дзеяння кожнага настаўніка напрамую залежыць ад пазіцыі кіраўніка навучальнай установы.

Сёння да сістэмы адукацыі грамадствам прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, часта спажывецкія, таму працаваць няпроста. Разам з тым, як падкрэсліў міністр, у сістэме працуюць прафесіяналы, здольныя да асэнсаванага і творчага падыходу ў рабоце з навучэнцамі, нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю.

Асаблівую ўвагу Ігар Карпенка ўдзяліў пытанням зносін педагогаў з навучэнцамі і іх бацькамі ў сацыяльных сетках і іншых сродках камунікацыі. “Сёння важна арганіза­ваць канструктыўны дыялог паміж педагогамі, вучнямі і іх бацькамі, каб гэтыя платформы выкарыстоўваць для далейшай арганізацыі вучэбнага працэсу”, — падкрэсліў ён.

У размове з дырэктарамі міністр звярнуў увагу на асаблівасці арганізацыі і аплату працы педагогаў у час пандэміі. Ішла гаворка і пра ролю школьнай псіхалагічнай службы. Абмяркоўваліся пытанні арганізацыі харчавання ў сельскай школе. Гаварылася пра далейшы прафесійны лёс выпускнікоў аграрных класаў, пра тое, што дзейнасць педкласаў апраўдала сябе. Прынамсі, у педагогі пайшлі матываваныя маладыя людзі.

Немалаважную ролю адыгрывае пераемнасць паміж школьнай і ўніверсітэцкай адукацыяй. Каб зрабіць яе паўнавартаснай, неабходны праграмныя карэкціроўкі. Ішла гаворка пра абнаўленне школьных падручнікаў. Увогуле, размова атрымалася змястоўнай. “Для мяне важна бываць у рэгіёнах і гутарыць з педагогамі. Гэта дапамагае бачыць і адчуваць сістэму адукацыі знутры, што неабходна для прыняцця правільных рашэнняў”, — заўважыў міністр адукацыі ў канцы сустрэчы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.