У Слуцку ўсё па-людску

- 17:31Родная земля, Рознае

Нагодай для падарожжа па Слуцкім раёне Мінскай вобласці стала нядаўняе ўсталяванне ў старажытным горадзе помніка славутаму поясу. Хоць афіцыйнае адкрыццё помніка адбудзецца ў канцы верасня, ужо цяпер можна азнаёміцца з бронзавымі ўзорамі “цвятка радзімы васілька”. І ўсё ж Случчына — гэта не толькі паясы, але і багатая гісторыя, маляўнічыя далягляды, знакамітыя навукоўцы, асветнікі, святыя, а яшчэ гасцінныя, ветлівыя людзі. Даведаемся, як увесь гэты своеасаблівы скарб дапамагае выхоўваць маладое пакаленне.

Горад, якога няма

“У Слуцку ўсё па-людску”, — жартавалі падчас нашай размовы настаўнікі. Смех смехам, аднак у кожным жарце, як вядома, ёсць толькі доля жарту, астатняе — праўда. Дык вось у Слуцку, сапраўды, усё па-людску, усё даведзена да ладу, горад прыгожы, утульны. Напэўна, ён быў бы абсалютна ідэальным для жыцця, калі б не адна акалічнасць. Неяк зусім не па-людску паставіўся да горада час. Ад багатай гарадской архітэктурнай спадчыны да нас дайшло толькі некалькі помнікаў. Горад, які ёсць, і горад, якога няма… Вось такі ён — сучасны Слуцк. З фабрыкамі, заводамі, вуліцамі, магазінамі, школамі, утульнымі скверамі, аднак амаль без старадаўніх храмаў, будынкаў з элементамі архітэктурных стыляў розных эпох, без шыкоўных палацаў, у якіх некалі жылі Алелькавічы, Радзівілы.
— Нягледзячы на тое, што ў летапісах Слуцк упершыню ўзгадваецца яшчэ ў ХІІ стагоддзі і на працягу доўгага часу быў прыватнаўласніцкім, што вызначыла асаблівасці яго планіроўкі, цяпер пра архітэктурную ўнікальнасць горада амаль нічога не нагадвае. Засталіся толькі дакументы мінулых часоў і старадаўнія карты, дзякуючы якім можна вызначыць месцазнаходжанне гістарычных аб’ектаў. Менавіта на аснове гэтых дакументаў сумесна з педагогамі Слуцкага цэнтра турызму мы распрацавалі экскурсію пад назвай “Горад, якога няма”. Сваім шматлікім гасцям мы, напрыклад, расказваем, што сучасны Дом культуры знаходзіцца на месцы замчышча; там, дзе кацельная, калісьці стаяў палац Радзівілаў; сучасная Камсамольская вуліца называлася Шырокай і Сенатарскай. І так на кожнай вуліцы, на кожным скрыжаванні можна спыняцца і праводзіць пералік аб’ектаў, якіх, на жаль, ужо няма, — расказвае настаўнік рускай мовы і літаратуры Паўстынскай сярэдняй школы Ігар Міхайлавіч Жыцін, які амаль 20 гадоў разам з вучнямі даследуе мінулае роднай зямлі.

Паўстынскія пілігрымы

Ігар Міхайлавіч не проста настаўнік-краязнаўца, ён яшчэ і куратар школьнага клуба ЮНЕСКА “Пошук”, а гэты статус робіць яго работу асаблівай. Расказваць пра адметнасці роднага краю на ўроках — гэта адна справа, а вось спазнаваць мінулае падчас падарожжаў — зусім іншае. Такіх падарожжаў Ігар Міхайлавіч разам з вучнямі на працягу амаль 20 гадоў пры актыўнай падтрымцы кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, Слуцкага цэнтра турызму здзейсніў больш за дзве сотні, у сярэднім па адной экскурсіі ў месяц. Вандроўныя шляхі праходзілі не толькі праз адметныя мясціны Слуцкага раёна, але і праз лясы, палі, гарады і вёскі ад Верхнядзвінска да Лоева, ад Гродна і да Крычава. Кожная вандроўка — гэта асобны праект, а часам і кніга. Напрыклад, пасля 10-гадовага вывучэння замкаў Беларусі была выдадзена аднайменная кніга. Друкавалася яна ў школе, таму, канечне, і наклад невялікі, аднак змест, унікальнасць змешчанай на яе старонках інфармацыі і ілюстрацый, безумоўна, вартыя таго, каб кніга пабачыла свет. Пасля замкаў чарга ў даследаванні дайшла да культавай архітэктуры, потым і сядзіб.
Дзейнасць паўстынскага клуба ЮНЕСКА коратка можна ахарактарызаваць такой формулай: “Адзін праект = аднаму падарожжу, адно падарожжа = некалькім дням”. Напрыклад, у мінулым годзе паўстынскія вучні пад кіраўніцтвам Ігара Міхайлавіча ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта “Пілігрым”, прысвечанага 1150-годдзю Полацка. Гэта была не проста вандроўка ў старажытны горад над Заходняй Дзвіной, а шматдзённае падарожжа “Сцяжынай Чарадзея”, маршрут якога пралягаў праз гарады, якія некалі ўваходзілі ў склад Полацкага княства пры Усяславе Чарадзеі.
— Цяпер сумесна з Маладзёжным парламентам Барысава мы працуем над праектам “Кола гісторыі”. У рамках яго рэалізацыі адбылося два мерапрыемствы. У верасні мінулага года з нагоды юбілею вайны 1812 года ладзілі палатачны лагер на Брылёўскім полі. Там вучні ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, гістарычных чытаннях, шукалі скарб. Сёлета ў чэрвені цягам 9 дзён наведалі замкі і палацы Усходняй Беларусі, пабывалі ў Быхаве, Слаўгарадзе, Чырвоным Беразе, Жылічах, Рагачове, Бабруйску, — паведаміў Ігар Міхайлавіч.

Краязнаўчы квест

Сярод вялікай колькасці мерапрыемстваў, якія Ігар Міхайлавіч праводзіць для навучэнцаў сумесна з калегамі са Слуцкага цэнтра турызму, найбольш любімы ў дзяцей квест “Ведаю горад, бо я ў ім жыву”. Упэўнены, што вопыт слуцкіх педагогаў варты пераймання, гэтую гульню можна ўзяць на ўзбраенне ўсім педагогам-краязнаўцам, бо яна дазваляе ў захапляльнай для дзяцей форме грунтоўна даследаваць родны край. Як паведаміла аўтар краязнаўчага квеста педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра турызму Таццяна Аляксееўна Буцько, гульня праводзіцца з мэтай патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, знаёмства дзяцей і падлеткаў з гісторыка-культурнай спадчынай Слуцка, збору матэрыялу для арганізацыі і правядзення экскурсій па дадзеным маршруце. Краязнаўчы квест аб’ядноўвае вучнёўскі калектыў, выхоўвае ў школьнікаў камандныя якасці, распрацоўвае стратэгію руху наперад, вызначае ролю кожнага ўдзельніка ў дасягненні агульнага выніку. Праграма гульні ўключае экскурсію ў рыцарскі клуб “Сярэбраны пегас”, міні-майстар-класы па рыцарскіх баях, вырабе рыцарскіх даспехаў, этыкету рыцараў, краязнаўчае арыентаванне, віктарыну, касцюміраваныя выступленні. Напрыклад, віктарына складаецца з 10 пытанняў, што даюцца кожнай камандзе і маюць тры варыянты адказаў. Праводзяцца конкурс капітанаў і конкурс лепшага апавядальніка.
— Трэба было бачыць, — расказвае Таццяна Аляксееўна Буцько, — як у мінулым годзе ў адзін з лістападаўскіх дзён жыхары нашага горада са здзіўленнем назіралі, як групы навучэнцаў, у кожнага з якіх на адзенні красавалася эмблема каманды, хутка перамяшчаліся па вуліцах Слуцка. У гульні ўдзельнічалі каманды па 5 чалавек устаноў адукацыі раёна з ліку навучэнцаў 7 — 11 класаў. Спачатку было знаёмства з атмасферай сярэднявечча ў рыцарскім клубе. Пасля непрацяглай тэатралізаванай экскурсіі ў мінулае, якая суправаджалася рыцарскім паядынкам, каманды па сігнале вядучага і пад кіраўніцтвам педагогаў-інструктараў адправіліся ў шлях.
Для навучэнцаў гэтая гульня была незнаёмай і таму яшчэ больш цікавай, бо пра квест дзеці ведалі толькі 5(сайт)дзякуючы камп’ютарным гульням. Сутнасць рэальных края-знаўчых прыгод заключаецца ў пошуку і разгадцы ключавога слова “прыгода”, літары якога былі схаваны на архітэктурна-гістарычных помніках і мудрагелістым чынам закадзіраваны. Атрымаць арыенцір на наступны “пункт прызначэння” каманда магла толькі пасля расшыфроўкі чарговай галаваломкі. Для паспяховага праходжання этапаў квесту, яе ўдзельнікам неабходна было паказаць выдатныя веды па гісторыі, прадэманстраваць рашучасць, здольнасць рабіць правільныя высновы ва ўмовах недастатковай колькасці інфармацыі і правільна арыентавацца ў лабірынце вуліц.
— Праз некаторы час стомленыя і задаволеныя каманды вярталіся з маршруту. Хлопцаў і дзяўчат больш хвалявала не тое, хто перамог, а сам працэс гульні. Яны наперабой дзяліліся ўражаннямі. Удзельнікі гульні з карысцю правялі вольны час, праверылі свае веды, даведаліся пра цікавыя і важныя факты з гісторыі роднага горада. Квест-гульня выканала сваю асветніцкую місію, падарыўшы ўсім удзельнікам яркія эмоцыі, уражанні і новых сяброў, — паведаміла Таццяна Аляксееўна.

Толькі для мужчын

Пасля пераадолення фінішнай паласы, навучэнцы расказвалі адно аднаму і пра князя Ігара, які, згодна з легендай, некалі праязджаў праз тутэйшыя балоты, ледзь не патануў, і ў знак падзякі за выратаванне пабудаваў горад, і пра Свята-Троіцкі манастыр, у якім захоўваліся мошчы Святой Сафіі Слуцкай, і пра амаль 400-гадовую гісторыю слуцкай гімназіі, пра яе знакамітых выпускнікоў. Аднак найбольш уражлівым для дзяцей было знаёмства з дзейнасцю мануфактуры, на якой ткаліся знакамітыя паясы. Пра сакрэты ткацкай справы, а таксама пра тое, якія гістарычныя памылкі зрабіў Максім Багдановіч у сваіх знакамітых “Слуцкіх ткачыхах”, ведае настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 9 Слуцка Ірына Ігараўна Фурманец, якая яшчэ са студэнцкіх гадоў грунтоўна даследуе дзейнасць слуцкай мануфактуры.
— У XVII — XVIII стагоддзях нашы паясы з’яўляліся неад’емнай часткай касцюма мужчын-арыстакратаў. Яны былі не толькі элементам упрыгажэння, але і лічыліся сімвалам годнасці, “блакітнай крыві”, высокага сацыяльнага статусу і матэрыяльнага дабрабыту. Мода на доўгія, шырокія тканыя паясы прыйшла на беларускія землі дзякуючы ідэалогіі сарматызму, у аснове якой ляжалі легенды аб паходжанні шляхты Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямён сарматаў. Пад уздзеяннем легенд, шырока распаўсюджаных у XVI — XVIII стагоддзях, прадстаўнікі вярхоўнага саслоўя імкнуліся ва ўсім быць падобнымі да міфічных продкаў, у тым ліку і ў адзенні. Чым больш заможным быў шляхціц, тым яго касцюм усё больш нагадваў знешні выгляд усходняга вяльможы. Шаўковыя паясы ў вялікай колькасці прывозіліся з Персіі, Асманскай імперыі, нават Кітая, Індыі. Пояс быў атрыбутам выключна мужчынскага адзення, ткалі яго і нават дапамагалі апранаць вяльможам толькі мужчыны. Існавала павер’е, што калі жаночая рука дакранецца да каштоўных нітак, то тканіна страціць стракатасць і пояс ужо можна будзе адразу выкінуць, — расказвае настаўніца.
Асаблівага росквіту слуцкая мануфактура дасягнула пасля таго, як у 1758 годзе Міхаіл Казімір Радзівіл запрасіў на працу знакамітага майстра Яна Маджарскага. Ён і стварае самабытны мясцовы тып пояса. Слуцкія паясы сталі карацейшымі на 2-3 метры і вузейшымі на 10 — 20 сантыметраў, чым турэцкія і персідскія, зменшылася і колькасць арнаментаў.
— Паясы мелі наступныя каляровыя спалучэнні: аранжавы з сінім і залаціста-жоўтым або аранжавы з карычневым і жоўтым; ружовы з блакітным, зялёным і залацістым; ярка-чырвоны з залаціста-жоўтым, чорным, сінім, зялёным. Часам дадаваліся плямы ружова-блакітных кветак і зялёнага лісця. Дробныя раслінныя і геаметрычныя ўзоры часта дапаўняліся выразным цёмна-карычневым контурам. Арнаментацыя ўсіх частак пояса страціла ўсходнюю нерухомасць і набыла характэрныя для ўсяго дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі рэалістычныя рысы ў трактоўцы раслінных кампазіцый праз увядзенне матываў мясцовай флоры — васількоў, незабудак, канюшыны, дубовага лісця, — паведаміла Ірына Ігараўна.
Цікавы факт: пры Радзівілах станкі з майстэрні Яна Маджарскага выпускалі больш за 200 паясоў у год, кожны каштаваў ад 5 да 50 дукатаў. Цікава, якая колькасць паясоў у год будзе выпускацца на РУП “Слуцкія паясы”, дзе ў хуткім часе пачнецца адраджэнне ўнікальнага майстэрства? На жаль, атрымаць дакладны адказ на гэтае пытанне пакуль не ўдалося. Хаця гэтая таямніца, канечне, у хуткім часе будзе раскрыта, а педагогі і навучэнцы, якія пажадаюць наведаць з экскурсіяй прадпрыемства і яго музей, пераканаюцца, што сучасныя слуцкія паясы стануць не менш прыгожымі і каштоўнымі, чым тыя, што былі сатканы ў XVIII стагоддзі і захоўваюцца ў музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Кракава.

Экспанаты-фотамадэлі

Да спіса гэтых гарадоў варта дадаць яшчэ і Слуцк, дзе ў музеі сярэдняй школы № 9 таксама захоўваецца пояс, праўда, не той, што некалі ўпрыгожваўся залатымі ніткамі, а сувенірны, набыты нядаўна ў адной з крам горада. Аднак для калектыву ўстановы адукацыі ён не менш каштоўны, чым паясы часоў Радзівілаў. У гэтым лёгка пераканацца — пояс вісіць на самым пачэсным месцы, над дзвярыма музея, і, як адзначыла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Мікалаеўна Шаціленя, прыносіць удачу.
— Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося ў мінулым годзе і прайшло з удзелам вялікай колькасці гасцей. Усе экспанаты, а іх налічваецца 120, размешчаны ў раздзелах “Чырвоны кут”, “Ложак”, “Куфар”, “Жорны”, “Ткацтва”, “Аб чым спявае ганчарнае кола?”. Знаёмяць наведвальнікаў музея з арыгінальнымі прадметамі ўдзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы”. Дзеці не толькі праводзяць экскурсіі, але і ладзяць у музеі інсцэніроўкі народных свят, апошнім з якіх былі “Вячоркі ў Паўлінкі”. На аснове сабранага матэрыялу мы стварылі фільм “Радзінная абраднасць беларусаў”. Акрамя таго, пры музеі дзейнічае фотастудыя “Акно”, удзельнікі якой з дапамогай фотаапарата перадаюць прыгажосць і ўнікальнасць экспанатаў, — гаворыць настаўніца.
Кожны экспанат, як фотамадэль. Узяць для прыкладу жорны. Гэта не проста два камяні, а сапраўдны станок. Або драўляная самаробная калясачка, у якой некалі вазілі дзяцей. Тут і калаўроты, і куфар, і спецыяльны станок для апрацоўкі верацяна, і прылады для ўкладвання на страху чароту, і, канечне ж, ткацкі станок, упрыгожаны вышыванымі ручнікамі і сарочкамі і, безумоўна, ужо згаданы пояс, што вісіць над дзвярыма. Большасць экспанатаў перадалі ў музей дзядуля і бабуля Кацярыны Мікалаеўны — Сяргей Міхайлавіч і Агаф’я Мікалаеўна Лазук, якія жылі ў вёсцы Мерашыно Слуцкага раёна. Многія экспанаты прынеслі вучні, іх бацькі, настаўнікі, а таксама дырэктар школы Антаніна Дзмітрыеўна Лабанава.
Нягледзячы на тое, што музей даволі малады, а калі меркаваць па чалавечым узросце — немаўлятка, тут сабрана даволі ўнушальная калекцыя ўнікальных прадметаў, а юнымі экскурсаводамі за мінулы навучальны год заваявана некалькі дыпломаў.
— На 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа мы ўдзельнічалі ў тэматычным конкурсе, які праводзіў часопіс “Роднае слова”, і атрымалі дыплом ІІ ступені. Яшчэ мы сталі пераможцамі раённага конкурсу школьнай прэсы “Голас прэсы” ў намінацыі “Фатаграфія. Партрэт”. Удзельнічаем і ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у рамках якой ездзілі на радзіму Якуба Коласа, аформілі работу “Шлях да Коласа”, якая таксама заняла прызавое месца на раённым конкурсе, — расказвае Кацярына Мікалаеўна, якая на развітанне прадэманстравала, як на ткацкім станку яе бабуля калісьці ткала для свайго мужа арыгінальныя паясы.

Напрыканцы камандзіроўкі Ігар Міхайлавіч Жыцін разам з дырэктарам Слуцкага цэнтра турызму Уладзімірам Андрэевічам Паздзерыным правялі для мяне экскурсію па горадзе, якога няма. Пабывалі мы і на замчышчы, завіталі ў будынак гімназіі № 1, дзе яе дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Яблачкін расказаў пра знакамітых выпускнікоў установы, пра тое, як у 1923 годзе падчас настаўніцкіх курсаў Якуб Колас чытаў тут урывак з “Новай зямлі”. Прайшліся мы і па Камсамольскай вуліцы, на якой некалі знаходзіўся шыкоўны палац Радзівілаў, пастаялі каля бронзавага помніка самай славутай ураджэнкі Слуцка, узгадалі пра асветніцкую і дабрачынную дзейнасць Святой Сафіі. Падчас захапляльнай экскурсіі горад, якога няма, дзівосным чынам станавіўся рэальнасцю. Шыкоўныя палацы, старадаўнія храмы, брукаваныя вуліцы — усё прыгожа, усё ўтульна. Так і хацелася сказаць: “У Слуцку, сапраўды, усё па-людску”.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.