У спаборніцтвах за “прыгожую фізіку”

У ХXVIII Рэспубліканскім турніры юных фізікаў, які прайшоў у Ліцэі БДУ, прынялі ўдзел 16 каманд з Беларусі, а таксама ў якасці гасцей дзве каманды з Расіі (Варонежа і Даўгапруднага). Ганаровым госцем турніру стаў член арганізацыйнага камітэта Міжнароднага турніру юных фізікаў Ілья Марчанка.

Кіраўнікі каманды Ліцэя БДУ— П.А.Шыр­ко, Е.В.Смалякова; Я.А.Пахомаў, Н.Я.Бі­ран, А.М.Ліп­ская; А.М.Сен­чанка (Міністэрства адукацыі); А.П.Холад, М.Ю.Колас; Л.Р.Марковіч (Ліцэй БДУ).

Турнір юных фізікаў — гэта калектыўныя спаборніцтвы каманд старшакласнікаў ва ўменні вырашаць складаныя фізічныя (і агульнанавуковыя) праблемы, наглядна прадстаўляць і пераканаўча адстойваць свае рашэнні ў публічнай палеміцы. У ходзе спаборніцтваў навучэнцы дэманструюць уменне выконваць задачы даследчага характару, праводзіць фізічныя эксперыменты, пераканаўча прадстаўляць атрыманыя вынікі, адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Турнір складаецца з “фізічных баёў”, у якіх каманды па чарзе дакладваюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.

Як расказаў адзін з арганізатараў турніру, загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч, удзельнікамі турніру сталі каманды ў складзе 5 вучняў і 2 кіраўнікоў, якія выканалі не менш за 9 задач з 12 прапанаваных загадзя. Беларусь прадставілі каманды з Брэста, Мазыра, Мінска, Чэрвеня, Смілавіч, Нясвіжа, Фаніпаля, Слуцка, Віцебска і зборная каманда Ліцэя БДУ.

Трэнеры каманд традыцыйна нацэльвалі школьнікаў на “прыгожую фізіку”, на вядзенне плённай дыскусіі падчас спаборніцтваў, паколькі толькі ўменне разабрацца ў складаных турнірных задачах і адстаяць свой пункт гледжання ў палеміцы можа прывесці да перамогі. На працягу двух дзён кожная каманда гуляла 4 баі, па выніках якіх у фінал выйшлі 3 каманды.

У выніку ўпартых і вельмі захапляючых выпрабаванняў, якія суправаджаліся дэманстрацыяй відовішчных фізічных эксперыментаў, дыплом I ступені заваявала зборная каманда навучэнцаў Ліцэя БДУ. Дыпломаў ІІ ступені ўдастоены каманды Ліцэя БНТУ і гімназіі № 61 Мінска (адзначым, што толькі 0,7 бала аддзяляла каманду Ліцэя БДУ ад каманды гімназіі № 61). Дыпломы III ступені ўручаны камандам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназіі № 50 Мінска, сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка Мінскай вобласці, гімназіі № 61 (каманда № 2) Мінска, Ліцэя БДУ (каманда 10-х класаў), зборнай каманды навучэнцаў Віцебска (гімназія № 5 і гімназія № 1 імя Ж.І.Алфёрава).

Госці турніру з Расіі таксама не засталіся без узнагарод: дыплом II ступені заваявала каманда сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 80 Варонежа, дыплом III ступені — каманда фізіка-тэхнічнага ліцэя імя. П.Л. Капіцы Даўгапруднага — горада-спадарожніка Масквы, дзе знаходзіцца вядомы фізіка-тэхнічны інстытут. Удзельнікі, якія не змаглі заваяваць дыпломы, атрымалі пахвальныя водзывы. Беларуская асацыяцыя “Конкурс” пад старшынствам Аляксандра Кугайды ўручыла ўдзельнікам турніру камплекты вучэбнай літаратуры па фізіцы.

Старшынёй журы рэспубліканскага турніру ўжо некалькі гадоў запар з’яўляецца доктар фізіка-матэматычных навук прафесар БДУ Мікалай Аляксандравіч Паклонскі, адзін з рэдактараў “Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў”. Акрамя таго, у склад журы ўвайшлі навукоўцы БДУ, БНТУ, НАН Беларусі, кіраўнікі каманд і былыя ўдзельнікі турніру.

Заданні рэспубліканскага турніру сугучныя з тымі, што выкарыстоўваюцца на міжнародным. Яны носяць творчы характар, не маюць дакладнага рашэння, таму заўсёды выклікаюць бурныя дыскусіі ў школьнікаў. Такім было сёлетняе заданне “Саксонская чаша”: “Чаша з адтулінай у дне патоне, калі яе пакласці на ваду. Саксы (старажытнагерманскае племя) выкарыстоўвалі такую прыладу для вымярэння часу. Даследуйце параметры, якія вызначаюць час затаплення”. Навукоўцы, якія працавалі ў журы і слухалі выступленні школьнікаў па гэтым заданні, адзначалі для сябе новыя важныя моманты.

На XXXIII Міжнародным турніры юных фізікаў, які адбудзецца ў Тымішаары (Румынія) з 9 па 16 ліпеня 2020 года, Беларусь прадставіць каманда навучэнцаў — пераможцаў рэспубліканскага турніру, якія валодаюць англійскай мовай на высокім узроўні.

Надзея ЦЕРАХАВА.