У сталіцы жывуць лепшыя шахматысты…

Юныя шахматысты краіны на мінулым тыдні сабраліся ў Магілёве, які сёлета стаў месцам правядзення Алімпійскіх дзён моладзі Рэспублікі Беларусь па шахматах.

Як паведаміў старшы трэнер Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках Аляксандр Сталяроў, удзел у спаборніцтвах прымалі каманды з пяці абласцей краіны і Мінска. Усяго свае здольнасці дэманстравалі звыш сарака юных спартсменаў.
— Спаборніцтвы былі вельмі цікавымі, бо паказаць сябе ў Магілёў прыязджалі лепшыя маладыя беларускія шахматысты, якія ўжо неаднаразова выступалі на міжнароднай арэне. Барацьба ішла літаральна да апошняга тура, — расказаў Аляксандр Анатольевіч.— Мы не ў першы раз выступаем на падобных спаборніцтвах, таму і рыхтаваліся адпаведна. Узмоцнена займаліся з трэнерамі, разглядалі розныя сітуацыі ў гульні. Цяпер разлічваем паказаць высокія вынікі, — адзначылі прадстаўнікі каманды Мінска Іван Жук, Міхаіл Мікіценка, Ганна Сташыс, Дзмітрый Вахітаў, Вера Пракапук і Ксенія Долбіева.
Удзельнікі астатніх каманд вызначаліся такім жа спартыўным духам і воляй да перамогі. Пяць напружаных барацьбой спаборніцкіх дзён завяршыліся цырымоніяй узнагароджання. Па выніках усіх выступленняў чэмпіёнам краіны па шахматах і ўладальніцай пераможнага кубка стала каманда Мінска. Адпаведныя ўзнагароды атрымалі таксама каманды Магілёўскай і Гомельскай абласцей, якія сталі прызёрамі спаборніцтваў. Адзначаны былі і лепшыя шахматысты ў асабістым заліку.

…і бліскучыя інтэлектуалы

У першыя дні вясны 42 каманды з розных гарадоў Беларусі сабраліся ў Магілёве на фестываль па інтэлектуальных гульнях “Кубак сяброўства”.

Турнір, арганізатарамі якога выступаюць абласны Цэнтр творчасці, упраўленне адукацыі аблвыканкама і грамадскае аб’яднанне “Клуб інтэлектуальных гульняў IQ club”, праводзіцца ўжо сямнаццаты раз. Адметна, што на працягу столькіх гадоў інтарэс да фестывалю не згасае. Сёлета ён сабраў разам звыш 250 школьнікаў-інтэлектуалаў з Магілёва, Крычава, Кіраўска, Слаўгарада, Асіповіч, Мінска, Салігорска, Гомеля, Рагачова, Мазыра, Віцебска і Брэста.
Праграма фэсту выдалася рознабаковай. Для перамогі камандам прапаноўвалася прайсці чатыры заліковыя гульні: “Што? Дзе? Калі?”, “Кубік сяброўства”, “Музычны дуатлон” і “Брэйн-рынг”. — Два фестывальныя дні прайшлі ў сяброўскай атмасферы. Усе каманды прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў і эрудыцыі, — расказала метадыст абласнога Цэнтра творчасці Таццяна Місюрэвіч.
Добрая падрыхтоўка ўдзельнікаў была адпаведна адзначана журы. Па выніках фестывалю дваццаць чатыры прызавыя дыпломы знайшлі сваіх уладальнікаў. Што наконт пераможцаў, то лідары ў абедзвюх узроставых катэгорыях вызначыліся адразу. Так, каманда Ліцэя БДУ стала лепшай у гульнях “Што? Дзе? Калі?”, “Музычны дуатлон” і “Кубік сяброўства”. Сваё першынство мінчане саступілі толькі падчас “Брэйн-рынга”, дзе перамаглі навучэнцы Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. А вось сярод ювеналаў, ці школьнікаў 5—9 класаў, самымі эрудзіраванымі ва ўсіх гульнях былі прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Галоўны прыз фестывалю “Кубак сяброўства” забрала з сабой у Мінск каманда “Грышкаў парк” з Ліцэя БДУ.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным Цэнтрам творчасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *