У стане настаўніка-метадыста

- 12:16Рознае, Якасць адукацыі

Лілія Станіславаўна Арыстава ў педагогіцы больш за 20 гадоў. Пачынала працаваць настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 4 Рэчыцы, якую сама некалі і скончыла. Апошнія гады працуе ў Рэчыцкім раённым ліцэі. Мае вопыт выкладання ў звычайных базавых класах і профільных. Кваліфікацыю настаўніка-метадыста атрымала два гады назад і ўвесь гэты час праводзіць майстар-класы для калег рэгіёна і рэспублікі.

Лілія Станіславаўна дае майстар-класы па арганізацыі даследчай дзейнасці школьнікаў. За дзесяць гадоў працы ў ліцэі яна назапасіла багаты вопыт у гэтай галіне. Вучні настаўніцы выступалі не толькі на Рэчыцкай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў, але і на абласной канферэнцыі “Пошук”, якая, дарэчы, зарадзілася менавіта ў рэчыцкім ліцэі. Цяпер настаўніца з’яўляецца членам журы на гэтай канферэнцыі.

Акрамя таго, выхаванцы Ліліі Станіславаўны станавіліся ўдзельнікамі і пераможцамі расійскіх навукова-практычных канферэнцый школьнікаў. Ім пакарыліся Калмагораўскія чытанні і Бранская міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Статус настаўніка-метадыста дазволіў Ліліі Станіславаўне быць экспертам работ школьнікаў на канферэнцыі ў Бранску. У выніку яна стала не толькі ўдзельнікам, а і членам экспертнай камісіі.

Кожны вучань Ліліі Станіславаўны імкнецца паўдзельнічаць у даследчай дзейнасці. Пра тое, чаму так адбываецца, яна ахвотна гаворыць са сваімі калегамі. Напэўна, самае балючае пытанне ў гэтай сферы — як знайсці прыдатную тэму для даследавання. Але і тут у настаўніцы ёсць свае падыходы.

Дзеці ў ліцэй прыходзяць на два гады. Знайсці сваю тэму, ды яшчэ і развіць яе да навуковага даследавання не так проста. Лілія Станіславаўна са сваімі наваспечанымі ліцэістамі сустракаецца адразу. Першы класны сход яна праводзіць яшчэ ў чэрвені. Ён праходзіць у рознай форме і праводзіцца асобна для дзяцей і асобна для бацькоў.

“Калі гаварыць пра той клас, які ў мяне цяпер, то на першым сходзе яны адвольна падзяліліся на тры групы, атрымалі заданні, а затым адны расказвалі, другія думалі над іншымі формамі самапрэзентацыі, трэція клеілі вялікі рэкламны шчыт. Пакуль яны гэта рабілі, у суседнім кабінеце я працавала з бацькамі, якія адказвалі на мае пытанні, дзяліліся сваімі чаканнямі. Калі наша знаёмства закончылася, я папрасіла зайсці ў кабінет дзяцей і прэзентаваць сябе. Уважліва назірала за ўсімі і слухала пра тое, чым наваспечаныя ліцэісты захапляюцца, што ўвогуле сабой уяўляюць. Тэмы даследавання нараджаюцца падчас такіх сустрэч.

У мяне ёсць вучаніца з прозвішчам Карчэўская — гэта польскае прозвішча. У Рэчыцы касцёл пабудаваў паляк — Іосіф Дзяконскі. Мы задаліся пытаннямі, што гэта быў за чалавек, дзе нарадзіўся, вучыўся, працаваў… Вось так прозвішча стала зачэпкай для даследавання.

Матэматыкі-алімпіяднікі неяк спыталі ў мяне, якая бывае матэматыка. І я ім гавару: “Матэматыка можа быць трапічнай. Што гэта такое?” Вось вам яшчэ адна тэма для даследавання. Камусьці цікавымі сталі геаметрычныя целы, а нехта захапіўся сувяззю матэматыкі і касцюма. Тэма нараджаецца з цікавасці дзяцей. Калі ёсць пытанне, мы стараемся яго развіваць. А калі няма, то да мяне падыходзяць навучэнцы і гавораць: “Вось вы з усімі займаецеся. Мы таксама хочам”. У выніку нядаўна тры такія хлопцы зрабілі квест “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, які хутка будзем прэзентаваць”, — падзялілася настаўніца.

Пра ўсё гэта Лілія Станіславаўна расказвае на сваіх майстар-класах па арганізацыі даследчай дзейнасці. Па яе меркаванні, настаўнікаў, як і вучняў, можна зматываваць. Яны ж учарашнія дзеці, але па-ранейшаму вельмі цікаўныя людзі. Слухаючы Лілію Станіславаўну, педагогі праводзяць паралелі на сябе і сваіх вучняў, сярод якіх таксама нямала тых, хто задае пытанні. Пасля прафесійных зносін з Ліліяй Станіславаўнай яны крыху па-іншаму глядзяць на сваіх навучэнцаў, пачынаюць прыглядацца і прыслухоўвацца. А калі сумняваюцца, то пішуць пра гэта Ліліі Станіславаўне, каб параіцца. Яна нікому не адмаўляе, уважліва ставячыся да кожнага пісьма.

Разам з тым настаўнік-метадыст не толькі стымулюе сваіх калег да пошуку новых і цікавых тэм. Яна прапаноўвае і свае. Іншым разам, каб падштурхнуць да дзейнасці, трэба прапанаваць канкрэтную ідэю. Некалі на майстар-класе Ліліі Станіславаўны Арыставай прысутнічала настаўніца хіміі і біялогіі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена Яўгенаўна Гарбар.

Алене Яўгенаўне спадабалася ідэя для даследавання, якую прапанавала калега. За аснову былі ўзяты гузікі. Даследаванне перарасло ў цэлы праект, падчас рэалізацыі якога Алена Яўгенаўна разам са сваімі тады яшчэ шасцікласнікамі вывучала гузікі, якія знайшліся ў бабуліных куфэрках, тыя, пра якія спявалі, якія сустракаліся на карцінах. Яны ўважліва паставіліся да гісторыі паходжання гэтага аксесуара, засяродзіліся на мастацкіх творах, дзе гузікам удзялялася пэўная ўвага.

“Вельмі прыемна, калі твае ідэі знаходзяць працяг і рэалізуюцца ў калег з розных школ краіны. Увогуле, на майстар-класах па арганізацыі школьных даследаванняў шмат часу прысвячаю тым правілам, якіх трэба прытрымлівацца на той ці іншай канферэнцыі. Гэта вельмі важна, бо калі даследаванне выканана па правілах, то з ім можна смела ўдзельнічаць у канферэнцыі. Не трэба баяцца. Можна заяўляць пра сябе адразу на некалькіх канферэнцыях.

Я так са сваімі навучэнцамі і рабіла. Мы пасылалі свае работы на канферэнцыю ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (у якой, дарэчы, цяпер прымаем удзел пастаянна), у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Нават калі вас не запросяць, а проста прышлюць рэцэнзію, гэта добра, бо ў ёй будзе інфармацыя пра вашы недапрацоўкі і памылкі”, — адзначыла Лілія Станіславаўна.

* * *

Другі напрамак, які на сваіх семінарах і майстар-класах развівае настаўніца, — гэта інтэрактыўныя формы работы з вучнямі. “Сёння, каб матываваць вучня, трэба, каб настаўнік мог выкарыстоўваць розныя формы навучання. У сувязі з гэтым настаўнікам цікавы не толькі актыўныя формы, але і інтэрактыўныя. Я з вучнямі працую ў тым ліку і ў рэжыме дыстанцыйнага (мабільнага) навучання, таму настаўнікам на майстар-класах паказваю, што такое інтэрактыўны настаўнік.

Гэта педагог, які не толькі прапаноўвае на ўроку розныя формы, па-іншаму рассаджвае дзяцей, перастаўляе мэблю, дзеліць вучняў на групы. Такі настаўнік паказвае, як падчас урока можна прымяняць сучасныя мабільныя прыстасаванні: як счытваецца QR-код, як запускаецца Plickers.

І QR-код, і Plickers вельмі лёгка ўстанаўліваюцца і зручныя ў выкарыстанні. Вы запускаеце заданні — і дзеці пасля выканання імгненна на экране свайго мабільнага прыстасавання бачаць адзнаку. Але ёсць катэгорыя дзяцей, у якіх няма такіх прыстасаванняў, ёсць настаўнікі, якія яшчэ не набылі сабе смартфоны-андроіды. Разам з тым ва ўсіх ёсць персанальныя камп’ютары, на якіх па спасылцы таксама можна плённа папрацаваць. Дарэчы, QR-коды не счытваюцца з мабільнага прыстасавання. З імі можна працаваць толькі па спасылцы з інтэрнэту на камп’ютары.

Свае ўрокі транслірую ў розныя гарады. Калегі выказваюць свае заўвагі, пажаданні, дзеляцца ўражаннямі. Так мы абменьваемся вопытам, меркаваннямі, выходзячы за межы сваёй установы і краіны, што вельмі важна для прафесійнага росту. Пра ўсё гэта гавару сваім слухачам. Адзінае — нельга дыстанцыйнае ці мабільнае навучанне паказаць без інтэрнэту, з якім у нас здараюцца праблемы. Выратоўвае кропка Wi-Fi, якую можна стварыць пры наяўнасці інтэрнэту ў тэлефоне”, — расказала Лілія Станіславаўна.

Настаўнік-метадыст засяроджваецца і на метадычных аспектах тлумачэння (падачы) матэрыялу ў межах адной тэмы. Лілія Станіславаўна ўваходзіць у творчую групу настаўнікаў матэматыкі рэспублікі. Члены гэтай групы распрацоўваюць тэмы, а затым дзеляцца сваім досведам з іншымі калегамі.

“Напрыклад, на сёння я распрацавала тэму “Паказальная функцыя”. Яна мной адпрацавана, як гаворыцца, “ад і да”. Я яе паказвала ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Цяпер сваімі напрацоўкамі магу дзяліцца з калегамі на ўзроўні рэспублікі. Дарэчы, члены нашай творчай групы гэта будуць рабіць 11 лістапада ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Пасля яны раз’едуцца па сваіх працоўных месцах і будуць дзяліцца далей. Падрыхтаваны раздатачны матэрыял як у электронным выглядзе, так і папяровым. Імкнуся найперш паказваць сваю практыку, тое, што раблю з дзецьмі на ўроках”, — працягвала настаўніца.

А на ўроках Ліліі Станіславаўны вельмі цікава. Яна заклапочана матывацыяй вучняў, таму ўвесь час прыдумвае нешта новае. Па-першае, у полі яе зроку ўвесь час знаходзяцца мабільныя прыстасаванні. Яны пастаянна з ліцэістамі, таму настаўніца гэта ўлічвае. Па-другое, навучэнцы практычна ніколі не ведаюць, што іх чакае на ўроку. Магчыма, іх падзеляць на групы, магчыма, працаваць давядзецца ў інтэрнэце, а магчыма, з электроннымі сшыткамі ці тымі ж QR-кодамі. Яшчэ ўрок можа быць перавернутым.

“Нядаўна ў 11 класе мы разглядалі ўсечаную піраміду. Заданне вучням было зададзена наперад. Яны працавалі дома: выконвалі заданні, глядзелі (загадзя падрыхтаваны мной) відэафрагмент, чыталі мае каментарыі, адказвалі на пытанні. У выніку на ўрок яны прыйшлі гатовымі ўключыцца ў работу, рашаць, ацэньваць адно аднаго, а я толькі назірала. Дзецям вельмі падабаецца ацэньваць і сябе, і сваіх таварышаў”, — расказала настаўніца.

Яшчэ Лілія Станіславаўна практыкуе інтэграваныя ўрокі. Напрыклад, праводзіла “Дзень Фібаначы”. Настаўніца расказвала вучням пра матэматычныя дасягненні Фібаначы, пра ролю лічбаў у законах мастацтва, архітэктуры, а на перапынках ужо самі ліцэісты распавядалі пра гісторыю жыцця навукоўца і яго адкрыцці. Педагог імкнецца зацікавіць навучэнцаў як формай работы, так і прымяненнем атрыманых ведаў на практыцы.

На сёння настаўнік-метадыст цікавіцца тым, як усе інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваць метадычна правільна. “Гэты аспект з пункту гледжання методыкі ў нас абсалютна не распрацаваны. Усе прыгожа гавораць пра ІКТ, пра электроннае, мабільнае навучанне, а тое, што сёння актуальнае электронна-мабільнае навучанне, гавораць вельмі мала. Напрыклад, у Расіі з такім навучаннем ужо актыўна працуюць.

У Санкт-Пецярбургу праходзіць выдатная канферэнцыя па электронна-адукацыйных рэсурсах, у якой я змагла паўдзельнічаць дыстанцыйна. Думаю, што ў наступным годзе адбудзецца вочны ўдзел. Неабходна вучыцца і назапашваць вопыт. Тут хачу заўважыць: нельга проста скапіраваць методыку, якую прымяняе калега. Яе неабходна пераламаць на сябе, свае магчымасці і вопыт.

У гэтым кантэксце хочацца звярнуцца і да яшчэ адной актуальнай праблемы нашай школы — гэта маладыя педагогі. Некалі мне мая свякроў, таксама настаўніца, гаварыла: “Усё тое, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце, спатрэбіцца тады, калі пачнеш задаваць пытанні сваім вопытным калегам. Атрымаецца нешта толькі тады, калі будзеш хадзіць за імі і вучыцца”. Маладога спецыяліста трэба так зацікавіць, каб яму захацелася застацца ў школе пасля двух гадоў адпрацоўкі. А для гэтага іх неабходна пастаянна збіраць, вучыць, паказваць, не баяцца прымяняць сваю творчасць. Тады маладыя будуць ведаць, што, каб нечаму навучыцца, трэба прыйсці на майстар-клас да вопытнага калегі, не саромецца, а папрасіць, каб паказалі алгарытм рашэння той ці іншай задачы.

Гэта задача метадычных аб’яднанняў, дзе павінны вучыць нявопытных настаўнікаў. Не чытаць ім даклады, а менавіта вучыць. Напрыклад, задачы на такую тэму рашаюцца так, а на іншую — інакш. Вось так яны сустракаюцца на выпускным экзамене, а так — на цэнтралізаваным тэсціраванні. Яны павінны іх прарашаць усімі спосабамі”, — заўважыла Лілія Станіславаўна.

Сама ж настаўніца ўвесь час працуе над сабой. Пастаянна быць новай і цікавай ёй дапамагаюць калегі. Напрыклад, метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Міхайлаўна Федаровіч, якая ацэньвае работу лектараў па рэйтынгу слухачоў; старшыня клуба “Крыштальны журавель”, настаўнік-метадыст, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Рамуальдаўна Клявец, якая адзначае, што кожны раз майстар-клас трэба праводзіць па-новаму. І, зразумела, калегі-паплечнікі з роднага ліцэя. Адміністрацыя ў Рэчыцкім раённым ліцэі вельмі прагрэсіўная. А напрыканцы нашай размовы Лілія Станіславаўна адзначыла, што ёй падабаецца стан настаўніка-метадыста. Ёй падабаецца назапашваць і аддаваць, тым больш, калі бяруць з удзячнасцю і растуць самі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.