У Слоніме абмеркавалі пытанні каардынацыі і суправаджэння дзейнасці спецыялістаў устаноў адукацыі па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Папярэдзіць і падтрымаць
На базе СПЦ Слонімскага раёна прайшло пасяджэнне рэспубліканскага савета дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы і вопытам работы яе спецыялістаў. Яшчэ да пачатку пасяджэння ўвазе гасцей была прадстаўлена выстава-прэзентацыя метадычных распрацовак.
Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, старшыня рэспубліканскага савета дырэктараў сацыяльна-педагагічных цэнтраў Ірына Кажура падрабязна спынілася на актуальных напрамках дзейнасці Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра — установы адукацыі, якой яна кіруе.
— Ужо на працягу шэрага гадоў абласны СПЦ з’яўляецца неад’емным звяном сістэмы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у Гродзенскім рэгіёне. Сёння ажыццяўляем каардынацыю дзейнасці 32 устаноў сярэдняй спецыяльнай і 3 устаноў вышэйшай адукацыі, 19 раённых СПЦ і 6 устаноў адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання выхаванцаў, — адзначыла Ірына Кажура.
Яна звярнула ўвагу, што спектр пытанняў, якія знаходзяцца ў полі зроку спецыялістаў абласнога цэнтра, дастаткова шырокі. І ў кожным з напрамкаў асноўная дзейнасць спецыялістаў цэнтра накіравана ў тым ліку на павышэнне прафесійных кампетэнцый педагогаў.
— Калі гаворыць пра прафілактыку крызісных атанаў і суіцыдальных паводзін непаўналетніх, то ў жніўні 2024 года ў дадатак да афіцыйных рэспубліканскіх дакументаў мы распрацавалі і накіравалі для выкарыстання ва ўстановы адукацыі памятку па правядзенні службовай праверкі па факце спробы суіцыду, а таксама карту кантролю працы педкалектыву па выяўленні і прафілактыцы крызісных станаў у навучэнцаў, — прыводзіць прыклад Ірына Кажура.
Акрамя таго, спецыялісты абласнога СПЦ падабралі і накіравалі ва ўстановы адукацыі дыягнастычны інструментарый па выяўленні булінгу сярод дзяцей, распрацавалі настольную вучэбную гульню для выкарыстання педагогамі ў рабоце з дзецьмі “Асцярожна, булінг?!”.
— Наша работа будуецца зыходзячы з фармулёўкі “не толькі папярэдзіць, але і падтрымаць”. Другі год у вобласці рэалізуецца курс заняткаў “Бяспечнае сталенне” для дзяцей-сірот, якія вучацца на першым курсе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродна. Прайшло ўжо больш за 15 такіх заняткаў, і ўсе яны садзейнічаюць спрыяльнаму праходжанню непаўналетнімі адаптацыйнага перыяду, — дадала Ірына Львоўна.
У рэгіёне выбудавана сістэма работы па выяўленні і аказанні дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад насілля. Ужо на працягу двух гадоў на базе абласнога СПЦ дзейнічае абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык “Каардынацыя дзейнасці педагагічных работнікаў па выяўленні і прафілактыцы насілля ў дачыненні да непаўналетніх”.
Сацыяльнае праектаванне
Сацыяльны педагог СПЦ Слонімскага раёна Ірына Чыгрына звярнула ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на тэму ўзаемадзеяння з установамі адукацыі ў рабоце па карэкцыі супрацьпраўных паводзін непаўналетніх і расказала аб вопыце рэалізацыі ў раёне праекта “Падлетак у канфлікце з законам: ад канфлікту да інклюзіі”.
— У 2021 годзе мы сталі пілотнай арганізацыяй у гэтым праекце і правялі дзясятак групавых кансультацый і семінараў для спецыялістаў Слонімскага раёна, — адзначыла Ірына Чыгрына.
Праект прадугледжвае выкарыстанне форм і метадаў сацыяльнага праектавання. Са слоў суразмоўніцы, галоўны педагагічны сэнс гэтай тэхналогіі — стварэнне ўмоў для таго, каб кожнае дзіця магло праявіць сябе ў пэўнай пазітыўнай дзейнасці праз вырашэнне грамадска значнай праблемы, якую самі дзеці вылучылі і прапанавалі да распрацоўкі.
— Нам удалося зацікавіць дзяцей, і ў выніку яны паспяхова ажыццявілі тры праекты: прысвечаны тэме булінгу ў падлеткавым асяроддзі “Я моцны, я спраўлюся”, валанцёрскі “Добрае сэрца” і “Мае бацькі — мае сябры”, — дадала Ірына Чыгрына.
У апошнім з названых праектаў яго юныя аўтары па выніках анкетавання дзяцей і бацькоў вылучылі самыя актуальныя пытанні, па якіх няма паразумення з дарослымі, падрыхтавалі інфармацыйны матэрыял і выступілі на бацькоўскіх сходах у сваіх школах. Як вынік, увага бацькоў да праблем іх дзяцей была прыцягнута самімі падлеткамі.
У анлайн-фармаце
Цікавыя формы работы прапанавалі і спецыялісты з Дзятлаўскага раёна.
— На сайце нашага СПЦ створаны віртуальны кабінет для педагагічных работнікаў раёна. Гэта тэматычныя падборкі матэрыялаў кансультацый, бацькоўскіх сходаў, класных і інфармацыйных гадзін. Падабраны дыягнастычны інструментарый па пытаннях вывучэння асаблівасцей сямейнага выхавання, дзіцяча-бацькоўскіх адносін, развіцця матывацыі да навучання, асобасных асаблівасцей і не толькі, — адзначыла дырэктар СПЦ Дзятлава Кацярына Ляўкевіч.
З 2023 года ў раёне актыўна выкарыстоўваецца такая форма работы з педагогамі, як анлайн-брыфінг. Сутнасць яе ў аказанні педагогам-псіхолагам, класным кіраўнікам кансультацыйнай дапамогі праз запаўненне Google-формы.
У анлайн-фармаце раённы СПЦ імкнецца забяспечыць даступнасць псіхолага-педагагічнай дапамогі ў тым ліку дзецям і іх бацькам. У раёне, напрыклад, распрацаваны партал для бацькоў “#Сям’я: адказнасць&
адносіны”. Па аналогіі падтрымаць сем’і, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, дапамагае віртуальная сацыяльная гасцёўня “Супрацоўніцтва.by”.
— Для вучняў 8—11 класаў устаноў адукацыі раёна стварылі Telegram-канал “STOP! Выконваем закон”. Дзякуючы яму, ажыццяўляецца прафілактыка залежных паводзін, павышэнне ўзроўню прававых ведаў. Да таго ж праводзіцца анлайн-анкетаванне па розных кірунках дзейнасці, — звярнула ўвагу Кацярына Ляўкевіч.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская звярнула ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на тое, што значнасць работы любога СПЦ вызначаецца дабрабытам кожнага дзіцяці. Таму важна не стаяць на месцы, а шукаць новыя формы і метады работы для аказання своечасовай якаснай дапамогі дзецям, іх бацькам і, вядома, для арганізацыі суправаджэння дзейнасці педагагічных работнікаў.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена Гродзенскім абласным СПЦ