Цырымонія ўшанавання пераможцаў міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў дырэктар МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо ўручыў узнагароды 38 уладальнікам залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў міжнародных прадметных алімпіяд і конкурсаў. Ім прысуджаны гранд-прэміі з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў”.

— Не выпадкова ў год 80-годдзя Перамогі наша мерапрыемства праходзіць у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе кожны сантыметр прысвечаны вялікаму подзвігу, які забяспечыў нашу з вамі будучыню, дазволіў рэалізаваць планы і надзеі, жыць разам пад мірным небам, — звярнуўся да моладзі А.Румо. — Вы таксама героі, бо сваёй працай, стараннасцю, імкненнем да пастаўленых мэт у сумленнай, складанай, канкурэнтнай барацьбе даказалі, што вы — сапраўдныя, самыя разумныя і вартыя насіць высокае званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец уручыў ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў педагогам, якія выхавалі лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта.

— Наша адораная і таленавітая моладзь сваёй працай і поспехамі праслаўляе краіну на сусветнай арэне, — адзначыў міністр. — Чарговы раз мы даказалі, што Беларусь з’яўляецца краінай інтэлектуальнай, адукаванай і вельмі багатай на таленты. Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта ўжо практычна на працягу 30 гадоў больш чым 1700 маладых людзей сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду. Больш за 43 тысячы адораных дзяцей атрымалі падтрымку фонду. Як гаворыць наш Прэзідэнт, таленавітая, адораная і адукаваная моладзь — гэта стратэгічны рэсурс любой краіны. Наша задача — стварыць усе неабходныя ўмовы, каб маладыя людзі не проста прадэманстравалі свае поспехі, а зрабілі ўклад у развіццё краіны, адбыліся як прафесіяналы, прыйшлі ў навуку, адукацыю, сферу культуры, укаранілі інавацыі.
Сярод узнагароджаных Валерыя Катовіч — студэнтка 2 курса біялагічнага факультэта БДУ па спецыяльнасці “Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія”. У 2024 годзе дзяўчына стала ўладальніцай бронзавага медаля на 35-й Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе.

— Яшчэ ў раннім дзяцінстве бабуля, біёлаг па адукацыі, падчас сумеснага адпачынку за горадам расказвала мне аб раслінах, іх будове, — гаворыць Валерыя. — Я з вялікім захапленнем слухала яе, вучылася назіраць, разумець прыроду. У сярэдняй школе № 37 Мінска, дзе я вучылася, маю цікавасць падтрымала педагог Надзея Рыгораўна Ашурко. Яна дапамагала арыентавацца ў вялікім патоку інфармацыі, выбіраць галоўнае, сістэматызаваць веды. Першы значны поспех прыйшоў на гарадской алімпіядзе ў 8 класе, затым былі перамогі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Мая цяперашняя спецыяльнасць дазваляе ў далейшым выбраць як навуковую дзейнасць, так і работу на вытворчасці. Пакуль мяне цікавіць навука ў кірунку біяхіміі і фізіялогіі раслін.
За апошнія дзесяць гадоў вучні Аляксандра Цярэнцьевіча Каранюка, настаўніка фізікі і астраноміі гімназіі № 1 Барысава, які падчас цырымоніі быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, заваявалі 10 дыпломаў на рэспубліканскіх алімпіядах, а Мікіта Малахаў і Дзяніс Дзядкоў сталі прызёрамі міжнародных спаборніцтваў.

— Калі мяне пытаюць пра сакрэт поспеху, шчыра адказваю: сакрэту няма. Усё проста: трэба перамагчы сваю ляноту і працаваць, — адзначае педагог. — Таленавітыя дзеці ёсць усюды, але часта будучыя зоркі так і не загараюцца, бо не апынулася побач апантанага педагога. Я люблю фізіку, люблю выкладаць. Дзеці гэта адчуваюць. У нас склалася выдатная традыцыя: мае былыя пераможцы алімпіяд, ужо студэнты УВА, прыходзяць у гімназію, каб рыхтаваць да спаборніцтваў цяперашніх вучняў. Атрымліваецца сапраўдная пераемнасць і велізарная падтрымка для тых, хто толькі пачынае свой шлях. Дзеці бачаць, чаго дасягнулі тыя, хто ненашмат іх старэйшы, і імкнуцца да таго ж.
Уладзіслаў Караткоў, выпускнік гімназіі № 12 Мінска, заваяваў бронзавы медаль на Міжнароднай хімічнай алімпіядзе ў Дубаі (ААЭ). Таксама ў 2025 годзе Уладзіслаў заваяваў сярэбраны медаль на 59-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, якая праходзіла ў Бразіліі. А годам раней ён стаў уладальнікам бронзавай узнагароды 58-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі ў кітайскім Шэньчжэне.

Уладзіслаў сёння вучыцца на 1 курсе факультэта «Лячэбная справа» БДМУ. Ён прадстаўнік медыцынскай дынастыі. Яго бацька – хірург-трансплантолаг, мама – урач-пульманолаг, бабуля і дзядуля па татавай лініі — таксама ўрачы, і старэйшы брат скончыў медыцынскі ўніверсітэт, стаў хірургам.
— Самым яркім і адначасова самым цяжкім этапам стала падрыхтоўка да першай міжнароднай алімпіяды. Гэта дні і ночы, праведзеныя за задачамі і кнігамі. За адно лета я асвоіў кнігу на 2 тысячы старонак па арганічнай хіміі — такім было заданне для алімпіядніка. Затое эмоцыі і ўспаміны ад удзелу ў міжнароднай алімпіядзе засталіся неверагодныя, — гаворыць Уладзіслаў.
Выбіраючы прафесію, юнак не толькі разважаў пра сямейныя традыцыі, але і кіраваўся імкненнем дапамагаць людзям:
— Калі гаварыць пра чыстую хімію, то методыкі лячэння прэпаратамі, іх распрацоўка, сінтэз — гэта сапраўднае мастацтва. Але ж мне бліжэй жывыя зносіны з пацыентамі. Цікавіць адна з самых актуальных на сёння галін медыцыны — анкалогія.
Уладзіслаў з удзячнасцю гаворыць пра тых, хто дапамог яму на гэтым шляху:
— Як у «Формуле-1»: на п’едэстале стаіць адзін чалавек, але за яго поспехам — цэлая каманда. Я ўдзячны настаўнікам, бацькам, усім, хто быў побач. Асаблівая падзяка — маёй настаўніцы хіміі Кацярыне Дзмітрыеўне Патапавай з гімназіі №12 Мінска.
— Да поспеху Уладзіслава прывялі не толькі яго прыродныя здольнасці і цікавасць да прадмета, але і велізарная працавітасць. Разам з іншымі дзецьмі ў 7 класе ён пачаў хадзіць у нашу хімічную лабараторыю на дадатковыя практычныя заняткі, — расказала Кацярына Дзмітрыеўна. — Тут можна зрабіць першыя доследы і эксперыменты з рэактывамі, убачыць разнастайнасць лабараторнага посуду, даведацца пра тэхніку бяспекі. Уладзіслаў наведваў факультатывы па хіміі ў гімназіі, дадатковыя заняткі медыцынскай накіраванасці ў БДМУ, а таксама на біялагічным і хімічным факультэтах БДУ. З 8 класа юнак штогод перамагае на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. У 10 класе пайшоў вучыцца ў профільны медыцынскі клас.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





