У спалучэнні майстэрства і маладосці

- 12:19Дашкольная адукацыя

“Прыемна ісці на работу, калі там цябе чакаюць аднадумцы. Спалучэнне майстэрства і маладосці, вопыту і імкнення да прафесійнага развіцця, традыцыйнага і новага — вось адметныя рысы педагагічнага калектыву нашай установы, — адзначае загадчыца ясляў-сада № 35 Гродна Алена Станіславаўна Жэгала. — Бацькі даверылі нам самае каштоўнае, што ёсць у жыцці кожнага чалавека, — дзяцей. Мы стараемся зрабіць так, каб жыццё нашых выхаванцаў было яркім, камфортным, поўным адкрыццяў і дасягненняў”.

— У вас стабільны калектыў. Як вы дапамагаеце маладым спецыялістам адаптавацца ў ім?

— Калі хтосьці сыходзіць ад нас, то прычынамі гэтага з’яўляюцца выхад на пенсію па ўзросце, дэкрэтны водпуск або перамена месца жыхарства. У гэтым навучальным годзе наш калектыў папоўніўся маладымі спецыялістамі, выпускнікамі Гуманітарнага педагагічнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Да нас прыйшлі музычны кіраўнік Рэната Андрэеўна Лукуць, выхавальніца Марта Андрэеўна Лукуць і кіраўнік фізвыхавання Маргарыта Юр’еўна Чурак. Дасведчаныя педагогі ўзяліся вучыць, накіроўваць і карэкціраваць іх дзейнасць. За кожным маладым спецыялістам замацаваны педагог-настаўнік, для іх праводзяцца вучэбныя семінары, круглыя сталы, майстар-класы, кансультацыі, падчас якіх пачынаючыя педагогі атрымліваюць адказы на ўсе свае пытанні: як планаваць адукацыйны працэс, праводзіць заняткі, каардынаваць дзеянні выхавальніка і памочніка выхавальніка, забяспечваць належныя ўмовы арганізацыі харчавання выхаванцаў, пазбягаць канфліктаў з бацькамі. У той жа час мы чакаем ад маладых новых ідэй, поглядаў на выхаванне і развіццё дзяцей, ініцыятыў. У канцы навучальнага года маладыя спецыялісты аналізуюць уласныя цяжкасці і дасягненні, падводзяць вынікі, складаюць планы і пішуць эсэ “Мой год у дзіцячым садзе”.

Малады спецыяліст Марта Лукуць адзна­чае: “Свет дзяцінства — дзіўны, унікальны і чароўны. Калі я стала выхавальнікам, то пачала раскрываць у сабе рознабаковыя здольнасці і інтарэсы. Па-першае, у мяне з’явілася цікавасць да творчасці. Прывабіла маляванне, магчымасць ствараць інтэр’ер у памяшканні групы, рабіць паштоўкі. Па-другое, я яшчэ больш палюбіла прыроду. На прагулцы з выхаванцамі знаходжу для сябе нешта новае і адразу ж дзялюся гэтым з дзецьмі. Назіраючы з выхаванцамі за аб’ектамі жывой прыроды, мы шукаем сюжэт, які можна потым адлюстраваць на аркушы або зляпіць з пластыліну. Па-трэцяе, я адчула сябе візажыстам, цырульнікам і дызайнерам. Пры правядзенні сюжэтна-ролевых гульняў я кожны раз ствараю непаўторны вобраз дзіцяці”.

А гэта словы Маргарыты Чурак: “На выбар прафесіі паўплывала маё захапленне спортам. У 14 гадоў я пачала займацца жаночым футболам. Гледзячы на свайго трэнера, вырашыла, што хачу быць педагогам. Паступіла ў гуманітарны каледж на спецыяльнасць “Фізічная культура”. На 4 курсе пайшла на субяседаванне ў яслі-сад № 35 Гродна. Прызнаюся шчыра, вельмі хвалявалася, але добрая ўсмешка загадчыцы ўстановы, яе словы, што ў мяне ўсё атрымаецца, натхнілі і настроілі на актыўную работу. Уліцца ў калектыў было не так ужо і цяжка, трэба было проста быць сабой, не падобнай да іншых, не прыстасоўвацца да таго, што табе не падабаецца, а паказваць сябе сапраўдную, паважаючы пры гэтым ужо існуючыя ў калектыве правілы”.

— Раскажыце, калі ласка, аб творчых тандэмах, якія склаліся ва ўстанове.

— Выхавальніца Святлана Іванаўна Парахоўнік — педагог-настаўнік кіраўніка фізвыхавання Маргарыты Юр’еўны Чурак. У Святланы Іванаўны ёсць выдатнае хобі — прыдумваць вершы для сваіх выхаванцаў на беларускай і рускай мовах. Акрамя таго, яна ахвотна гэтаму вучыць дзяцей. У 2019 годзе ў творчым тандэме са Святланай Іванаўнай мы стварылі зборнік песень “Праспяваем разам”, прызначаны для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У ім нескладаная, але ў той жа час яркая, запамінальная музыка, вобразныя вершы. Песні напісаны з любоўю да дзяцей. Зборнік прызначаны для правядзення заняткаў у дзіцячых садах, гуртках, студыях, цэнтрах эстэтычнага выхавання, а таксама можа быць выкарыстаны для дамашняга музіцыравання. Сёлета праводзіўся раённы конкурс відэаролікаў на лепшае віншаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі. Святочным падарункам ветэранам ад нашага калектыву стала аўтарская песня “Перамога, Перамога!” (музыка і словы мае) у выкананні педагогаў і выхаванцаў. Ролік заняў 3-е месца ў раённым конкурсе, а таксама на міжнародным марафоне “Свет без меж” атрымаў дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі “Відэапаштоўка”.

Выхавальніца Святлана Юльянаўна Сапега мае музычную адукацыю, умее іг­раць на акардэоне і яна педагог-настаўнік музычнага кіраўніка Рэнаты Андрэеўны Лукуць. Выхавальніца Ірына Георгіеўна Лапнеўская, якая зацікаўлена ў развіцці асобы дзяцей, іх самастойнасці і ініцыятыўнасці, — педагог-настаўнік выхавальніцы Марты Андрэеўны Лукуць. Сваім вопытам з маладымі дзеліцца і настаўнік-дэфектолаг Яўгенія Уладзіміраўна Раманава. Яшчэ ўчора яна сама была маладым спецыялістам, а сёння праводзіць майстар-клас, дзе знаёміць калег з кінезіялогіяй — навукай аб развіцці галаўнога мозгу праз рух, прапаноўвае выкарыстоўваць на занятках адпаведныя практыкаванні — комплекс рухаў, якія дазваляюць актывізаваць міжпаўшарнае ўздзеянне.

У сваю чаргу як кіраўнік я заўсёды заклікаю маладых: ніколі не бойцеся, што ў вас нешта не атрымаецца, — рабіце, спрабуйце, адважвайцеся, імкніцеся дасягаць немагчымага, калі хочаце, каб ваша работа стала лепшай.

— Важны напрамак кадравай работы — атэстацыя педагогаў, якая служыць стымулам для іх самаразвіцця і матэрыяльнай зацікаўленасці.

— Для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічным работнікам патрэбна бесперапынная дадатковая адукацыя: павышэнне кваліфікацыі, самаадукацыя і перападрыхтоўка (пры неабходнасці). За 2 гады 6 нашых педагогаў прайшлі атэстацыю і павысілі катэгарыйнасць, павышэнне кваліфікацыі пры Гродзенскім абласным ІРА прайшлі 8 педагогаў. Асаблівая роля ва ўмацаванні кадравага патэнцыялу нале­жыць метадычнай рабоце. Асноўнай формай арганізацыйна-педагагічных мерапрыем­стваў з’яўляюцца педагагічныя саветы. Ва ўстанове таксама арганізуюцца семінары, практыкумы, кансультаванне, дні прафесійнага майстэрства, метадычныя дні, конкурсы і інш. На базе сада праходзяць практыку і падрыхтоўку будучыя спецыялісты дашкольнай адукацыі. Педагогі наведваюць раённыя метадычныя аб’яднанні, удзельнічаюць у абласных і раённых фестывалях педагагічнага майстэрства, абагульняюць і распаўсюджваюць перадавы педагагічны вопыт.

— Ці ёсць у вас напрацоўкі ў напрамку работы з дзецьмі з АПФР?

— У нашай дашкольнай установе функцыянуюць 4 групы, з іх 3 — групы інтэграванага навучання і выхавання (пакуль адзіныя ў Кастрычніцкім раёне Гродна), у якіх вучацца 54 дзіцяці, у тым ліку 16 дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У садзе працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 23 выхаванцы. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці вучацца жыць у звычайным сацыяльным асяроддзі, развіваюцца разам са сваімі аднагодкамі. Агульная колькасць дзяцей у інтэграванай групе меншая, чым у масавай. З асаблівымі дзецьмі дадаткова займаецца настаўнік- дэфектолаг.

— Ці атрымліваецца прыцягваць ва ўстанову пазабюджэтныя сродкі?

— Добрым механізмам прыцягнення пазабюджэтных сродкаў з’яўляецца арганізацыя паслуг на платнай аснове. Пры гэтым мы арыентуемся на запыты бацькоў. У нашай установе аказваюцца наступныя адукацыйныя паслугі звыш базавага кампанента на платнай аснове: “Харэаграфія”, “Англійская мова для маленькіх”, “Дзіцячы фітнес”, “АБВГДэйка”, “Школа юнага дызайнера”.

З мая 2019 года ў яслях-садзе адкрылася група кароткачасовага знаходжання выхаванцаў — адаптацыйная пляцоўка з мэтай знаёмства дзяцей і іх бацькоў з жыццядзейнасцю дашкольнай установы, фарміравання ў малых псіхалагічнай гатоўнасці да паступлення ў дзіцячы сад. Актыўнымі ўдзельнікамі адаптацыйных гульняў у групе з’яўляюцца бацькі. Гульні-заняткі з дзецьмі право­дзяць выхавальнікі, якія ў далейшым працуюць з імі, а таксама педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, музычны кіраўнік і кіраўнік фізвыхавання. У ходзе гэтых заняткаў маладыя мамы вучацца займаць сваіх дзяцей, падтрымліваць зносіны з імі, маюць магчымасць пракансультавацца са спецыялістамі дзіцячага сада па пытаннях развіцця і выхавання дзіцяці. Педагогі ствараюць неабходныя ўмовы для праяўлення творчай індывідуальнасці кожнага дзіцяці, рэалізацыі здольнасцей у музычнай, мастацкай, інтэлектуальнай дзейнасці. Свае поспехі дашкольнікі дэманструюць на святах, забаўках, бацькоўскіх сходах. У 2020 годзе плануецца адкрыць групы кароткачасовага знаходжання ў групе старэйшага дашкольнага ўзросту.

Значную дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аказвае папячыцельскі савет. Галоўнае ў гэтым пытанні — галоснасць, адкрытасць і добраахвотнасць. З дапамогай папячыцельскага савета абсталяваны дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, набываюцца матэрыялы для бягучага рамонту памяшканняў сада, папаўняецца прадметна-прасторавае развіццёвае асяроддзе ўстановы. Дзякуючы аддзелу адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Гродна, таксама абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы: з’яўляецца новае электраабсталяванне на харчаблоку, набываецца мэбля.

— Падзяліцеся, калі ласка, вашымі планамі і праектамі.

— Сёлета мы паспрабуем свае сілы ў міжнародным гуманітарным праекце Igrin (гульня + інтэграцыя, або інтэграцыя ў гульні). Мэта праекта — стварэнне бяспечнага, адаптаванага, развіццёвага асяроддзя для дзяцей з АПФР, выхаванцаў груп інтэграванага навучання і выхавання праз мадэрнізацыю спартыўнай пляцоўкі, гульнявога пакоя для дзяцей ад 3 да 7 гадоў.

Плануем прыняць удзел у праекце “Зялёныя школы”, якія вядомы на міжнародным узроўні як экашколы і каардынуюцца Фондам экалагічнай адукацыі (FEE). Наш яслі-сад толькі пачаў работу ў гэтым кірунку. Мы вучым дзяцей беражліва ставіцца да ўсяго жывога. Стварылі маршрут “экалагічнай сцяжынкі”, у якую ўваходзіць больш за 20 аб’ектаў, з дапамогай якіх выхаванцы пазнаюць і вывучаюць разнастайнасць раслін і жывёл у прыродным асяроддзі ўстановы, праводзяць доследы і эксперыменты, квест-гульні.

У новым навучальным годзе мы працягнем работу па фарміраванні ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін у штодзённым жыцці. Мы вучым іх не толькі прадбачыць небяспечныя сітуацыі, але і пазбягаць іх, а пры неабходнасці — дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй. Праводзім тэматычныя сустрэчы для бацькоў і дзяцей з прадстаўнікамі МНС, ДАІ, ІСН, аховы здароўя. Для дзяцей праходзяць экскурсіі, інтэграваныя і комплексныя заняткі па тэме. Ва ўстанове створаны цэнтр “Бяспека заўсёды і ўсюды”, у якім сістэматызаваны адпаведны матэрыял. Выхаванцы сярэдніх і старшых груп наведваюць цэнтр бяспекі дарожнага руху на базе сярэдняй школы № 12 Гродна, дзе навучанне дзяцей і падлеткаў вядзецца ў спецыялізаваным пакоі з выкарыстаннем магчымасцей аўтагарадка. У нашым яслях-садзе арганізавана работа “Летняй школы бяспекі”, падчас якой праходзіць цыкл гульняў-заняткаў па бяспецы з выхаванцамі.

— Якая ваша роля ў згуртаванні калектыву?

— Як кіраўнік я заўсёды адкрыта і гатова ўдзяляць сваім супрацоўнікам час на абмеркаванне рабочых пытанняў. Добры кіраўнік — гэта ў першую чаргу паспяховы чалавек, які ў пэўнай ступені павінен быць універсалам: менеджарам і псіхолагам, юрыстам і эканамістам, прарабам і заўгасам, метадыстам і інспектарам па кадрах. У дзейнасці кіраўніка галоўнае — стварэнне спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ва ўстанове, развіццё калектыву, яго згуртаванасці, арганізаванасці, каардынацыя дзейнасці педагогаў для дасягнення агульнай мэты, стварэнне, укараненне і распаўсюджванне інавацый. Кіраўнік павінен натхняць, запальваць у камандзе і кожным супрацоўніку іскру, падахвочваць да дзеяння. Натхняць трэба сваім уласным прыкладам. Задача кіраўніка — развівацца самому і дапамагаць развівацца іншым. Не перашкодзіць і пачуццё гумару, аптымізм. Неабходна развіваць у сабе ўменне знаходзіць станоўчае там, дзе іншыя бачаць толькі дрэннае. Дзякуючы суладнай працы, мы дасягаем высокіх вынікаў: калектыў ясляў-сада № 35 Гродна ў 2019 годзе заняў 2-е месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў дашкольнай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.